20 красавiка 2024, Субота, 2:22
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Спальваць ЗВР доўга не атрымаецца

11
Спальваць ЗВР доўга не атрымаецца

Што чакае лукашэнкаўскую эканоміку?

Толькі за жнівень 2020 года золатавалютныя рэзервы краіны скараціліся на $1,4 млрд, або прыкладна на 16%, амаль дасягнуўшы рысы, устаноўленай уладамі на канец года, паведамляе «Белсат».

14 верасня ў Сочы Аляксандр Лукашэнка дамовіўся з Уладзімірам Пуціным аб выдзяленні Беларусі гістарычнага крэдыту ў суме $1,5 млрд. Але на колькі выстарчыць тых сродкаў і ці дапамогуць яны ўтрымаць эканамічную сітуацыю ў краіне? Пра гэта мы распыталі эканамістаў.

Не адзін крэдыт, а тры

Міністр фінансаў РФ Антон Сілуянаў паведаміў, што Расея плануе выдаць Беларусі крэдыт на $500 млн сёлета і яшчэ адзін такі ж крэдыт у 2021 годзе. Акрамя гэтага, Расея ініцыюе выдзяленне Беларусі валютнага крэдыту на $500 млн праз Еўразійскі фонд стабілізацыі ды развіцця (ЕФСР) сёлета.

Такім чынам, да канца 2020 года Беларусь атрымае толькі $1 млрд, а яшчэ $500 млн - у надыходзячым годзе, паведамляе РБК.

Са слоў міністра, крэдыт ад ЕФСР будзе намінаваны ў далярах, а сродкі ад Расеі паступяць у рублях.

Канкрэтны тэрмін крэдытаў для Беларусі міністр не назваў, але «раней выплата крэдытаў агулам складала дзесяць гадоў, і Расея будзе кіравацца гэтымі тэрмінамі».

Пры гэтым Беларусі ставіцца ўмова: не дапускаць пратэрміновак у двухбаковых пазыках, а таксама ў абавязацельствах перад расейскімі кампаніямі з дзяржаўным удзелам. Аб саступках з боку Менска Сілуянаў не паведаміў.

Аднак Аляксандр Лукашэнка 16 верасня заявіў, што расейскі крэдыт на $1,5 млрд часткова пойдзе на рэфінансаванне запазычанасці Беларусі.

«Павінен вам сказаць, што гэта было маё патрабаванне. І прэм'ер, і міністр фінансаў мне прапанавалі выплаціць гэты крэдыт - сёлета мы мільярд павінны ім па старым нашым абавязку вярнуць», - сказаў ён.

Крэдыту ўжо няма

Аналітык даследчай групы BusinessForecast.by Аляксандр Муха распавёў, што з улікам такога маштабнага адтоку валютных дэпазітаў з банкаўскага сектара ў жніўні і ў верасні ды з улікам даволі напружанага графіку выплат за валютную пазыку Беларусі, расейскія крэдыты – гэта не такія ўжо і вялікія грошы, і яны могуць досыць хутка скончыцца.

Беларусь павінна выплаціць амаль $20 млрд

Паводле звестак Міністэрства фінансаў Беларусі, графік выплаты дзяржаўнай запазычанасці Беларуссю на 31 сакавіка 2020 года выглядае наступным чынам:

2020 г - $3,421 млрд;

2021 г - $3,235 млрд;

2022 г – $3,565 млрд;

2023 г - $3,843 млрд;

2024 г - $3,061 млрд;

2025 г – $2,645 млрд.

Гэта значыць, да канца 2025 года Беларусь павінна выплаціць $19,77 млрд.

Як адзначыў Аляксандр Муха, у гэтай сітуацыі доступ Беларусі да міжнародных фінансавых рынкаў і крэдытаў міжнародных фінансавых арганізацый прыкметна ўскладніўся. Існуе рызыка, што Расея можа стаць адзіным замежным крэдыторам Беларусі, праз што крэдытная залежнасць ад РФ і падкантрольнага ёй Еўразійскага фонду стабілізацыі і развіцця можа істотна ўзмацніцца. Менск і так завінаваціўся ім ужо больш за $10 млрд, і гэта без уліку новага крэдыту.

Рэзерваў вельмі мала

Аляксандр Муха адзначыў, што скарачаецца перш за ўсё найбольш ліквідная частка ЗВР – рэзервы ў замежнай валюце. Яны знізіліся на 1 верасня да $3,21 млрд. Экспэрт нагадаў, што на 1 снежня 2014 года, калі ў Беларусі здарыўся чарговы валютны крызіс, рэзервовыя актывы ў замежнай валюце складалі $3,712 млрд. Пры гэтым за апошнія гады істотна вырасла дзяржаўная запазычанасць у замежнай валюце. Таму суадносіны валютных рэзерваў да валютнай дзярпазыкі пагоршыліся.

«Гэта ўсё сведчыць, што існы ўзровень актываў у замежнай валюце з'яўляецца вельмі нізкім і недастатковым», – заявіў эканаміст.

На ягоную думку, расейскія крэдыты нададуць падтрымку ЗВР і дадуць пэўную перадышку толькі пры ўмове, што паступяць у найбліжэйшыя часы, а кансультацыі паміж міністэрствамі фінансаў Беларусі ды Расеі не зацягнуцца.

Чвэрць беларускіх прадпрыемстваў - банкруты

Аляксандр Муха нагадаў, што дастаткова моцна выраслі не толькі запазычанасці дзяржавы, але і дзяржаўных арганізацый і банкаў, якія таксама маюць пэўны дэфіцыт валютнай ліквіднасці. Таму, мяркуе ён, дзяржава будзе вымушаная надаваць пэўную падтрымку і ім.

Амаль тры рублі за даляр

Чакаюць экспэрты і далейшага падзення курсу беларускага рубля. Аляксандр Муха адзначыў, што ў жніўні ўлады падтрымалі валютны курс за кошт «спальвання» валютных рэзерваў, але «гэты працэс таксама не бясконцы». Цяпер, на ягоную думку, ЗВР будуць больш прызначаныя для выплаты і абслугоўвання валютных абавязкаў дзяржавы.

«Калі надалей так спальваць істотныя аб'ёмы ЗВР для падтрымання абменнага курсу, то ўрад Беларусі можа сутыкнуцца з пэўнымі цяжкасцямі пры выкананні сваіх валютных абавязкаў», - заявіў ён.

Разам з тым, на ягоную думку, уладам давядзецца выбіраць паміж дзвюх бед. Бо калі Нацбанк паменшыць умяшанне на валютнай біржы, гэта можа паскорыць дэвальвацыю курсу беларускага рубля, а калі спыніць, дэвальвацыя рубля можа скласці як мінімум 10% да дзейных паказчыкаў – блізу Br 2,85 за $1.

«Відавочна, гэта можа пацягнуць падаражанне імпарту, павышэнне інфляцыі і рост дэвальвацыйных чаканняў, справакаваўшы попыт на замежную валюту, які падтрымлівае сам сябе», – падкрэсліў экспэрт.

Таксама, на ягоную думку, многае будзе залежаць ад таго, як моцна Нацбанк будзе абмяжоўваць наданне рублёвай ліквіднасці банкам. Калі ён будзе рабіць гэта надзвычай жорстка, то гэта можа ўдарыць па банках. Цяпер, адзначыў Аляксандр Муха, у банкаўскім сектары захоўваецца дэфіцыт рублёвай ліквіднасці, што можа перашкодзіць ім выконваць абавязкі перад сваімі фундатарамі.

Эканоміка залежыць ад палітыкі

Аляксандр Муха падкрэсліў, што дагэтуль застаецца не развязанай першапрычына праблем на валютным і банкаўскім рынку.

«А першапрычына - гэта востры палітычны крызіс і сур'ёзная палітычная нявызначанасць у краіне, якая ўзнікла на гэтым фоне. Сёлета можна чакаць такіх негатыўных тэндэнцый, як адток сродкаў з банкаўскага сектара, канвертацыі рублёвых дэпазітаў у валютныя ўклады і пагаршэння тэрміновай структуры ўкладаў. Вельмі моцна знізіцца патрэба ў неадзываных укладах», - адзначыў экспэрт.

На ягоную думку, абвастрэнне крызісу ў палітычнай сферы можа яшчэ больш негатыўна паўплываць на банкаўскую сістэму.

Напісаць каментар 11

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках