28 сакавiка 2024, Чацвер, 16:46
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Дабро пераможа!

3
Дабро пераможа!
Сяргей Законнікаў

Пуцін і Лукашэнка нічога нявартыя перад воляй беларусаў.

У Беларусі аформіліся дзве гранічна кантрастныя чалавечыя сілы. Гэта дабро і зло. Яны распазнаюцца нават візуальна. Дабро выступае мірна, з адкрытым абліччам, усветлым адзенні, узнімае бел-чырвона-белы сцяг. Зло хаваецца ў кабінетах, а на вуліцы выходзіць узброенае да зубоў пад чорнымі «балаклавамі» і маскамі.

Маштабнае палітычнае супрацьстаянне настолькі выразна падзелена на белае і чорнае, што браць пад увагу «балота» няма сэнсу, бо ў прынцыповым змаганні дабра і зла яно нічога не азначае і не вырашае.

Мая ўвага найперш скіравана на дабро, бо яно ў зямным жыцці больш істотнае. Калі б у супрацьстаянні дзвюх сіл урэшце перамагала не яно, то чалавецтва даўно б растварылася ў абсалютным зле, як у беспрасветнай імгле.

Падзеі паказалі, што ў сэрцах і душах беларусаў назапашаны багацейшыя радовішчы дабра, якія цяпер раскрываюцца. Цяжка сказаць, што стала галоўным штуршком для перарастання затурканага, панурага насельніцтва ў смелую, мужную, спагадлівую, усмешлівую і светлую нацыю – абразлівая пагарда рэжыму да грамадзян, адмаўленне дыктатарам каранавірусу, хлусня, нахабства, цынізм улады і ЦВК у час выбараў, крывавы разгон мірных пратэстаў 9 – 13 жніўня, катаванні ў месцах зняволення ці далейшы садызм сілавікоў? Відаць, усё гэта разам! Але працэс рэалізацыі запасаў сардэчнага і душэўнага дабра беларусаў на карысць лепшай будучыні нацыі пайшоў, яго ніхто і нішто не спыніць.

У звароце да расійскага кіраўніцтва з просьбай стрымаць беларускі рэжым «от жестокости и беззакония» дзеячы расійскай культуры сказалі дакладна: «Белорусы поставили свое человеческое достоинство, свою честь, будущее своих детей выше страха, корысти, комфорта. Они не побоялись рискнуть всем: работой, учебой, свободой, здоровьем, наконец, жизнью. Мы восхищены мужеством этих людей, их любовью к своей стране и своей культуре».

Асэнсаванне падзей, удзел у нядзельных маршах пратэсту дапамаглі мне прыйсці да важнай высновы. Чым больш складаным становіцца грамадства, а гэта мы адчуваем на сабе кожны дзень, тым патрэбней у ім культура. Прытым культура не проста класічная, да якой з маленства ўсе далучаюцца ў школах і ВНУ, а ў самым шырокім і дынамічным разуменні слова: адносіны людзей паміж сабой, паводзіны кожнага чалавека, стан яго сумлення, маральных якасцяў, валоданне прафесіяй і пачуццё адказнасці за яе.

Мірнае змаганне за свабоду і лепшае жыццё мільёнаў грамадзян Беларусі выявіла даволі высокі ўзровень культуры і маралі, якім валодаюць сілы дабра. Паглядзіце на самаарганізацыю людзей, на іх ініцыятыўнасць, актыўную дапамогу тым, хто мае патрэбу, на пашырэнне ў грамадстве спагады, міласэрнасці.

Я заўважаю, што многія палітычныя, сацыяльныя праекты немагчыма ажыццявіць без культурнай і інтэлектуальнай падтрымкі, без уласна культурніцкіх мадэляў паводзін. Можна прывесці сотні прыкладаў, якія паказваюць, што менавіта працэс узрастання культуры і ведаў дапамагае нам станавіцца свабоднымі ў думках і дзеяннях, значна больш гуманнымі, добразычлівымі, з’яднанымі, лепшымі. Згадаю хоць бы працу валанцёраў, навядзенне парадку ў дварах, клопат пра старых і хворых суседзяў, палітычную, грамадзянскую і сацыяльную прынцыповасць самых звычайных людзей. З мазаічных яркіх кавалачкаў нязмушанага выяўлення душэўнага святла і дабрыні канкрэтнымі грамадзянамі вырастае жыццяздольная, унікальная нацыя. Па-за ёй застаюцца сілы зла, якія, нягледзячы на сучасную экіпіроўку і атрыбуты, жывуць у мінулым часе.

Не трэба ніякай афіцыйнай ідэалогіі, на якую рэжым убухвае велізарныя сродкі, або пошукаў палітычнымі псеўдавучонымі нейкай «государственной национальной идеи», правядзення рэферэндумаў! Усё прыйшло знізу, ад народа: спрадвечныя бел-чырвона-белы сцяг і герб «Пагоня», родная мова, нацыянальная ідэя – пабудаваць свабодную, дэмакратычную краіну з прыстойным узроўнем дабрабыту для ўсіх грамадзян.

Сэнс актыўных пратэстных дзеянняў сіл дабра справядлівы, станоўчы: адстаяць скрадзеныя галасы, дамагчыся сыходу нелегетымнага дыктатара, вызвалення палітвязняў, правядзення свабодных, сумленных выбараў.

А цяпер разгледзім зло. Грамадзяне сучаснага дэмакратычнага Захаду, якія ніколі не мелі стасункаў з дыктатурай, не могуць уявіць маштабы прапагандысцкага, адміністрацыйнага, падатковага, міліцэйскага, следчага, пракурорскага, судовага тэрору ў Беларусі. Мірны пратэст, крытыка ўлады і асабіста А. Лукашэнкі або незаконных дзеянняў сілавікоў выклікаюць апантаную раз’юшанасць цэрбераў зла, на чалавека накідваюцца ўсе дзяржаўныя інстытуты, каб запалохаць, сфабрыкаваць судовую справу.

Законы ў краіне падагнаны пад інтарэсы правячага клана А. Лукашэнкі, сілавікоў, прыўладных бізнесоўцаў і іншых прыкарытнікаў. Якраз з гэтага трэба сыходзіць экспертам у аналізе сітуацыі ў Беларусі. Святар з Гародні П. Каспяровіч сказаў проста і даходліва: «Вось яно зло – і мы разам перад ім!»

З грамадствам, якое выступіла супраць незаконнай узурпацыі дыктатарам улады, распачаты татальны тэрор, палітычная расправа. У час пратэстных маршаў адключаецца інтэрнэт, доступ у які з’яўляецца базавым правам чалавека, што зацверджана ААН. «Пад раздачу» (выраз міліцэйскага міністра Ю. Караева – С.З.) трапляюць падлеткі, жанчыны, у тым ліку цяжарныя, сляпыя, глухія, нямыя, інваліды. Сапраўды, такога гвалту і садызму не было нават у час сталінскіх рэпрэсій. У следчыя ізалятары «замятаюць» усіх: членаў Каардынацыйнага савета па трансферы ўлады, членаў стачкамаў прадпрыемстваў, мясцовых і замежных журналістаў, збіральнікаў подпісаў за адкліканне дэпутатаў, жыхароў, якія выйшлі да крамы або пагуляць. Аб’яўлена вайна палітычным партыям, дыпламатам, айцішнікам, прадпрымальнікам, уладальнікам офісаў, наогул, любому суб’екту, які асмеліўся быць нязгодным з рэжымам.

Незаконныя дзеянні абгортваюцца хлуснёй у дзяржаўных СМІ не толькі Беларусі, але і Расіі. На мясцовым тэлебачанні актыўнічаюць расійскія найміты, якіх дома называюць «пропагандонами». Яны так, як на У. Пуціна, нацягваюць абарончую плеўку фальсіфікацый, падтасовак і на дзеянні А. Лукашэнкі, які канчаткова пайшоў у разнос. Але наш народ за 26 гадоў наслухаўся лухты, даўно смяецца над слоўнымі трызненнямі дыктатара і яго падручных. Бачыць і подласць метадаў, якімі яны карыстаюцца.

Сілы дабра і зла сышліся лоб у лоб. Узурпатар дзейнічае найпрымітыўным спосабам – тэрорам. Але яму дадзены мірны адпор. Смелыя жанчыны, з якімі ваююць(!) орды ўкормленых мардаваротаў у масках, рашэнне не мяняюць: «Ты и твой ОМОН пошли вон!» Гледзячы на мілых, адважных беларусак, я заклікаю журналістаў: меней ныцця, лепей падбадзёрвайце людзей.

Перапісванне канстытуцый, прасоўванне інтэграцыі, запалохванне ўводам расійскіх вайскоўцаў, мітуслівая валтузня па ўратаванні сваіх тронаў, якой займаюцца У. Пуцін і А. Лукашэнка, абсалютна нічога нявартыя перад воляй беларусаў. Яны будуць мужна змагацца супраць змоўшчыкаў нават на двух франтах і не адступяць. Закон быцця нязменны: дабро пераможа!

Сяргей Законнікаў, sn-plus.com

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках