20 кастрычнiка 2020, aўторак, 11:45
Сім сім, Хартыя 97!
Рубрыкі

Сведка смерці Аляксандра Тарайкоўскага падрабязна распавёў, як забілі Героя

11
Сведка смерці Аляксандра Тарайкоўскага падрабязна распавёў, як забілі Героя
ФОТА: AP

Вячаслаў Смольскі 10 жніўня знаходзіўся побач з Тарайкоўскім.

Вячаслаў Смольскі, архітэктар-дызайнер, быў вымушаны з'ехаць ва Украіну пасля таго, як звярнуўся ў штаб Віктара Бабарыкі з прапановай даць паказанні ў якасці сведкі супраць сілавікоў аб справе аб забойстве Героя Беларусі Аляксандра Тарайкоўскага, паведамляе «Радыё Свабода».

Вячаслаў сам апынуўся ў небяспецы, калі падчас ператрусу ў штабе Віктара Бабарыкі былі канфіскаваныя кампутары, у якіх, хутчэй за ўсё, была ягоная перапіска з юрыстамі штаба. А неўзабаве пасля гэтага нехта ўзламаў замок у ягонай кватэры, распавёў Смольскі ўжо з Кіева:

«Я не ведаю, хто гэта быў - звычайныя злодзеі ці злачынцы ў пагонах. На той момант я ўжо хаваўся».

ВЯЧАСЛАЎ СМОЛЬСКІ (COURTESY PHOTO)

Ён пераехаў ва Украіну 17 верасня, калі ўкраінскія ўлады закрылі межы праз эпідэмію каранавіруса. Ён кажа, што пры перасячэнні беларускай мяжы памежнікі паўгадзіны вывучалі ягоны пашпарт, але ўсё ж дазволілі яму з'ехаць.

«Гэта быў дадатковы страх і стрэс», - прызнае ён.

У Смольскага засталіся ў Менску нявеста і хворыя бацькі. Бацька перанёс чатыры інсульты, а маці анкалагічную аперацыю.

Як загінуў Тарайкоўскі. Сведчыць Вячаслаў Смольскі

Сёння ў Беларускім інфармацыйным цэнтры ў Кіеве Вячаслаў Смольскі расказаў, як застрэлілі Аляксандра Тарайкоўскага:

«9 жніўня непадалёк ад Кальварыйскай сілы спецыяльнага рэагавання: АМАП, «Алмаз» і іншыя - стралялі ў людзей траўматычнымі кулямі, а ля стэлы былі выбухі светлашумавых гранат. Але, нягледзячы на гэта, людзі выйшлі, і 10 жніўня.

Наша калона рухалася з боку метро «Пушкінская». Ля моста на Кальварыйскай мы даведаліся, што на другім баку нас чакае «Алмаз». Тактычнай памылкай было б ісці на мост, мы разгарнуліся і зноў пайшлі на «Пушкінскую». Там нас сабралася блізу тры тысячы чалавек. Людзі стаялі на скрыжаванні праспекта Пушкіна і вуліцы Прытыцкага са сцягамі, скандавалі. Кіроўцы аўтобусаў і аўтамабіляў зладзілі корак, каб сілавікі не змаглі праехаць. Аднак «Алмаз» і, як потым пісалі СМІ, спецпрызначэнцы КДБ прыйшлі да нас па ходніках, з боку Кальварыйскай вуліцы.

У нейкі момант я ўбачыў, што побач са мной засталося 20 чалавек - людзі разбегліся, пачалася паніка, кіроўцы пачалі з'язджаць. А пасля лозунгу «Міліцыя з народам» сілавікі пачалі ўжываць светлашумавыя гранаты.

У нейкі момант я пачаў здымаць відэа. Не разумею чаму, але гэта стала вельмі важным. Перада мной быў Тарайкоўскі, які ішоў у шортах, майцы, з пустымі рукамі - і гэта добра відаць на відэа. Гэта пацвярджае, што версія МУС, быццам ён «выбухнуў на самаробнай выбуховай прыладзе», якую ён нёс у бок сілавікоў, - нахабная хлусня і спроба ўтаіць злачынства супраць чалавечнасці.

Сілавікі былі ў поўнай бяспецы - у бронекамізэльках, у форме, са зброяй. Супраць іх стаялі людзі, большасць з якіх былі ў шортах і майках; людзі, якія спрабавалі абараніць свой голас.

Нягледзячы на гэта, сілавікі выконвалі загад. Іх мэтай было страляць на паразу і здушыць пратэст усімі спосабамі. Аляксандр, які рухаўся ў бок сілавікоў, падняў рукі, і ў гэты момант побач з ім праляцела светлашумавая граната, якая ляцела яму ў жывот, але не зачапіла яго. А калі ён прайшоў яшчэ два метры наперад, у яго стрэлілі, пасля чаго ён пачаў нахіляцца і падаць, і, як відаць з іншага відэа, у яго быў яшчэ адзін стрэл, з іншага боку.

У гэты ж момант хлопец, які стаяў перада мной, падняў рукі ўверх, бо ў яго трапіла светлашумавая граната, якая сваім выбухам адарвала яму ступню. Людзі адвялі яго на прыпынак, пасадзілі ў «хуткую», але цяпер ягоны лёс невядомы - ён не трапляў ні ў якія зводкі праваабаронцаў або ў СМІ.

Другога хлопца мае сябры пасадзілі ў асабістае аўто. Пра яго потым былі навіны, што яму ампутавалі нагу праз светлашумавую гранату.

Кіроўца аўтобуса атрымаў раненне ў спіну, і, як пазней распавядалі медыкі, былі відаць ягоныя ўнутраныя органы.

У тую ноч я забраў з вуліцы дадому амаль 10 чалавек. Мы сачылі за навінамі праз проксі vpn, бо інтэрнэт у Беларусі быў заблакаваны.

У Беларусі няма свабоды слова. У Беларусі ўжо, калі шчыра, няма нічога, акрамя народа, моцнага народа, які ўжо не запалохаць, які перастаў баяцца. Беларусь яшчэ ніколі не была такой згуртаванай, людзі выходзяць на вуліцы і спрабуюць абараніць свой голас. Хочуць стварыць сумленную дзяржаву: без прадажных суддзяў, пракурораў, без той жорсткасці, якая чыніцца ў стаўленні да іх. І я веру, што мы зможам гэта зрабіць», - сказаў Вячаслаў Смольскі.

Спампоўвайце і ўсталёўвайце мэсэнджар Telegram на свой смартфон або кампутар, падпісвайцеся (кнопка «Далучыцца») на канал «Хартыя-97».