25 красавiка 2024, Чацвер, 14:42
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Пасажыр знакамітага таксіста распавёў пра падрабязнасці ўцёкаў

45
Пасажыр знакамітага таксіста распавёў пра падрабязнасці ўцёкаў

Хлопец вельмі хоча знайсці кіроўцу, які павёз яго «як у кіно».

Учора ўвечары ў сетку трапіла відэа, знятае відавочцам на вуліцы Берута ў Менску: таксіст павёз хлопца, які ўцякаў ад сілавікоў. Ролік актыўна абмяркоўваюць карыстальнікі, маўляў, падзеі там развіваліся як у сапраўдным кіно. Сёння з журналістамі звязаўся той самы пасажыр імклівай таксоўкі і трохі распавёў пра здарэнне, піша tut.by.

Хлопец, які ўцякаў ад сілавікоў, навучаецца ў адной са сталічных ВНУ, яму 18 гадоў. Ён не хавае: знаходзіўся ля станцыі метро «Пушкінская» разам з прысутнымі, тым самым паказваў сваё стаўленне да таго, што адбываецца ў краіне

- Калі людзі перакрылі дарогу, прыехалі аўтазакі. Усе кінуліся хавацца ў дварах, я таксама. Падбег да аднаго адкрытага пад'езда і трымаў дзверы: каб пабольш людзей забегла і схавалася. Не заўважыў, як з-за кута дома выскачылі сілавікі і пабеглі да нас, - успамінае хлопец.

Многіх з тых, хто быў у пад'ездзе, затрымалі, але студэнт паспеў выкруціцца і пабег у бок - сілавікі за ім.

- Гэта былі секунды: бягу - ззаду сілавік, наперадзе, на газоне - яшчэ адзін. Я ў бок, да дарогі. Чую, мне хтосьці крычыць: «Давай, да мяне заскоквай». Гэта і быў той самы таксіст.

Са слоў пасажыра таксоўкі, у машыне было адчыненае акно, праз якое сілавікі спрабавалі дабрацца да кіроўцы, ударылі па аўтамабілі дубінкай.

- Варыянту выехаць на сустрэчную паласу не было, таму таксіст паехаў па абочыне. На відэа бачна, як колы аўтамабіля заскочылі на бардзюр.

Таксоўка паехала ўбок Кальварыйскай, потым віхляла па горадзе. Пагоні за машынай не было. Праз некаторы час кіроўца высадзіў свайго пасажыра на адной са сталічных вуліц.

- Убачылі, што ў аўтамабілі пашкоджаны бампер, пабітая бакавая шыба. Грошай з мяне кіроўца не ўзяў ні за паездку, ні за шкоду, - кажа хлопец. - Я вельмі ўдзячны таксісту, бо калі б не ён, то невядома, дзе б я цяпер быў.

Цяпер, пасля ўсяго таго, што адбылося, хлопец вельмі хоча знайсці кіроўцу таксоўкі, каб кампенсаваць яму прычыненую шкоду.

Напісаць каментар 45

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках