28 сакавiка 2024, Чацвер, 12:55
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Гэта не Мардор, а калгас, з'явілася ўпэўненасць у хісткасці гэтай сістэмы»

15
«Гэта не Мардор, а калгас, з'явілася ўпэўненасць у хісткасці гэтай сістэмы»
ЗАТРЫМАННЕ НАСТЫ КАЗАНОВІЧ
ФОТА: ЕЎРАРАДЫЁ

Аповяд 17-гадовай студэнткі МДЛУ, якая стала знакамітай пасля бліскучага маршу жаночай салідарнасці.

Кадры з затрыманнем на жаночым маршы 17-гадовай студэнткі лінгвістычнага каледжа МДЛУ Насці Казановіч абляцелі інтэрнэт. Дзяўчына ў яркай гарчычнай куртцы і бліскучай сукенцы была на акцыі адной з самых прыкметных - таму і схапілі яе адну з першых, паведамляе euroradio.fm.

Праз два дні, раніцай 21 верасня, маці студэнткі патэлефанавала дырэктарка каледжа і сказала, што ў інтарэсах дзяўчыны - забраць дакументы ў той жа дзень. Калі Насця з мамай прыйшлі па дакументы, падтрымаць іх сабралася блізук 30 чалавек, у тым ліку студэнты з МДЛУ.

- Дырэктарка адмаўляла тое, што казала раней. Пры сустрэчы яна сказала: "Вучыцеся, калі ласка, далей", - распавядае Наста. - Мы пачалі гаварыць пра рэпрэсіі. Напрыклад, дзяўчат і хлопцаў з каледжа, якія ходзяць са сцягамі, потым вылічваюць і ўвесь час вядуць з імі выхаваўчыя гутаркі. Яна адказвае, што не павінна апраўдвацца. Гэта ўсё палітыка.

На маршы прыходзіла са сваімі малюнкамі

Дзяўчына надумала здаць сесію і затым забраць дакументы. Калі яна яшчэ не ведала, што ёй дазволяць вучыцца далей, навіну аб адлічэнні прыняла спакойна.

- Дырэктарка спасылалася на пропускі, але я сама збіралася забраць дакументы.

Са слоў Казановіч, у каледжы вучыцца ёй не падабаецца, бо там такая ж сістэма, як і ў сілавых структурах. Усё накіравана на здушэнне іншадумства, чалавека проста робяць "шрубкай".

НАСТА НА МАРШЫ/INSTAGRAM

- Я больш хачу маляваць, чым быць настаўніцай англійскай мовы. Былі думкі з'ехаць вучыцца за мяжу па тых жа праграмах для рэпрэсаваных студэнтаў, але я перагледзела свае погляды. Зараз вельмі вызначальны час для краіны.

Наста дакладна ведае, што не збіраецца вучыцца ў дзяржаўных установах Беларусі.

- Я паказвала сваю працу мастаку Алесю Марачкіну. Ён сказаў, што гэта вельмі добра. Я папрасіла, каб ён быў маім майстрам, і ён сказаў, што можа.

НАСТА З АЛЕСЕМ МАРАЧКІНЫМ/INSTAGRAM

На ранейшыя маршы дзяўчына прыходзіла са сваімі малюнкамі.

- Плакаты я малявала сама. І далей пратэставаць праз творчасць - гэта адзін з варыянтаў, як я магу дапамагчы.

"Яны як бандзюкі"

Дзяўчына вельмі эмацыйна распавядае пра затрыманне.

- Я чалавек смелы і абсалютна разумела, куды ішла. Усё было добра, пакуль не наляцелі аўтазакі. Я паспела забегчы ў піцэрыю, але праз акно ўбачыла, што нашы дзяўчаты становяцца ў счэпкі, іх выхопліваюць. Я не магла бяздзейнічаць, заставацца абыякавай. Таму проста пабегла да іх - абараняць.

ЖАНЧЫНЫ У СЧЭПЦЫ 19 ВЕРАСНЯ/ЕЎРАРАДЫЁ

З Настай была сяброўка, але ёй пашанцавала - не затрымалі.

- Каля счэпкі стаяў мужчына ў амапаўскай форме, які сказаў: "Цішэй, не крычыце, усё будзе добра". Я нават падумала, што гэта "наш чалавек", але калі побач пачалі крычаць дзяўчаты, ён з гэтага пасмяяўся. Потым сказаў, што ён наогул следчы. Але ў амапаўскай форме.

Калі дзяўчаты ў счэпцы спрабавалі дапамагчы тым, каго затрымлівалі побач, Насту таксама папрасілі "прайсці".

- Я адмовілася. Тады мяне схапілі адной рукой за грудзі, другой рукой за шыю і пачалі вельмі жорстка цягнуць. Спачатку адзін, потым двое. У мяне дагэтуль баляць тыя месцы, сінякі нават трохі ёсць. Увогуле, яны як бандзюкі. У аўтазаку не было чым дыхаць.

"Ён і ў РУУС быў у масцы"

У аўтазаку дзяўчына сустрэла італьянца, які, з ейных слоў, быў у шоку і, хутчэй за ўсё, проста выпадкова знаходзіўся побач. Таксама там была Аляксандра Гушча, яе білі па нагах пры затрыманні. У той жа машыне апынулася і Ніна Багінская.

- Калі мы пачулі, што Ніна з намі, то пачалі скандаваць усе, як на маршы, моцна: "Ніна, Ніна! Адпусціце Ніну!" Яшчэ была дзяўчынка Ася. Пры затрыманні яе ўдарылі па галаве, і ў яе здарыўся прыступ эпілепсіі ў аўтазаку. Хуткую там не выклікалі, сказалі, што ў РУУС разбяруцца.

НІНА БАГІНСКАЯ Ў АЎТАЗАКУ/ЕЎРАРАДЫЁ

Сярод тых, хто вадзіў Насту з паверху на паверх у РУУС і "іранічна праводзіў на свабоду", яна пазнала аднаго з мужчын, які цягнуў дзяўчыну ў машыну.

- Яны проста потым выходзяць з аўтазака і могуць пераадзявацца ў цывільнае. Не магу сцвярджаць дакладна, бо ён і ў РУУС быў у масцы, але я пазнала яго вочы і бровы. Гэта быў адзін з тых, хто хапаў мяне за рукі. А потым ён ужо хлопчык у цывільным, якому гадоў 20.

Да пад'езда прыходзілі суседзі, прапаноўвалі дапамогу

За 4 гадзіны, якія Насця правяла ў міліцэйскім участку, яна прыйшла да высновы, што ніякай дысцыпліны або сістэмы там няма.

- Яны мала што паспелі зрабіць за гэты час, бо там проста нейкае самавольства. Маёй маме патэлефанавалі толькі праз тры гадзіны пасля затрымання.

Сваякі даведаліся, што Наста затрыманая, значна раней: муж яе сястры, які жыве ў Чэхіі, убачыў дзяўчыну на фатаграфіі ў чэшскім выданні.

- Бацька мяне не падтрымлівае, а маці, безумоўна, хвалявалася, але трымалася мужна. Як толькі маё імя з'явілася ў спісах, у яе разрываўся тэлефон, да пад'езда прыходзілі суседзі, прапаноўвалі дапамогу. З РУУС мяне забралі суседка з мамай.

Пасля здарэння Наста амаль не выходзіла з дому, бо адчувала сябе дрэнна маральна і фізічна. Але ёй пішуць шмат слоў падтрымкі - нават незнаёмыя людзі, а таксама тыя, пра каго яна нічога не чула з дзяцінства.

- Было цяжка, бо там ты як загнаны звер. Думаю, добра, што ў РУУС трапіла я, а не хтосьці, каму было б цяжэй ці каго б звезлі на 15 дзён арышту.

Не гледзячы на шок, дзяўчына кажа, што пасля затрымання ў яе з'явілася больш упэўненасці ў сваіх сілах.

- Я проста ўбачыла іх кухню знутры. З'явілася ўпэўненасць у хісткасці гэтай сістэмы. Гэта не Мардор, а калгас... Нават у калгасе ўсё больш арганізавана, - рэзюмуе Насця.

Напісаць каментар 15

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках