19 красавiка 2024, Пятніца, 20:12
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Беларусі могуць няпланава вырасці кошты на бензін, алкаголь і цыгарэты

32
У Беларусі могуць няпланава вырасці кошты на бензін, алкаголь і цыгарэты

Міністэрстваў фінансаў хоча ўнесці змены ў Падатковы кодэкс: прапануецца павялічыць акцызы.

Міністэрства фінансаў апублікавала праект закона аб змене Падатковага кодэкса. Ён апублікаваны на сайце ведамства. У дадатках да яго пазначаны стаўкі акцызаў, у тым ліку на бензін, дызельнае паліва, цыгарэты і алкаголь. Акцыз - гэта падатак, які дзяржава ўсталёўвае на вытворчасць тавараў масавага спажывання, вытворца ўключае яго ў кошт тавараў (ці ў тарыф на паслугу), гэта значыць фактычна акцызы выплачваем мы з вамі. Калі закон прымуць, то стаўкі акцызаў павялічацца - на некаторыя пазіцыі адразу на 50%, піша kp.by.

Больш за іншых могуць падаражэць самыя танныя цыгарэты

Усе цыгарэты, якія прадаюцца ў Беларусі, падзеленыя па трох цэнавых катэгорыях, па кожнай з якіх вызначана канкрэтная стаўка акцызу.

Паводле дзейных сёння нарматываў, для цыгарэт першай цэнавай катэгорыі акцыз складае 24,9 рубля (стаўкi ўстанаўлiваюцца з разліку на 1000 цыгарэт), для другой - 62,77, для трэцяй - 71,97.

Калі ў Падатковы кодэкс унясуць прапанаваныя змены, то акцызы для ўсіх катэгорый цыгарэт павялічацца на аднолькавую суму - на 6 рублёў 23 капейкі. Але калі акцызы на цыгарэты другой і трэцяй катэгорый падаражэюць у працэнтных адносінах на 9,9% і 8,7% адпаведна, то па першай - больш чым на 25%. Выходзіць, больш за іншых могуць падаражэць менавіта самыя танныя маркі цыгарэт.

Падрастуць у кошце шампанскае і бензін

Акцыз на пладовыя мацаваныя марачныя віны (палепшанай якасці і спецыяльнай тэхналогіі) прапануецца павысіць на 4,8% да дзейных ставак, натуральныя віны (у тым ліку пеністыя, шампанскія, газаваныя і шыпучыя) - на 4,2%, на больш моцны алкаголь, з доляй этылавага спірту 7% і больш, акцыз прапануецца ўзняць на 4,8%.

Разлічыць, як могуць змяніцца ўслед за гэтым цэны на бутэльку віна ці шампанскага, цяжка: у канцэрне «Белдзяржхарчпрам» інфармацыю пра тое, якая доля ў кошце прыходзіцца на акцызы, даць не змаглі, спаслаўшыся на камерцыйную таямніцу.

А вось рост коштаў на паліва прыкладна падлічыць можна. Акцызы на аўтамабільны бензін плануецца падняць на 46 рублёў, а на дызельнае паліва - на 52 рублі. На пытанне аб тым, якая на сённяшні дзень доля акцызу ў цане паліва, у «Белнафтахіме» не змаглі адказаць. У 2016 годзе прэс-служба канцэрна заяўляла пра тое, што «доля акцызаў у цане аўтамабільнага паліва дасягае да 21%», а летась намеснік дырэктара Мазырскага НПЗ Сяргей Крот акрэсліў іншыя ліміты:

- У дзейных цэнах доля акцызу - 8 - 13%, астатняе прыпадае на затраты ў вытворчасці, у тым ліку на набыццё нафты, а таксама на расходы, звязаныя з рэалізацыяй паліва.

Калі арыентавацца на долю акцызу ў 13%, то ў перспектыве літр 92-га бензіну можа падаражэць з 1,68 да 1,92 рубля, 98-га - з 1,98 рубля да 2,26. І гэта толькі за кошт росту акцызаў, без уліку магчымага росту коштаў нафты.

Што яшчэ можа падаражэць

Прапановы Мінфіна прадугледжваюць рост некаторых падаткаў. Так, з 290 рублёў да 304 можа павялічыцца адзіны падатак з індывідуальных прадпрымальнікаў. На 1,6 рубля за пакой (да 34,1 рубля) можа вырасці падаходны падатак, які выплачваюць тыя, хто здае кватэры.

Напісаць каментар 32

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках