25 красавiка 2024, Чацвер, 3:18
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Хочацца ўжо жыць добра»

«Хочацца ўжо жыць добра»
ФОТА: ЛЮДМІЛА СЦЯЦКО

З якім настроем галасуюць жыхары Баранавічаў.

Выбарчая кампанія ў выбарах прэзідэнта Беларусі выйшла на фінішную прамую: 9 жніўня - асноўны і апошні дзень галасавання. Карэспандэнтка intex-press прыйшла да адкрыцця выбарчага ўчастку №69 і правяла на ім некалькі гадзін, каб даведацца, як праходзіць галасаванне, з якім настроем жыхары Баранавічаў ідуць на выбары і чаго ад іх чакаюць.

«Хочацца ўжо жыць добра»

Ля ўваходу ў дзіцячы садок, дзе размяшчаецца ўчастак для галасавання №69, я была прыкладна а 7.40. Прыйшла крыху раней, бо спадзявалася трапіць на працэс апячатвання скрыні для галасавання. Аднак уваходныя дзверы былі зачыненыя (хоць, сапраўды памятаю, на парламенцкіх выбарах яны былі адчыненыя і мне ўдалося ўбачыць, як апячатваюць скрыню). Заставалася толькі чакаць.

Прыкладна а 7.50 нас каля дзвярэй выбарчага ўчастка стала двое: да мяне далучыўся мужчына ў форме работніка чыгункі. Разгаварыліся. Выявілася, Віталь Гардзейка (так назваўся мой суразмоўца) прыйшоў так рана на выбарчы ўчастак, каб прагаласаваць за перамены.

- Я хачу зменаў да лепшага. Чакаю іх, як і ўсе, думаю. У мяне няма ніякіх пратэстных настрояў, проста за 26 гадоў адна каша надакучыла, як гаворыцца ў народзе. Маім бабулям-дзядулям казалі, што будзем жыць добра. Маме з татам казалі. Мне ўжо 47 гадоў, і я зноў чую тыя ж абяцанні. А так ужо хочацца напраўду жыць добра! - кажа Віталь.

Са слоў Віталя, ад свайго кандыдата ён чакае толькі аднаго - новых выбараў.

- Тады, думаю, з'явяцца і добрыя палітыкі, і добрыя эканамісты. І будзе ў нас выбар. А так у нас выбару проста няма, - рэзюмаваў ён.

Упершыню з 1994 гола прыйшоў на прэзідэнцкія выбары

Звычайна ў асноўны дзень галасавання першыя дзве гадзіны працы ўчастка адносна спакойныя. Аднак сёлета з самай раніцы людзі ішлі практычна бясконцай плынню. Многія - сем'ямі. Так што нават падлічыць іх было праблематычна. Здаралася, што ў памяшканні магло сабрацца да 15 чалавек адначасова!

Большасць выбарнікаў, з якімі ўдалося пагутарыць журналістам, ішлі на выбары з надзеяй на перамены. Хтосьці з іх быў з белымі бранзалетамі, хтосьці без іх. Але мяркуючы па гуках засавак камеры тэлефона ў кабінках, свае бюлетэні фатаграфавалі многія.

- Я заўсёды хадзіла на выбары, але заўсёды галасавала супраць усіх. А гэтым разам мы чакалі выбараў, мы былі настроены нешта мяняць. Таму што мы хочам, каб нашы дзеці жылі лепш. Каб нават калі будзе дрэнна, мы маглі праз пару гадоў абраць новага прэзідэнта, - сказала Наталля Шмат, якая прыйшла на ўчастак разам з мужам.

Прычыны, праз якія людзі прыйшлі галасаваць за перамены, у кожнага былі свае. Гараджанін Аляксандр Якімчук, да прыкладу, не задаволены пенсійнай рэформай. Настолькі, што ўпершыню з 1994 года ён прыйшоў на прэзідэнцкія выбары.

- Мне 58 гадоў, я заняты фізічнай працай, і я не хачу ісці на пенсію ў 65 гадоў, - сказаў ён.

Віталь, які прыйшоў на выбарчы ўчастак разам з жонкай, хоча не толькі пераменаў, але і сумленнага падліку галасоў.

- Уся наша сям'я, сябры і асяроддзе - мы ўсе хочам пераменаў. Я разумею, што іх можа не быць сёння. Некаторыя мяне нават пыталіся, навошта я іду на гэтыя выбары. Але я хачу быць упэўнены ў тым, што ўсё, што было ў маіх сілах зрабіць законна, я зрабіў. І калі незалежны падлік галасоў пакажа, што нас было менш, я пагаджуся. Проста хочацца, каб усё было сумленна, - адзначыў ён.

А гараджанка Ірына прыйшла па змены не столькі для сябе, колькі для сваіх дзяцей.

- Пераменаў хочацца ўсё ж. Для сябе можа ўжо і не асабліва, але хацелася б лепшага жыцця для дзяцей і ўнукаў. Мне шкада моладзь, што ім нават жыллё сёння складана пабудаваць, - сказала яна.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках