28 сакавiка 2024, Чацвер, 17:21
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Праваабаронцы прызналі палітвязнямі яшчэ 12 чалавек

Праваабаронцы прызналі палітвязнямі яшчэ 12 чалавек
ІЛЮСТРАЦЫЙНАЕ ФОТА: ТАСС

Яны патрабуюць неадкладна спыніць палітычныя рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян Беларусі.

Праваабарончыя арганізацыі Беларусі прызналі палітвязнямі яшчэ дванаццаць чалавек, абвінавачаных паводле крымінальнага артыкула аб масавых беспарадках, і ў супольнай заяве запатрабавалі іх вызвалення, піша сайт праваабарончага цэнтра «Вясна».

«У сувязі з інфармацыяй аб выстаўленні абвінавачванняў паводле артыкула 293 Крымінальнага кодэкса («Масавыя беспарадкі») Сяргею Капанцу, Дзянісу Кірэшчанку, Аляксею Караткову, Станіславу Міхайлаву, Алене Маўшук, Алегу Мазгову, Дэвіду Масціцкаму, Мікалаю Сасеву, Ігару Салаўю, Ягору Сугойдзю, Дзянісу Чыкалёву і Вячаславу Шэлямету, яшчэ раз пацвярджаючы пазіцыю, выкладзеную ў супольнай заяве праваабарончай супольнасці ад 10 жніўня 2020 года, адзначаем наступнае:

Свабода мірных сходаў гарантаваная артыкулам 21 Міжнароднага Пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах. Дадзеная свабода не падлягае ніякім абмежаванням, акрамя тых, што ўстаноўленыя законам і неабходныя ў дэмакратычных краінах у мэтах нацыянальнай і грамадскай бяспекі, грамадскага парадку, аховы здароўя і маральнасці насельніцтва ці абароны правоў і свабодаў іншых асобаў.

Выступы грамадзян насілі стыхійны, самаарганізаваны характар і былі выкліканыя недаверам да вынікаў выбараў, якія адбыліся 9 жніўня 2020 года, і праходзілі са шматлікімі парушэннямі і фальсіфікацыямі, не былі прызнаныя міжнароднай супольнасцю як дэмакратычныя, справядлівыя і свабодныя.

Сходы грамадзян насілі мірны характар і не ўяўлялі пагрозы ні нацыянальнай, ні грамадскай бяспецы. Нягледзячы на гэта дэманстранты былі атакаваныя спецпадраздзяленнямі МУС з непрапарцыйным ужываннем фізічнай сілы, спецсродкаў і зброі.

Упершыню ў гісторыі Беларусі ў дачыненні да мірных дэманстрантаў былі ўжытыя гумовыя кулі і вадамёты. Асабліва вялікая колькасць пашкоджанняў была атрыманая ад выкарыстання шумавых гранат.

Таксама ўважаем за неабходнае адзначыць, што дэманстранты не ўчынялі дзеянняў, якія ахопліваюцца дыспазіцыяй артыкула 293 КК і адпаведна не могуць кваліфікавацца, як масавыя беспарадкі. Удзельнікі пратэстаў не ўчынялі падпалаў, пагромаў, не знішчалі маёмасць і не надавалі збройнага супраціву праваахоўным органам.

Мы ацэньваем пераслед Сяргея Капанца, Дзяніса Кірэшчанкі, Аляксея Караткова, Станіслава Міхайлава, Алены Маўшук, Алега Мазгова, Дэвіда Масціцкага, Мікалая Сасева, Ігара Салаўя, Ягора Сугойдзя, Дзяніса Чыкалёва і Вячаслава Шэлямета, якія былі абвінавачаныя паводле арт.293 КК («Масавыя беспарадкі»), як палітычна матываваны пераслед у сувязі з рэалізацыяй імі свабоды мірных сходаў і выказвання свайго меркавання што да абвешчаных вынікаў і прызнаем іх палітычнымі вязнямі.

У сувязі з гэтым мы патрабуем ад уладаў Беларусі:

1. Неадкладна вызваліць з-пад варты палітвязняў Сяргея Капанца, Дзяніса Кірэшчанку, Аляксея Караткова, Станіслава Міхайлава, Алену Маўшук, Алега Мазгова, Дэвіда Масціцкага, Мікалая Сасева, Ігара Салаўя, Ягора Сугойдзя, Дзяніса Чыкалёва і Вячаслава Шэлямета і спыніць іх крымінальны пераслед.

2. Неадкладна вызваліць усіх палітычных зняволеных, а таксама грамадзян, затрыманых у сувязі з рэалізацыяй свабоды мірных сходаў у поствыбарчы перыяд і спыніць палітычныя рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян краіны».

Заяву падпісалі праваабарончы цэнтр «Вясна»; простае таварыства «Ініцыятыва FORB»; кансультацыйны цэнтр у актуальных міжнародных практыках і іх імплементацыі ў праве «Хьюман Канстанта»; РГА «Прававая ініцыятыва»; цэнтр прававой трансфармацыі Lawtrend; РПГА «Беларускі Хельсінскі камітэт»; Беларускі ПЭН-цэнтр; офіс правоў людзей з інваліднасцю; ініцыятыўная група «Ідэнтычнасць і права».

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках