18 красавiка 2024, Чацвер, 8:33
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Гарадзенскім драмтэатры скасавалі ўсе спектаклі

5
У Гарадзенскім драмтэатры скасавалі ўсе спектаклі
Фото: tut.by

Тэатр пераходзіць у рэжым рэпетыцый.

У Гарадзенскім драмтэатры звальняюць вядучага актора сцэны Ігара Уланава. Менавіта ён абвясціў гледачам у мінулую нядзелю пра тое, што артысты прыпыняюць спектакль праз тое, што на акцыі пратэсту былі затрыманыя іх калегі - заслужаны артыст Беларусі Сяргей Курыленка і ягоная жонка Валянціна Харытонава.

Таксама, як распавялі tut.by акторы Гарадзенскага драматычнага тэатра, усе спектаклі касуюцца, а ўстанова пераходзіць у рэжым рэпетыцый. Афіцыйная прычына - эпідэміялагічная сітуацыя ў тэатры.

На мірнай акцыі ў Гародні, якая праходзіла ў мінулую нядзелю, 20 верасня, сярод іншых былі затрыманыя акторы Гарадзенскага драмтэатра - заслужаны артыст Беларусі 64-гадовы Сяргей Курыленка і ягоная жонка Валянціна Харытонава. Даведаўшыся пра затрыманне сваіх калегаў, акторы, якія ўвечары былі задзейнічаныя ў спектаклі, абвясцілі пасля антракту гледачам (паглядзець пастаноўку прыйшло 12 чалавек), што яны перарываюць свой выступ на знак салідарнасці з затрыманымі акторамі. Пазней у артыстаў адбылася размова з дырэктарам тэатра. Таксама да артыстаў прыязджаў губернатар Гарадзенскай вобласці Уладзімір Каранік.

У гэты ж дзень стала вядома, што з тэатра «на пагадненне бакоў» была звольненая акторка Лісавета Мілінцэвіч. У нядзелю, 20 верасня, яна ўдзельнічала ў спектаклі, які быў спынены праз затрыманне двух актораў.

Фото: drama.grodno.by

- Цяпер чатырох артыстаў - Васіля Мініча, Наталлю Лявонаву, Сяргея Курыленку і Валянціну Харытонаву - пазбаўляюць прэмій і ўсіх даплат. Звольнілі вядучага актора сцэны Ігара Уланава, а тэатр пераходзіць на рэжым рэпетыцый. Скасаваныя ўсе спектаклі, на якія былі набытыя квіткі. Атрымліваецца, што ў касу грошы не прыходзяць, артыстаў і супрацоўнікаў, а іх блізу сто, выракаюць на безграшоўе. Але людзі ж у чым вінаватыя? - эмацыйна расказвае актор.

Афіцыйная прычына закрыцця тэатра для гледачоў - неспрыяльная эпідэміялагічная сітуацыя ва ўстанове.

- Мы ў непаразуменні, калі ў тэатры каранавірус, то лагічна скасаваць і рэпетыцыі, каб і акторы былі абароненыя, - кажуць артысты.

Апошнім часам на спектаклі ў Гарадзенскі драматычны тэатр прыходзіла не вельмі шмат людзей. Былі выпадкі, калі акторы гралі і для трох чалавек. Дырэктар тэатра Ігар Гедзіч казаў tut.by, што, пачынаючы з красавіка гэтага года, наведвальнасць моцна ўпала, але тэатр, нягледзячы ні на што, не закрываўся.

Але на спектаклі, якія, напрыклад, павінны былі прайсці 25 і 26 верасня, выкуплена вельмі шмат квіткоў. Так, вольных месцаў у партэры на пастаноўку «Шыняля», якая павінна была адбыцца ў гэтую суботу, ужо няма.

Практычна такая ж сітуацыя і з пастаноўкай «451 па Фарэнгейту», запланаванай на сёння, 25 верасня.

Атрымаць афіцыйны каментар з нагоды сітуацыі ў тэатры ў адміністрацыі ўстановы tut.by не ўдалося. Дырэктар Гарадзенскага драматычнага тэатра спаслаўся на занятасць.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках