16 красавiка 2024, aўторак, 21:39
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Штучныя антыцелы – эфектыўныя лекі ад COVID-19

1
Штучныя антыцелы – эфектыўныя лекі ад COVID-19

У паспяховых выпрабаваннях узялі ўдзел першыя 450 чалавек.

Сённяшні дзень стаў важным момантам поспеху для класа лекаў, якія могуць стаць эфектыўным інструментам барацьбы супраць пандэміі каранавіруса яшчэ да з'яўлення вакцыны. Гаворка ідзе пра монакланальныя антыцелы. Гэта штучная версія тых жа антыцелаў, якія чалавечае цела выпрацоўвае для барацьбы з інфекцыяй.

Як піша Science (пераклад - unian.net) кампанія Eli Lilly апублікавала справаздачу аб прамежкавых выпрабаваннях свайго прэпарата на аснове кланаваных антыцелаў, узятых з крыві пацыента, які ачуняў ад COVID-19.

Кантроль даследаванняў праводзіўся з дапамогай плацэба. У чэрвені кампанія пачала даследаванні на добраахвотніках альбо з плацэба, альбо з адной з трох розных доз штучных антыцелаў пад назвай LY-CoV555.

Усяго ў выпрабаваннях узялі ўдзел 452 пацыенты з мяккімі або сярэднімі сімптомамі, у якіх выявілі каранавірус SARS-CoV-2 за тры дні да пачатку тэстаў. Ніхто з іх не быў шпіталізаваны.

Толькі 5 з 302 пацыентаў (або 1,7%), якія атрымлівалі лекі на аснове антыцелаў, усё ж патрапілі ў лякарню. З групы з 150 чалавек, якая ўжывала плацэба, шпіталізацыя спатрэбілася 9 (6%).

Гэта азначае, што прэпарат скараціў рызыку радыкальнага абвастрэння хваробы на 72%. У справаздачы кампаніі-распрацоўніцы паказана, што сур'ёзных пабочных эфектаў выяўлена не было.

«Паколькі гэта першыя клінічныя звесткі аб нейтралізуючых антыцелах, я ўважаю вынікі за даволі абнадзейлівыя. Праблем з бяспекай не было. А прыкметы эфектыўнасці, хоць і не канчатковыя, але былі зафіксаваныя», - сказаў кардыёлаг Эрык Тапол, які кіруе Scripps Research Translational Institute.

Ён дадаў, што на такі клас лекаў ускладаюцца вялікія надзеі. Бо яны маглі б дапамагчы не дапускаць заражэння, лячыць пацыентаў на ранняй стадыі ці ж прадухіляць пачатак цяжкай формы захворвання. Большасць з тых, хто падчас выпрабаванняў усё ж трапіў у лякарню, былі людзьмі сталага веку ці пакутавалі ад залішняй вагі.

Галоўны навуковы кіраўнік кампаніі Eli Lilly Дэніэл Скаўронскі сказаў Wall Street Journal, што гэтыя фактары рызыкі могуць стаць вызначальнымі ў працэсе вызначэння, хто павінен атрымаць антыцелы ў першую чаргу ў выпадку абмежаванага доступу да іх.

Пры гэтым ён таксама дадаў, што Управа харчавання і медыкаментаў ЗША ўжо ўхваліла антыцелы.

Цікава тое, што толькі сярэдняя доза антыцелаў дасягнула галоўнай мэты выпрабаванняў, а менавіта значнага скарачэння прысутнасці каранавіруса ў крыві пацыентаў праз 11 дзён. Меншыя і вялікія дозы не паказалі такога выніку.

Хоць звычайна біялагічны эфект лекаў узмацняецца з павелічэннем дазіроўкі. Таму той факт, што вялікая доза прэпарата не дасягнула мэты, дае падставы меркаваць, што вынік сярэдняй дозы мог быць выпадковым.

Таксама экспэрты скептычна ацэньваюць розніцу ўзроўню шпіталізацыі паміж пацыентамі, якiя ўжывалі плацэба і антыцелы. Яны дапускаюць, што яна не была статыстычна значнай. Аднак, Скаўронскі ўжо заявіў, што ягоная кампанія хоча дамовіцца з уладамі ЗША аб дазволе на экстранае выкарыстанне штучных антыцелаў.

Тым часам Eli Lilly прадаўжае праводзіць выпрабаванні сваёй распрацоўкі. На наступным этапе ў іх возьмуць удзел 800 пацыентаў. Акрамя таго, будзе выкарыстаны іншы выгляд штучных антыцелаў пад назвай LY-CoV016, які рэагуе на іншы бялок у шыпах каранавіруса.

Кампанія Regeneron Pharmaceuticals таксама стварыла пару штучных антыцелаў супраць каранавіруса. Вынікі іх выпрабаванняў будуць апублікаваныя пазней у гэтым месяцы. «Монакланальныя антыцелы - гэта наш найлепшы шанец у кароткатэрміновай перспектыве на магчымасць праводзіць магутнае медыцынскае ўмяшанне. Хоць іх маштабная вытворчасць будзе складанай, а сам прэпарат, хутчэй за ўсё, будзе дарагім», - сказаў Тапол.

Штучныя антыцелы супраць каранавіруса: што пра іх вядома?

Выданне Science пісала, што штучныя антыцелы змогуць лячыць ад COVID-19 яшчэ да з'яўлення вакцыны.

Яны могуць даваць імгненнае ўзмацненне імунітэту супраць каранавіруса.

Яшчэ ў траўні кампаніі Eli Lilly і AbCellera пачалі першыя выпрабаванні сваіх монакланальных антыцелаў, спрабуючы, перш за ўсё, высветліць, ці будуць яны бяспечнымі для людзей.

А кампаніі Junshi Biosciences і Regeneron ствараюць уласныя кактэйлі з трох відаў монакланальных антыцелаў, якія здольныя змагацца з Эбола.

У жніўні AstraZeneca пачаліся выпрабаванні ўласнага прэпарата пад назвай AZD7442. Ён заснаваны на спалучэнні двух відаў монакланальных антыцелаў. У кампаніі разлічваюць, што распрацоўка зможа быць як сродкам для лячэння ўжо захварэлых, так і вакцынай.

Экспэрты прагназавалі, што лекі на аснове штучных антыцелаў могуць з'явіцца ў лістападзе ці снежні. Праблема такіх прэпаратаў толькі ў тым, што іх вытворчасць патрабуе складаных лабараторных умоў.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках