24 красавiка 2024, Серада, 16:32
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Памёр вядомы беларускі блюзавы спявак Генек Лоска

4
Памёр вядомы беларускі блюзавы спявак Генек Лоска
ГЕНЕК ЛОСКА. КРЫНІЦА: АСАБІСТЫ АРХІЎ

Сапраўдная вядомасць прыйшла да 45-гадовага музыкі, калі ён перамог у польскім «X Factor».

45-гадовы музыка з траўня 2018 года ляжаў паралізаваны пасля інсульту ў кватэры сваёй маці ў горадзе Белаазёрск, паведамляе «Белсат».

Інсульт быў наступствам траўмы галавы, якую Лоска атрымаў пасля падзення з лесвіцы ў 1999 годзе. У той час Генек перанёс некалькі аперацый у польскіх шпіталях. Таксама ён прайшоў вялікі курс рэабілітацыі пасля мікраінсульта ў 2016 годзе. У пачатку траўня 2018 года Лоска прыехаў з Польшчы ў родны горад, каб наведаць сваю маці, і 5 траўня ў яго здарылася новае кровазліццё ў мозг.

Генадзь Лоска нарадзіўся 8 студзеня 1975 года ў горадзе Белаазёрск Бярозаўскага раёна Берасцейскай вобласці. У родным горадзе ён скончыў музычную школу. Сваю рок-кар'еру пачаў у Горадні, куды паступіў вучыцца ў культасветвучэльню (сёння - Гарадзенскі дзяржаўны каледж мастацтваў). Тут ён са сваім сябрам і гітарыстам Андрэем Макарэвічам стварыў хард-блюзавы гурт «SEVEN B», які за кароткі час стаў вельмі папулярным. У 1992 годзе гурт ездзіў на фэст «Басовішча», пасля якога трое музыкаў, у тым ліку і Лоска з Макарэвічам, вырашылі застацца ў Польшчы. Зараблялі грошы тым, што гралі і спявалі на вуліцах польскіх гарадоў.

Гурт паспеў запісаць некалькі альбомаў, а таксама паўдзельнічаў ва ўсіх вядомых польскіх рок-фэстах.

Сапраўдная вядомасць прыйшла да Генека Лоскі, калі ён перамог у першым сезоне знакамітага польскага музычнага конкурсу «X Factor».

Музыка атрымаў грашовы прыз і магчымасць запісаць альбом на адной з варшаўскіх музычных студый са сваім новым рок-блюзавым гуртам «GIENEK LOSKA BAND». Неўзабаве альбом пад назвай «Hazardzista» набыў статус залатога.

Ва Уроцлаве ў Генека засталіся жонка і дачка, а ў Белаазёрску - маці.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках