29 кастрычнiка 2020, Чацвер, 8:14
Сім сім, Хартыя 97!
Рубрыкі

Адвакат Дзмітрый Лаеўскі: Мы не пагодзімся на ролю мышэй пад венікам

3
Адвакат Дзмітрый Лаеўскі: Мы не пагодзімся на ролю мышэй пад венікам
ФОТА: ВОЛЬГА ШУКАЙЛА, TUT.BY

Трэба кожны дзень змагацца і ўсё атрымаецца.

Адвакаты - гэта незалежныя юрысты, якія надаюць прававую дапамогу людзям у тым ліку пры абароне ад крымінальнага пераследу і ў іншых спрэчках з уладай. Таму пераслед адвакатаў і стварэнне перашкодаў адвакацкай дзейнасці - гэта не толькі дзеянні супраць канкрэтных адвакатаў, гэта яшчэ і маркер, які вызначае стаўленне ўлады да правоў грамадзян агулам. Так адвакат бізнэсоўца і палітыка Віктара Бабарыкі і юрыста Максіма Знака Дзмітрый Лаеўскі пракаментаваў затрыманне і суд над адвакаткай Людмілай Казак, піша tut.by.

Людміла Казак была затрыманая 24 верасня ў цэнтры горада і правяла ноч на Акрэсціна. На яе былі складзеныя два пратаколы: на падставе артыкулаў 23.34 КоАП («Удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве») і 23.4 КоАП («Непадпарадкаванне патрабаванням супрацоўнікаў міліцыі»). Паводле пратакола, Казак 30 жніўня ўзяла ўдзел у акцыі, а пры затрыманні 24 верасня «надала супраціў» супрацоўнікам органаў унутраных спраў.

- Абсурднасць першага пратакола палягала ў тым, што ні ў якім «несанкцыянаваным мерапрыемстве» Людміла не ўдзельнічала (паколькі ў пазначаны ў пратаколе час знаходзілася ў іншым месцы - у гандлёвым цэнтры, набывала дзіцяці рэчы). Абсурднасць другога пратакола проста вынікала з абсурднасці першага - бо пярэчанне чалавека супраць яго захопу ў цэнтры горада невядомымі, калі адсутнічае падстава для «затрымання», не ўтварае непадпарадкавання, бо ў «супрацоўнікаў» адсутнічала «законная падстава» заяўляць нейкія патрабаванні, якім чалавек павінен быў бы падпарадкоўвацца, - адзначае Лаеўскі.

Суд адразу адправіў пратаколы на дапрацоўку, і ў выніку Казак судзілі толькі на падставе артыкула 23.4 КоАП (Непадпарадкаванне законнаму загаду ці патрабаванню службовай асобы пры выкананні ім службовых паўнамоцтваў). Суддзя Аляксандр Рудэнка аштрафаваў адвакатку на 25 базавых адзінак.

- Хоць рассыпаўся асноўны пратакол - за ўдзел у «несанкцыянаваным мерапрыемстве», аднак пры гэтым суддзя Рудэнка палічыў магчымым асудзіць Людмілу Казак за непадпарадкаванне «законным патрабаванням» міліцыі. На чым пабудаваныя высновы аб «законнасці» патрабаванняў міліцыі, якім нібыта не падпарадкавалася адвакатка - незразумела. Калі, як ужо высветлілася, падстаў для затрымання адвакаткі не было, то і законным затрыманне быць не можа, і патрабаванні пры такім затрыманні законнымі прызнавацца не могуць. Больш за тое, доваднай базай паслужылі «паказанні» двух суб'ектаў у масках, якія прадставіліся «Іванам Івановым» і «Аляксандрам Аляксандравым». Чаго вартыя сведчанні грамадзян са змененымі імёнамі і закрытымі тварамі? Бо яны могуць беспакарана казаць усё, што заўгодна. Аднак менавіта такія довады пакладзеныя ў аснову. Што гэта, калі не выключны цынізм? Цікава, хацелі б такога суда ў дачыненні да сябе тыя, хто гэта прыдумаў і рэалізаваў, - піша Лаеўскі.

Адвакат падкрэслівае: Людмілу Казак не затрымлівалі ў момант нейкіх «супрацьпраўных» дзеянняў. За ёй спецыяльна прасачылі і затрымалі ў горадзе ўдзень проста пасярод вуліцы. Мэта гэтага, мяркуе Лаеўскі, не выклікае сумненняў, з улікам таго, што адвакатка актыўна абараняе падабаронную - Марыю Калеснікаву.

- Між тым Макей распавядае свету, маючы на ўвазе афіцыйна агучаныя вынікі выбараў, пра тое, як у нас будуюцца «стабільнасць, мір і ўстойлівае развіццё». Мы бачым, як яны будуюцца і ў чым палягаюць. Думаецца, што ў дзяржаве, дзе суб'екты ў масках высочваюць адваката, каб схапіць яго і павезці ў ізалятар на падставе сфабрыкаванага пратаколу, які разваліцца яшчэ да суда, а потым для апраўдання гэтага цемрашальства адваката асуджаюць за непадпарадкаванне міліцыі, якая не мела права затрымліваць адваката, нешта не так.

Памятаеце гэты мем: «Штосьці не так»? Дык вось у нас тут, як бачым, моцна усё не так. Але мы не пагодзімся на ролю мышэй пад венікам. Мы прыйшлі ў прафесію абараняць права і будзем верныя гэтаму. Таму сёння абарона нашых грамадзян, нягледзячы на ўсе складанасці - гэта наш ўнёсак у дасягненне грамадства, заснаванага на павазе да права, і я перакананы, што такое грамадства беларусы абавязкова здолеюць стварыць. Проста трэба кожны дзень рабіць, і ўсё атрымаецца, - заявіў Дзмітрый Лаеўскі.

Спампоўвайце і ўсталёўвайце мэсэнджар Telegram на свой смартфон або кампутар, падпісвайцеся (кнопка «Далучыцца») на канал «Хартыя-97».