19 красавiка 2024, Пятніца, 22:52
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Каманда Blacklist 2020 стварыла «чорны спіс» беларускіх брэндаў

11
Каманда Blacklist 2020 стварыла «чорны спіс» беларускіх брэндаў

Менавіта гэтыя фірмы кормяць рэжым Лукашэнкі.

Больш за 200 беларускіх брэндаў трапілі ў «чорны спіс» каманды Blacklist 2020. Яго стваральнікі заклікаюць да эканамічнага супраціву рэжыму Лукашэнкі і падтрымкі сумленнага бізнэсу, паведамляе «Радыё Свабода».

Прадстаўнік групы Blacklist 2020 распавёў, хто і чаму трапіў у гэты спіс, а таксама - ці мае такая ініцыятыва мэтай калапс беларускай эканомікі.

«Чорны спіс» працуе ў форме простага сайта ў інтэрнэце. Па катэгорыях бізнэсу пералічваюцца кампаніі і бізнэсоўцы, якія, згодна з групе Blacklist 2020 з'яўляюцца «кармавой базай Лукашэнкі». Там жа падаецца прычына ўнясення ў спіс.

«А што рабіць, калі ўлада нелегітымная?! Мы не маем ніводнай сапраўды выбарнай пасады: ад прэзідэнта да старшыні сельсавета. Гэта значыць рэжым у краіне інакш як акупацыйным назваць нельга. Найбольш эфектыўны і бяспечны шлях супраціву - на нашу думку, - грамадскае непадпарадкаванне. Байкот дзяржаўнай прадукцыі - адзін з яго элементаў», - распавядае Генадзь, удзельнік каманды Blacklist 2020.

Паводле якіх прыкмет брэнды трапляюць у спіс

Перш за ўсё па форме дзяржаўнай уласнасці. Тое ж самае і ў выпадку, калі ўласнік афіляваны з дзяржавай. Таму, напрыклад, у спіс патрапілі бізнэсы набліжаных да Лукашэнкі бізнэсоўцаў Аляксандра Машэнскага або Аляксея Алексіна.

Blacklist 2020 звяртае таксама ўвагу на публічныя паводзіны уласнікаў у падтрымку ўлады.

У спіс трапляюць кампаніі, якія супрацоўнічаюць, ці супрацоўнічалі з сілавымі структурамі.

На пытанне, дзе гарантыя, што ў «чорны спіс» хтосьці не патрапіць памылкова, Генадзь адказвае, што для гэтага прымаецца шэраг захадаў.

«Самы галоўны пункт: мы фармуем спіс прынцыпова публічна. Мы не выдаляем каментары і пазначаем прычыны дадавання. Больш за тое, мы вядзем і асобны спіс кампаній, якія мы выдалілі са спісу з той ці іншай прычыны».

У каманды ёсць невялікая група мадэратараў, якія адказваюць на запыты карыстальнікаў, уключаючы і ўласнікаў бізнэсу. У спрэчных сітуацыях спіс мадыфікуецца.

«Для нас кампліментам стала блакаванне сайта дзяржавай. Гэта сапраўды натхняе»

- Чаму проста прыналежнасць да дзяржаўнай формы ўласнасці для вас прыкмета падтрымкі рэжыму? Чым правінілася, напрыклад, «Белфармацыя»? Як павінны лячыцца хворыя?

- Мы проста даем магчымасць карыстальнікам падыходзіць да свайго спажывання свядома з пункту гледжання супрацоўніцтва з дзяржавай. Калі для кагосьці крытычна набываць лекі менавіта ў дзяржаўных фармацыях, ён вольны рабіць гэта. Наша мэта - даць максімум інфармацыі. Канчатковы выбар, вядома ж, за карыстальнікам.

- А чаму, на вашу думку, за пазіцыю кіраўніцтва павінны адказваць рабочыя, сярод якіх, магчыма, шмат апанентаў улады?

- Мы разумеем, што трэба надзвычайная смеласць, каб пратэставаць, працуючы на дзяржпрадпрыемстве. Таму мы выдаляем усе ўстановы, супрацоўнікі якіх публічна выступілі супраць Лукашэнкі. Напрыклад, Менскі малочны завод №1 або ААТ «Жабінкаўскі цукровы завод».

- Вы прапануеце дасылаць карыстальнікам назвы іншых кампаній. А дзе гарантыя, што гэта несумленныя бізнэсоўцы не хочуць так знішчыць канкурэнтаў? Ці зможаце вы ўсё гэта праверыць?

- Мы маем валанцёра, у якога ёсць доступ да базы, па якой можна адсачыць уласнікаў. Мы дадаем новыя кампаніі толькі пасля папярэдняй праверкі. Нам усё адно, з якой непасрэднай мэтай нам дасылаюць інфармацыю: калі ўстанова тым ці іншым шляхам падтрымлівае рэжым, мы дадамо яе.

- Ці ёсць у вас зваротная сувязь ад кампаній з вашага спісу? Просьбы прыбраць нейкія назвы, напрыклад?

- Вельмі шмат, асабліва дробнага прыватнага бізнэсу. Мы нават здзівіліся ў першыя дні. Разглядаем кожную сітуацыю і заносім у асобны спіс выключаныя кампаніі. Вельмі часты выпадак - калі ўласнік установы праўладны, а калектыў удзельнічае ў пратэстах. Калі ёсць пацвярджэнне, мы часцей за ўсё выдаляем іх.

Было вельмі эмацыйнае паведамленне праз бот, дзе чалавек распавядаў пра сітуацыю, калі ўласнік прымушае сваіх супрацоўнікаў галасаваць датэрмінова. Калі мы папрасілі больш інфармацыі, ён удакладніў, што ён сын гэтага чалавека, і што ў сям'і цэлая драма наконт жнівеньскіх падзей. Для нас гэта стала яркім прыкладам глыбіні таго крызісу, які зараз існуе ў краіне.

- Вы гатовыя прызнаць, што працуеце на карысць эканамічнага калапсу краіны?

- Мы думаем, што на карысць калапсу працуе рэжым. Для нас сітуацыя выглядае наступным чынам: ідзе неабвешчаная вайна паміж дзяржаўным сектарам эканомікі і прыватным. Усе разумеюць, што менавіта дзяржаўная эканоміка з'яўляецца асновай Лукашэнкі. Але ў апошнія гады яна ўсё больш фінансуецца за кошт прыватнага сектара, які з'яўляецца драйверам эканамічнага росту ў краіне. Чым хутчэй загінуць дзяржаўныя прадпрыемствы, якія боўтаюцца на мяжы рэнтабельнасці, тым лепш будзе новай Беларусі. Для нас кампліментам стала блакаванне сайта дзяржавай. Гэта сапраўды натхняе.

Паводле інфармацыі каманды Blacklist 2020 штодня сайт мае ад 1000 да 1500 наведвальнікаў. Найбліжэйшым часам плануецца распрацаваць мабільны дадатак, каб больш не мець праблем з блакаваннямі.

Напісаць каментар 11

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках