19 сакавiка 2024, aўторак, 6:34
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Як беларусам не плаціць транспартны падатак у 2021 годзе

65
Як беларусам не плаціць транспартны падатак у 2021 годзе

Спецыялісты расказваюць на прыкладах.

З новага года ў Беларусі ўведзены новы рэспубліканскі падатак – транспартны. Гэтых змяненняў аўтамабілісты чакалі блізу двух гадоў.

Эксперты з выдання mlyn.by разабраліся, каму плаціць не трэба, што рабіць з «падснежнікамі» і аварыйнымі машынамі.

Раней кіроўцы перад праходжаннем тэхагляду выплачвалі дзяржмыту за выдачу дазволу на допуск аўто да ўдзелу ў дарожным руху. Памер мыты залежаў ад прызначэння, вагі транспартнага сродку, а таксама ад таго, на які перыяд выдаецца допуск (у залежнасці ад узросту аўтамабіля на 1 год ці на 2 гады). У выніку сумы атрымліваліся прыстойнымі, і многія аўтаўладальнікі папросту ігнаравалі гэтае абавязальніцтва. Штраф жа за адсутнасць тэхагляду ў параўнанні з дзяржмытай быў невялікім, і яго накладанне было справай выпадку: спыніць вас дзяржаўтаінспектар ці не.

Хто будзе плаціць падатак?

Плацельнікамі падатку будуць арганізацыі і фізічныя асобы (у тым ліку зарэгістраваныя як ІП). Падаткам жа будуць абкладацца аўтамабілі, зарэгістраваныя ў ДАІ МУС (за выключэннем электрамабіляў; транспартных сродкаў, зарэгістраваных да 1991 года; аўтамабіляў медыцынскай дапамогі).

Добрая навіна: калі вы не выкарыстоўваеце свой аўтамабіль і, адпаведна, не хочаце выплачваць падатак, вам трэба будзе зняць яго з уліку ў ДАІ да 1 ліпеня гэтага года. Так што часу для таго, каб вызначыцца, што ж далей рабіць, нам пакінулі дастаткова.

Што рабіць з аўтахламам?

Калі вы з'яўляецеся ўладальнікам аўтамабіля, але не карыстаецеся ім, а аддалі праз даверанасць для карыстання іншай асобе, плаціць падатак будзеце вы. У ДАІ ваш аўтамабіль зарэгістраваны на вас. Такія ж праблемы могуць з’явіцца ва ўладальнікаў старых аўтамабіляў, зарэгістраваных пасля 1991 года, аварыйных машынаў, якія стаяць у гаражах або на стаянках і не выкарыстоўваюцца. Ад такіх аўтамабіляў трэба не толькі пазбавіцца фізічна, але і зняць іх з уліку.

Калі я аплаціў мыту летась?

Не забылася дзяржава і пра добрасумленных плацельнікаў дзяржаўнай мыты ў мінулыя перыяды. Яны пачнуць плаціць падатак толькі з таго перыяду, калі скончыцца тэхагляд на іх аўтамабіль. Напрыклад, вы прайшлі дзяржтэхагляд у траўні 2020 года, сертыфікат пра праходжанне вам выдадзены на год. Падатак будзе вылічаны, пачынаючы з чэрвеня 2021, то-бок за 7 месяцаў бягучага года.

Як разлічваецца сума?

Разлічваць суму падатку самім не давядзецца, за вас гэта зробяць падатковыя органы на падставе прапанаваных ім звестак пра зарэгістраваныя транспартны сродкі. Таму праверце свае дакументы і прывядзіце іх у парадак, каб да 1 верасня 2021 года для вас не стала сюрпрызам дасланае з падатковай апавяшчэнне пра выплату падатку. Аплаціць дзяржмыту неабходна да 15 лістапада 2022 года.

Калі ўсё ж у вас ёсць аўтамабіль, вы ім карыстаецеся, ён зарэгістраваны на вас, але з нейкай прычыны на 1 студзеня 2021 года ў вас адсутнічае дазвол на допуск да ўдзелу ў дарожным руху (дзяржтэхагляд), вам неабходна зрабіць авансавы плацёж памерам 1 базавая велічыня за кожны аўтамабіль да 15 снежня 2021 года.

Што ж тычыцца памеру самога падатку, яго зрабілі фіксаваным для кожнай катэгорыі транспартнага сродку. Як і раней, асноўная градацыя адбываецца, зыходзячы з прызначэння аўто і ягонай вагі. Праўда, падзел у вазе стала больш пашыраным для фізічных асобаў. Напрыклад, за сярэднестатыстычны легкавы аўтамабіль ад 1,75 да 2 тонаў трэба будзе выкласці 102,00 рубля. Для параўнання: летась пры такіх самых параметрах трэба было 6 базавых велічыняў, што складала 162,00 рубля. А калі допуск выдаваўся на 2 гады, сума падвойвалася.

Атрымліваецца, адны плюсы?

У выніку падатковая нагрузка на аўтаўладальнікаў паменшылася. Выплата мыты стане планавай і аднолькавай для ўсіх. Аплаціць падатак можна будзе цягам 10 месяцаў наступнага года ў любы зручны час. Уладальнікі, чые аўтамабілі маладзейшыя за 10 гадоў, атрымаюць выгоды ўдвая. Такое змяненне не можа не радаваць, а дзяржтэхагляд стане праходзіць значна большая колькасць аўтаўладальнікаў, бо кошт яго праходжання цяпер будзе практычна роўны штрафным санкцыям за ягоную адсутнасць. З прыняццем гэтых зменаў на дарогах краіны павінна стаць больш бяспечна і камфортна. Спадзяемся, палепшыцца і якасць транспартных артэрый, бо агульная сума падатковых збораў, якія паступаюць у бюджэт, павялічыцца.

Напісаць каментар 65

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках