23 красавiка 2024, aўторак, 21:48
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Валерыя Красоўская: Не забывайцеся пра зніклых

18
Валерыя Красоўская: Не забывайцеся пра зніклых
ВАЛЕРЫЯ КРАСОЎСКАЯ

Дачка Анатоля Красоўскага звярнулася да лідараў апазіцыі і пратэстоўцаў у Беларусі.

Дачка зніклага 21 год таму бізнэсмэна Анатоля Красоўскага, дыетолаг і грамадскі дзеяч Валерыя Красоўская расказала пра будучы суд над заказчыкамі і выканаўцамі злачынства, пра прызнанне былога сахраўца Гараўскага і пра тое, чаму лідары апазіцыі і людзі на мірных пратэстах у Беларусі мала згадваюць пра справы зніклых, паведамляе «Радыё Свабода».

Пра справы зніклых, якіх амаль не згадваюць падчас пратэстаў

Мірныя пратэсты адбываюцца кожны дзень, я бачу вельмі шмат крэатыўных плакатаў, постараў, фотаздымкаў людзей, якіх катавалі за кратамі, якія загінулі. Але я амаль не бачу партрэтаў Анатоля Красоўскага, Віктара Ганчара, Юрыя Захаранкі, Змітра Завадскага. Таксама я не бачу згадак пра іх у СМІ. І я пакуль ніводнага слова не пачула ад Святланы Ціханоўскай пра гвалтоўныя знікненні ў Беларусі. Я не пачула ні аднаго слова пра іх ні ад адной асобы, якая мае больш-менш значную палітычную ролю ў апошніх падзеях.

Большая частка пратэстоўцаў – маладыя людзі, якія не памятаюць або не ведаюць пра справы зніклых. Лукашэнка фізічна ліквідаваў сваіх палітычных апанентаў. Калі кожны раз мы будзем забывацца імёны тых, хто знайшоў у сабе сілу супрацьстаяць, хто аддаў сваё жыццё, здароўе, кар'еру дзеля нас усіх, нічога не зменіцца ў Беларусі. Калі мы будзем забывацца імёны нашых герояў, то светлай будучыні ў нас быць не можа. І гісторыя будзе паўтарацца кожны раз.

Пра прызнанне Гараўскага

Ён расказвае тое, што мы ўжо ведалі ў агульных рысах, што мой тата і Віктар Ганчар былі выкрадзеныя і забітыя ў тую ж ноч. Але ён дадае некалькі дэталяў, якія павінны быць правераныя незалежнымі следчымі. Я не хацела б асабіста гутарыць з Гараўскім, як гэта зрабіла Алена Захаранка, але я хацела б, каб ён і ўсе астатнія, хто мае дачыненне да гвалтоўных знікненняў, далі паказанні ў кантэксце незалежнага расследавання.

Пра 21 год без бацькі

Першыя 10 гадоў пасля знікнення бацькі былі цяжкімі. Я жыла ў цемры. І толькі праз 10 гадоў я зразумела, што я знаходжуся ў пазіцыі ахвяры, і калі я з яе не выйду, то ніякага зруху не будзе. Мне вельмі шкада, што 10 гадоў маёй маладосці былі вельмі цяжкімі. З іншага боку, я рада, што гэтая трансфармацыя са мной адбывалася. На гэты момант маё жыццё вельмі добра ўладкаванае – у мяне выдатны муж, маленькая дачка, бясконцая крыніца шчасця. У мяне ёсць любімая праца, я здаровая. Я ўсё маю, чаго магу пажадаць, усё добра ў маім жыцці, акрамя таго, што не ведаю, што адбылося з маім бацькам. Я маю не атручаныя болем моманты шчасця.

Боль застаецца, я навучылася з ім жыць. У маім жыцці вельмі шмат светлых імгненняў. Застаецца пачуццё несправядлівасці, і, самае страшнае, – пачуццё невядомасці. Мы ведаем прыкладна, што адбылося з маім бацькам, мы ведаем, што ён быў забіты, але мы не ведаем, дзе ягонае цела. Мы не можам яго пахаваць, не можам з ім развітацца. Гэтая немагчымасць паставіць кропку не дае рухацца далей у жыцці.

Пра чатыры дрэвы ў галандскім Эйндховене

У Эйндховене я бываю штогод 16 верасня, часам часцей. У Анатоля Красоўскага няма магілы, няма месца спачынку, і для мяне чатыры пасаджаныя дрэвы і адно з іх, якое сімвалізуе майго бацьку – гэта месца, дзе ён знайшоў супакой для мяне. Я вельмі ўдзячная, што 16 верасня я больш не адна. Гэта самы цяжкі дзень у маім жыцці. І прысутнасць іншых неабыякавых людзей робіць гэты дзень крыху менш за цяжкім. З 2008 года, калі мы пачалі цырымонію памяці ў Эйндховене, у гэты дзень мяне атачаюць неабыякавыя людзі.

Пра судовы разгляд паводле справаў зніклых

На жаль, Беларусь з моманту Другой сусветнай вайны не падпісала ніводнай міжнароднай дамовы, якая зрабіла б магчымым прывесці яе як краіну да адказнасці. Увогуле ніякіх міжнародных механізмаў няма. Адзіны механізм – камітэт у правах чалавека ААН, куды мы з маці звярнуліся з дапамогай галандскай адвакацкай канторы.

Справу бацькі разглядалі цягам 4 гадоў, і ў 2012 годзе была пастанова, якая пацвердзіла, што мы з'яўляемся ахвярамі, што Беларусь павінна правесці незалежнае расследаванне, выдаць кампенсацыю пацярпелым і гэтак далей. Але Беларусь, пакуль Лукашэнка ва ўладзе, не выканала ніводнай рэкамендацыі Камітэта ў правах чалавека ААН. Але гэта важная пастанова, бо гэта адзіны міжнародны інстытут, да якога мы можам звярнуцца на міжнародным узроўні. І калі ўлада зменіцца, новая ўлада, спадзяюся, выканае пастанову гэтай установы.

Пра пакаранне для выканаўцаў і заказчыкаў

Думаю, што вінаватых будзе вельмі шмат. Вядомая рэзалюцыя ПАРЕ, прынятая ў 2004 годзе, грунтавалася на расследаванні, якое выявіла чатырох падазраваных – Шэймана, Навумава, Паўлічэнку і Сівакова. Гэта вельмі важныя фігуры, але я думаю, што вінаватых будзе больш. Я думаю, што да таго часу смяротнага пакарання ў Беларусі не будзе, але, натуральна, застанецца пажыццёвае зняволенне, і заказчыкі і выканаўцы павінны быць асуджаныя на пажыццёвае зняволенне.

Напісаць каментар 18

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках