25 красавiка 2024, Чацвер, 9:17
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У баях за Нагорны Карабах ужытая цяжкая артылерыя

У баях за Нагорны Карабах ужытая цяжкая артылерыя

Абодва бакі нясуць страты ў жывой сіле і тэхніцы.

У жорсткіх баях за Нагорны Карабах Арменія і Азербайджан ужылі цяжкія артылерыйскія прылады.

Абодва бакі пацвердзілі, што баі за спрэчны рэгіён доўжыліся ў ноч на аўторак, 29 верасня. Ерэван і Баку таксама абвінавацілі адзін аднаго ў абстрэле цэляў, якія знаходзяцца на аддаленні шмат кіламетраў ад іх межаў, паведамляе dw.com.

Арменія адпрэчыла гэтае абвінавачванне, заявіўшы ў сваю чаргу, што Азербайджан ужыў беспілотнікі для ўдараў па яе тэрыторыі, у выніку чаго быў падбіты цывільны аўтобус. Паводле паведамлення Міністэрства абароны ў Ерэване, Азербайджан выкарыстаў цяжкія агнямётныя сістэмы "ТГС-1А", сістэмы "Смерч" і іншыя ўзбраенні вялікага калібру.

Прэс-сакратарка армянскай ваеннай установы Шушан Сцепанян 29 верасня апублікавала кадры знішчэння ў Карабаху двух азербайджанскіх шрубалётаў. Са свайго боку Азербайджан паведаміў, што ягоная армія паспяхова вядзе баі за горад Фізулі ў Карабаху, а армянскі бок нясе вялікія страты ў жывой сіле і тэхніцы.

Новая ўспышка баёў за Карабах

Баі паміж Арменіяй і Азербайджанам аднавіліся 27 верасня пасля таго, як Азербайджан пачаў маштабную ваенную аперацыю на лініі судакранання ў Нагорным Карабаху, заявіўшы пра "контрнаступ" для "стрымання баявой актыўнасці ўзброеных сілаў Арменіі і гарантыі бяспекі цывільнага насельніцтва".

Эксперты асцерагаюцца далейшага разрастання канфлікту ў рэгіёне і ўдзелу ў вайне за Карабах Турцыі і Расеі. Арменія з'яўляецца чальцом Арганізацыі Дамовы аб калектыўнай бяспецы (АДКБ), удзельніцай якога з'яўляецца і Расея. У той самы час Турцыя адкрыта заявіла пра падтрымку Азербайджана.

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках