20 кастрычнiка 2020, aўторак, 3:31
Сім сім, Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларускія кіберпартызаны: Віжы не пройдуць нашу праверку

23
Беларускія кіберпартызаны: Віжы не пройдуць нашу праверку

Эксклюзіўнае інтэрв'ю з удзельнікам лічбавага супраціву.

Адзін з удзельнікаў суполкі «Кіберпартызаны Беларусі» ананімна распавёў «Белсату» пра мэты і планы гэтага руху.

Аб базе супрацоўнікаў МУС

Самая гучная заява ад кіберпартызанаў была аб зліцці асабістых звестак сілавікоў. Цяпер інфармацыя з'яўляецца ў розных супольнасцях і ў блогераў, якія працуюць з ёй і паступова публікуюць.

«Працэс публікацыі ўжо ідзе. Звесткамі дзеліцца Nexta, «Чорная кніга Беларусі» ды новы сэрвіс BlackBook, створаны супольна з каналам анархічнай групы «Прамень», - распавёў адзін з партызан. Паводле гэтых жа звестак, каманда Ціханоўскай складае «спіс Тарайкоўскага».

«Але людзі ўсё адно пытаюцца: дзе база? А яна перад іх вачыма. Пакуль грамадская ўвага не пераключылася на вывучэнне звестак», - падкрэсліў суразмоўца.

Перад тым, як апублікаваць асабістую інфармацыю аб сілавіках, кіберпартызаны зрабілі заяву, у якой прасілі міліцыянтаў і АМАП спыніць гвалт:

«Усе метады добрыя для таго, каб дастукацца да сілавікоў. Надзея [што яны адумаюцца. - Belsat.eu] была і застаецца».

МУС у сваю чаргу абвясціла, што супраць тых, хто пагражае або абражае сілавікоў, распачатыя больш за 40 крымінальных спраў. Ананімны партызан не ведае, ці закранулі гэтыя справы каго-небудзь з іх кіберсупольнасці:

«Цяжка сказаць дакладна. Мяркую, што гэта людзі альбо падстаўныя, альбо інтэрнэт-байцы - каментатары, якія не пабаяліся выйсці на наўпроставы кантакт з «ахвярамі» і выказацца адкрыта. Мы ж мала выпадкаў бачым, калі грамадзяне ідуць проста ў аддзяленне міліцыі і выказваюць усё ў твар. Тут тое ж самае... З майго асабіста акружэння абсалютна нікога не закранула гэтая тэма».

Цяпер партызаны перабіраюць сайты дзяржустаноў. Напрыклад, некалькі дзён не працаваў сайт МУС пасля публікацыі новых спісаў людзей у вышуку.

Сярод астатніх пацярпеў і сайт Беларускіх латарэй.

«Можна было паступіць як заўгодна, каб усе выйгралі, напрыклад. Мы гэта зрабілі не для таго, каб нашкодзіць, а каб была карысць. Нават сістэмнаму адміністратару пакінулі запіску, што ўсё ОК, можна не турбавацца, сайт пацярпеў нязначныя змены.

Усе гэтыя напады праводзяцца для згуртавання людзей, а не для шкоды грамадству. Свайго кшталту віртуальны пратэст. Каб рух набіраў сілу, неабходна ўвесь час аб'ядноўваць людзей, якія хочуць далучыцца і рабіць свой унёсак. Спадзяюся, сур'ёзнасць нападаў будзе ўзрастаць і атрымліваць адчувальны эфект», - патлумачыў ананім.

Цяпер супольнасць рыхтуе маніфест, у якім раскажа аб пазіцыянаванні арганізацыі, спосабах камунікацыі, агульных правілах прыняцця ў арганізацыю, працэдуры праверкі і фільтрацыі карыстальнікаў і мэтах партызан.

«Чагосьці фантастычнага там напісана не будзе. Мэта - даступна растлумачыць нашы мэты».

Войска кіберпартызан расце даволі інтэнсіўна, на ўдзел ужо падалі заяўкі некалькі тысяч чалавек, з якіх будуць фармаваць асобныя абшчыны:

«Атрады будуць падзяляцца ў першую чаргу паводле лінгвістычнай прыкметы, бо падаюць заяўкі з усяго свету. І мовы, адпаведна, адрозніваюцца».

- Ці былі спробы віжоў трапіць у кампутарныя войскі партызан?

- Магчыма, але паверце, яны не пройдуць нашу праверку, - кажа ананімны кіберпартызан.

Спампоўвайце і ўсталёўвайце мэсэнджар Telegram на свой смартфон або кампутар, падпісвайцеся (кнопка «Далучыцца») на канал «Хартыя-97».