28 сакавiка 2024, Чацвер, 19:46
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«І ў судзе выгукну «Жыве Беларусь!»

6
«І ў судзе выгукну «Жыве Беларусь!»
фота: svaboda.org

Гісторыя адстаўнога афіцэра, які выходзіць на пратэсты.

У Магілёве за ўдзел у акцыях пратэсту супраць вынікаў выбараў і гвалту сілавікоў трапіў пад адміністрацыйны перасьлед 64-гадовы вэтэран Вайскова-марскога флёту Аляксандар Страх.

16 жніўня Ленінскі суд Магілёва пакараў пэнсіянэра за ўдзел у Маршы міру штрафам у 270 рублёў. У гэты жа дзень маёра ў адстаўцы позваю выклікалі ў міліцыю па другой адміністрацыйнай справе. Цяпер яго вінавацяць ва ўдзеле ў Маршы адзінства. Вэтэрану ВМФ пагражае арышт, але адмаўляцца ад удзелу ў пратэстах ён не зьбіраецца, паведамляе «Радыё Свабода».

Пра Аляксандра Страха

Мае вышэйшую адукацыю. Скончыў у Менску Інстытут народнай гаспадаркі.

У Вайскова-марскім флёце адслужыў 20 гадоў. Пабываў у марской пяхоце, удзельнічаў у падрыхтоўцы палігона для выпрабаваньня ядзернай зброі на астравах Новая Зямля, рыхтаваў да выхаду ў мора падводныя лодкі.

У 1993 годзе вярнуўся на радзіму і служыў у беларускім войску. У адстаўку сышоў у 1999-м.

Цяпер на пэнсіі. Рэгулярна выяжджае на заробкі ў Польшчу. Калі пачалася выбарчая кампанія, узяў адпачынак, каб дапамагчы сябрам яе правесьці.

Мае дарослых дачку і сына. Піша вершы. Цяпер працуе над творам, прысьвечаным дзяўчатам, якія пратэстуюць супраць гвалту.

«Трэба вяртаць у Беларусь закон»

Аляксандар Страх на пратэсты ў Магілёве прыходзіць пастаянна ў форме марскога афіцэра, што выклікае захапленьне прыхільнікаў пераменаў. Зь ім фатаграфуюцца, бяруць у яго інтэрвію. Сам ён на маршах не маўчыць. Калі пратэстоўцы не наважваюцца праяўляць актыўнасьць, бо асьцерагаюцца гвалту міліцыі, Страх бярэ ініцыятыву ў свае рукі. Пэнсіянэр выгуквае «Жыве Беларусь», чым падахвочвае людзей гуртавацца.

«На пратэсты, — тлумачыць ён, — прыходжу, каб падтрымаць моладзь, яе імкненьне жыць у сумленнай і справядлівай краіне, дзе пануе аднолькавы для ўсіх грамадзян закон».

фота: svaboda.org

Аляксандар Страх кажа, што пратэставаць выходзіць у мундзіры, каб прыцягнуць увагу такіх жа, як ён, афіцэраў-адстаўнікоў. Ён хоча, каб яны таксама ўзяліся бараніць будучыню Беларусі «ад хлусьні дзейнай улады, якую ачольвае Лукашэнка, а за гвалт адказвае міністар унутраных спраў і тыя, хто яго пакрывае». Паводле вэтэрана, цяпер краіна захлынаецца ў беззаконьні.

«Трэба вяртаць у Беларусь законы, бо мы ўсё ж знаходзімся ў Эўропе, для якой правы чалавека — фундамэнтальнае права», — кажа ён.

«Хто забараніў беларусам выходзіць на вуліцы?»

16 верасьня Аляксандра Страха судзілі за ўдзел у Маршы міру, які адбыўся ў апошнюю нядзелю жніўня. На разгляд справы ён таксама прыйшоў у кіцелі.

фота: svaboda.org

На працэс, які вяла судзьдзя Аксана Ратнікава, ён прасіў выклікаць сьведкамі старшыню Магілёўскага гарвыканкаму, камандзіра мясцовага АМАПу ды начальніка Ленінскага аддзелу міліцыі. Службоўцы павінны былі б патлумачыць, чаму мірныя людзі ня могуць сабрацца разам і выказаць сваё бачаньне сытуацыі ў краіне. Ён даводзіў, што гараджане выклікалі кіраўніка гораду на гутарку, але той «уцёк з будынку адміністрацыі праз чорны ўваход».

Паводле матэрыялаў справы, Аляксандар Страх быў актыўным удзельнікам несанкцыянаванага шэсьця, на якім размахваў рукой і «выказваў незадаволенасьць праведзенымі 9 жніўня прэзыдэнцкімі выбарамі». Сваёй віны адстаўны афіцэр не прызнаў. Ён згадаў, як у 2017 годзе, калі яго судзілі за ўдзел у «Маршы дармаедаў», сьведка-амапавец параўнаў тых, хто выгукваў «Жыве Беларусь», з «нацыстамі».

«Я і цяпер гатовы выгукнуць „Жыве Беларусь“, бо жадаю сваёй радзіме толькі дабра», — эмацыйна казаў суду Аляксандар Страх.

«Няўжо забаронена хадзіць у нас па вуліцы? І хто забараніў? — пытаў ён судзьдзю. — Хіба было б лепей, каб людзі на шэсьці крычалі „Жыве подласьць ды мярзотнікі“? Людзі ішлі ў бел-чырвона-белай вопратцы, усьміхаліся і выгуквалі „Жыве Беларусь“».

фота: svaboda.org

Судзьдзя Ратнікава прызнала Страха вінаватым у парушэньні парадку арганізацыі і правядзеньня масавых мерапрыемстваў і аштрафавала яго на 10 базавых велічыняў. Абвінавачаны сустрэў прысуд воклічам «Жыве Беларусь». Вырак будзе абскарджваць.

«На пратэсты пачаў выходзіць пасьля гвалту сілавікоў»

Пасьля суду Аляксандар Страх назваў перасьлед прыхільнікаў пераменаў «гнуснай ды подлай справаю». Тое, што ў Магілёве пратэстоўцаў не хапаюць так, як у Менску, вайсковы пэнсіянэр зьвязвае з тым, што ў тутэйшай міліцыі нестае для гэтага сілаў, бо ўсё сьцягнута ў сталіцу.

«Але гвалт і ў нас быў у першыя дні пасьля выбараў, таму я і стаў выходзіць на акцыі пратэсту, — тлумачыць ён. — Як было б ціха, то і я б, можа, здалёк назіраў. Гвалт, які чынілі людзі ў чорнай форме, мяне дужа ўзбударажыў, і мне давялося згадаць сваю моладзевую актыўнасьць».

фота: svaboda.org

Аляксандар Страх адчувае, што за час пратэстаў ён стаў прыкметнай постацьцю. Суразмоўца прызнаецца, што зь вядомасьцю сутыкаецца не ўпершыню. У ягоным архіве шмат лістоў падзякі ад кіраўніцтва тых частак, дзе яму даводзілася служыць.

«Як мая прысутнасьць дадае сьмеласьці пратэстоўцам, асабліва маладым, дык я толькі рады за гэта, — падсумоўвае ён. — Яны наша будучыня, ім будаваць новую Беларусь».

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках