20 красавiка 2024, Субота, 7:51
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Алена Лазарчык: Я ўмольвала, каб мне далі хаця б зірнуць на сына, але атрымала жорсткае «не»

38
Алена Лазарчык: Я ўмольвала, каб мне далі хаця б зірнуць на сына, але атрымала жорсткае «не»
ФОТА: ПАВЕЛ МАРЦІНЧЫК/KP.BY

Актывістка «Еўрапейскай Беларусі» падрабязна распавяла, як у яе выкралі 6-гадовага сына.

- 17 верасня я звярталася ў праваабарончы цэнтр «Вясна». Пасля ўдзелу ў акцыі пратэсту і знаходжання ў ІЧУ, куды мяне забіралі, я звярталася туды па кансультацыю, - распавядае kp.by 46 гадовая актывістка грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Алена Лазарчык. - Пасля гэтага разам са знаёмым трохі прайшліся па горадзе. Толькі развіталіся і знаёмы пайшоў сваёй дарогай, як да мяне са звычайнай машыны выскачылі людзі ў цывільным і ў масках. Запатрабавалі мае дакументы. Але ў мяне з сабой не было пашпарта. На што мне жорстка было сказана: «З намі для высвятлення асобы».

ФОТА: ПАВЕЛ МАРЦІНЧЫК/KP.BY

Са слоў жанчыны, усё здарылася прыкладна а 16.00, а яе асобу ў аддзяленні міліцыі супрацоўнікі МУС усталёўвалі амаль да 23.00.

- Я прасіла даць мне магчымасць патэлефанаваць блізкім. Бо ў школе ў мяне маленькі шасцігадовы сын Арцём. Яго трэба было забраць. І прадстаўнікам МУС я пра гэта таксама казала. Але мяне ніхто не хацеў нават слухаць... У мяне проста адабралі тэлефон.

Алену ні ў чым не абвінавачвалі, ніякіх пратаколаў не складалі. У міліцыі жанчыну пратрымалі некалькі гадзін. Высветлілася, што за гэты час педагогі яе сына (хлопчык да 18.00 знаходзіўся ў групе падоўжанага дня) выклікалі органы апекі, і шасцігадовага хлопчыка павезлі ў прытулак, дакладней, у Сацыяльна-педагагічны цэнтр з прытулкам Фрунзенскага раёна Менска.

ФОТА: ПАВЕЛ МАРЦІНЧЫК/KP.BY

- Ні маёй паўналетняй дачцэ Марыне, ні бабулі Арцёма са школы не патэлефанавалі, хоць усе іх кантакты ёсць у асабістай справе дзіцяці і непасрэдна ў класнага кіраўніка. Так, бабулі і дзядулі дома не было, дачка была на працы, але, паверце, мы б знайшлі як забраць Арцёма, - расказвае Алена, не ў стане стрымаць слёзы. - Да дома я дабралася прыкладна да 23.00. Была ўпэўненая, што сын са старэйшай дачкой, ёй 23 гады. Прыходжу, а яго няма. Я не ведаю, як апісаць гэты стан... Тут жа кінулася тэлефанаваць па ўсіх тэлефонах. Тэлефаную настаўніцы, і яна мне паведамляе: «Вы не забралі дзіця з падоўжанага дня да 18.00, ваш сын у прытулку».

Калі стала пытацца, за што, чаму, адказалі: «Наогул мы таксама ўсе ходзім па вуліцах, але проста так нікога ў міліцыю не забіраюць». Я была ў шоку. Не магла паверыць, што гэта рэальна са мной адбываецца.

Як распавяла жанчына, 18 верасня дадому да яе прыйшла камісія са школы - правяраць умовы жыцця Арцёма.

- Ім усё спадабалася. Я працую ў ЖЭСе. У мяне невялікі заробак, але ўмовы жыцця ў нас добрыя. І з дзіцем я праводжу увесь вольны час, - распавядае Алена.

Я пабегла забіраць дзіця з прытулку. Але да мяне выйшлі і жалезным голасам сказалі: «Не. Не аддамо. На расследаванне - некалькі дзён».

- Я прасіла, я маліла: «Ну дайце хоць бы зірнуць на яго, пераканацца, што Арцём жывы-здаровы, супакоіць. Пакажыце хоць бы ў акенца. Гэта ж усё нейкі жах!» Мне было сказана жорсткае «не». У суботу, 19 верасня, я зноў пайду ў прытулак. Але з жахам думаю, што ўсе дзяржслужбоўцы - апека, выканкамы, школы, упраўленне адукацыі - цяпер могуць спаслацца на выхадныя ці яшчэ штосьці. А мой сын у гэты час будзе адзін, без мамы. Горшы сцэнар я не магла ўявіць сабе нават у кашмары.

ФОТА: ПАВЕЛ МАРЦІНЧЫК/KP.BY

За дзень гісторыя Алены разляцелася па ўсіх сацыяльных сетках. У суботу апоўдні ля сацыяльна-педагагічнага цэнтра Фрунзенскага раёна сабралася некалькі соцень чалавек, каб падтрымаць Алену. Многія прынеслі прэзенты дзецям, якія знаходзяцца ў прытулку, - са слоў работніка цэнтра, там цяпер жывуць 12 чалавек. Дакладней, ужо 11 - Арцёма Лазарчыка ўсё ж такі вярнулі маме.

ФОТА: ПАВЕЛ МАРЦІНЧЫК/KP.BY
Напісаць каментар 38

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках