25 красавiка 2024, Чацвер, 20:01
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Беларуская міліцыя бяссілая перад жанчынамі»

12
«Беларуская міліцыя бяссілая перад жанчынамі»
Фото: «Наша Ніва»

Як беларускі сталі сімвалам пратэстаў.

Чаму ў першых шэрагах пратэстоўцаў у рэгіёнах Беларусі апынуліся жанчыны – разбіралася выданне DW.

«Я яшчэ 8 жніўня сабрала свой "трывожны чамаданчык"», – прызнаецца магіляўчанка Вольга. Максімальная санкцыя за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве – арышт да 15 сутак, але калі не баяцца арышту, кажа Вольга, то ва ўладаў і няма механізму запалохвання.

«А мне нават цікава было б паглядзець на ІЧУ (ізалятар часовага ўтрымання. – Рэд.) знутры», – дадае сяброўка Вольгі Юлія. У Беларусі ў турме пабывала ўжо так шмат людзей, што, паводле выразу Юліі, сярод яе знаёмых уважаецца дрэнным тонам баяцца арышту.

Рэгіянальная спецыфіка беларускіх пратэстаў

Вольга і Юлія – сталыя ўдзельніцы штотыднёвых акцый пратэсту, якія праходзяць у Беларусі з 9 жніўня. Іх удзельнікі пратэстуюць супраць афіцыйных вынікаў прэзідэнцкіх выбараў і патрабуюць правядзення новых выбараў. У адрозненне ад Менска, у беларускіх рэгіёнах акцыі пратэсту не такія масавыя. Напрыклад, у Магілёве нядзельныя шэсці збіраюць ад паўтары да трох тысячаў удзельнікаў.

І міліцыя тут паводзіць сябе па-іншаму, не ладзячы масавых затрыманняў. Аднак супрацоўнікі ў цывільным імкнуцца кожнага пратэстоўца зняць на відэа. Потым цягам працоўнага тыдня праваахоўнікі праводзяць апазнанне грамадзянаў і выклікаюць іх, каб змусіць да адказнасці за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі. Адпаведны артыкул 23.34 КаАП прадугледжвае штраф альбо арышт. Увесь мінулы тыдзень міліцыянты мэтанакіравана палявалі на жанчынаў. У рэгіёнах яны складаюць большасць пратэстоўцаў.

У сваю чаргу жанчыны вядуць сябе нестандартна. Яны не ўхіляюцца ад наведвання міліцэйскіх пастарункаў, але там пачынаюць спрачацца з супрацоўнікамі міліцыі. Адной з першых у Ленінскі РАУС тэлефонным званком была выкліканая Марына Храмцова. Дзяўчыне паказалі відэа з шэсця з яе ўдзелам. Насуперак чаканням, яна не стала гэтага адмаўляць. На Храмцову быў складзены пратакол паводле артыкула 23.34 КаАП.

У адказ яна заявіла, што не разумее, якое мерапрыемства з'яўляецца санкцыянаваным, а якое – не. Храмцова дадала, што ўдзельнічала як у праўладным мітынгу, так і ў альтэрнатыўным, і розніцы паміж імі не заўважыла – абодва аднолькава ахоўваліся і не суправаджаліся інцыдэнтамі. «І ў міліцыі мне розніцу так і не патлумачылі», – дзеліцца Марына Храмцова ў інтэрв'ю DW.

Сітуацыя паўтарылася і на судзе 22 верасня – дзяўчына задала пытанне, чаму спантанны прапрэзідэнцкі мітынг уважаецца санкцыянаваным, калі дазвол на ягонае правядзенне не быў атрыманы загадзя. І чаму нядзельныя акцыі пратэсту ўважаюцца парушэннем закона, калі яны праходзяць у форме святочных шпацыраў. У суддзі адказу не знайшлося, і яна адправіла справу ў РАУС на даследаванне.

Храмцова паказвае, што знакавым для Магілёва можна ўважаць дзень 12 жніўня. Тады ў ланцуг салідарнасці сталі медыкі – традыцыйна ў большасці сваёй жанчыны. З таго моманту сярод пратэстоўцаў іх прыкметна больш, чым мужчынаў.

Жанчыны пераламалі сітуацыю з пратэстамі ў Беларусі

Гэта тлумачыцца проста, мяркуе загадчыца літаратурнай часткі Магілёўскага драмтэатра Вольга Семчанка: былі затрыманыя і збітыя мужы, браты, сыны – таму менавіта жанчыны пераламалі сітуацыю. Першы тыдзень пасля выбараў прэзідэнта, нагадвае яна, жанчыны сталі выходзіць на вуліцы ў белай вопратцы і з кветкамі.

А далей улады самі стварылі сабе праблемы. Напрыклад, пасля пераследу актораў Купалаўскага тэатра ў Менску, прадаўжае Семчанка, іхнія калегі з Магілёўскага драмтэатра таксама далучыўся да акцыяў пратэсту.

На мінулым тыдні Вольгу Семчанку выклікалі тэлефонным званком у РАУС, паабяцаўшы, што там уручаць позву. Яна прыйшла, але апынулася, што афіцэру міліцыі не да яе. Семчанка стала тэлефанаваць яму на мабільны тэлефон, але гэта не дапамагло. Прачакаўшы паўгадзіны, дзяўчына сышла, а позву ёй так ніхто і не выпісаў.

Аднак у панядзелак, 21 верасня, адразу тры сілавікі ў масках паспрабавалі ўвайсці да яе ў дом. Вольга Семчанка адмовілася адчыняць дзверы, бо такія паводзіны здаліся ёй дзіўнымі. Тады праз дзень міліцыя стала тэлефанаваць яе сваякам і знаёмым.

Даходзіць да абсурду, канстатуе Семчанка – яе маці падманвалі, сцвярджаючы, што шукаюць дачку, бо яна год таму згубіла тэлефон і напісала адпаведную заяву ў міліцыю. На позву, прызнае дзяўчына, яна ў РАУС, вядома ж, з'явілася б: «Але якраз позвы да гэтага часу чамусьці і няма».

А вось дзве іншыя суразмоўніцы DW, сяброўкі Вольга і Юля, зусім па-іншаму рэагуюць на пагрозы з боку міліцыі. Яны расказалі, што не прапусцілі пакуль ніводнай пратэставай акцыі ў Магілёве з моманту пасля выбараў. Сяброўкі выходзяць на мітынгі і шэсці без масак, з самаробнымі плакатамі і не хаваюць сваіх імёнаў. І нават спачатку хацелі назваць DW свае прозвішчы. Хлопцам цяжэй, мяркуе Оля, а перад жанчынамі, упэўненая яна, беларуская міліцыя проста бяссілая.

Напісаць каментар 12

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках