23 красавiка 2024, aўторак, 18:55
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Сем фактаў пра Уладзіміра Мулявіна, якому 12 студзеня споўнілася б 80 гадоў

3
Сем фактаў пра Уладзіміра Мулявіна, якому 12 студзеня споўнілася б 80 гадоў
Уладзімір Мулявін

«Песняры» застаюцца адным з найбуйнейшых культурных дасягненняў Беларусі ХХ стагоддзя.

Уладзімір Мулявін нарадзіўся ў 1941 у Свярдлоўску (цяпер Екацярынбург, Расея), вучыўся ў мясцовай музычнай вучэльні, працаваў у філармоніях Сібіры, піша nn.by.

У 1963 яго запрасілі ў Белдзяржфілармонію, дзе ў 1968 годзе Мулявін заснаваў ансамбль «Лявоны», які ў 1970 стаў называцца «Песняры».

Вывучыў беларускую мову, каб працаваць з народнай песняй. Дзякуючы «Песнярам» беларускі фальклор і класічная паэзія (Купала, Колас, Багдановіч, Танк) сталі вядомыя на ўвесь СССР. Сабраў залаты склад музыкаў: Місевіч, Барткевіч, Кашапараў, Тышко, Дзямешка, Дайнэка, Палівода.

У 2002 годзе Мулявін трапіў у аўтааварыю і 26 студзеня 2003 памёр ад атрыманых траўмаў у лякарні. Пахаваны на Усходніх могілках у Менску.

«Песняры» застаюцца адным з найбуйнейшых культурных дасягненняў Беларусі ХХ стагоддзя.

Продкі Уладзіміра Мулявіна былі заможнымі сібірскімі купцамі

Яны трымалі крамы, былі адукаванымі. Савецкая ўлада рэпрэсавала іх. І ўжо бацька Уладзіміра, Георгій Мулявін, быў звычайным рабочым на заводзе «Уралмаш». Музычна адораны Георгій Мулявін добра граў на гітары. Пасля сышоў з сям'і да іншай жанчыны, пакінуўшы жонку з трыма дзецьмі.

Мулявін не меў закончанай музычнай адукацыі: яго адлічылі з другога курсу

Яго першым настаўнікам музыкі быў палітвязень Аляксандр Наўроцкі. Як распавядаў Мулявін, гэты выпускнік Харкаўскага інстытута культуры і былы вязень сталінскіх лагераў быў незвычайна таленавітым музыкам-педагогам. Ён першым разглядзеў у Мулявіне не толькі талент, але і каласальную працаздольнасць. Наўроцкі займаўся са сваім выхаванцам па шэсць-сем гадзін на дзень, і ў выніку Мулявін паступіў у Свярдлоўскую музычную вучэльню. Ён вучыўся на аддзяленні народных інструментаў, самастойна асвоіў гітару, фартэпіяна і стварыў джаз-бэнд.

Мулявін не меў закончанай музычнай адукацыі, бо яго адлічылі з другога курсу за «Заляцанні да заходняй музыкі».

Рваў уласныя ноты

Патрабавальнасць Мулявіна да сябе пераходзіла ўсе межы. Калі пры першым выкананні песні публіка рэагавала млява, Мулявін пасля канцэрту рваў уласныя ноты, і песня больш не выконвалася.

Песні пісаў на досвітку

Песні пісаў на досвітку, паміж 4 і 9 гадзінамі раніцы.

Падчас прыёму новага музыкі ў «Песняры» Мулявін прасіў кандыдата праспяваць куплет з «Белавежскай пушчы».

Калі прэтэндэнт браў верхнія ноты, ён мог разлічваць на ўваходжанне ў склад гурта.

Тры жонкі, чацвёра дзяцей

У 1959 годзе 18-гадовы Уладзімір Мулявін ажаніўся з артысткай Лідзіяй Кармальскай, якая выступала ў рэдкім жанры мастацкага свісту. У 1961 у іх нарадзілася дачка Марына, а ў 1975 - сын Уладзімір.

У тым жа 1975-м шлюб з Кармальской распаўся, і Мулявін ажаніўся са Святланай Слізскай. У 1976 у іх нарадзілася дачка Вольга.

Другі шлюб праіснаваў да 1981 года. Мулявін развёўся і ажаніўся трэцім раам з акторкай Святланай Пенкінай. Пазнаёміў іх калега з «Песняроў» Уладзіслаў Місевіч. У 1982 ва Уладзіміра і Святланы нарадзіўся сын Валерый.

Брата забілі, сын загінуў ад наркотыкаў

Смерць брата, Валерыя Мулявіна, так і не была расследаваная. Ён загінуў у Ялце ў 1973-м, пасля канцэрту. Пракуратура і міліцыя адразу агучылі версію: зваліўся на парапет і разбіўся. Але «пясняр» Уладзіслаў Місевіч сцвярджаў у інтэрв'ю, што Валерыя забілі крымінальнікі. «Яго прайгралі ў карты. Прычым, магчыма, злачынцы паставілі на кон Валодзю. Але не вельмі разабраліся, хто з братоў хто, а можа, разважылі, што кіраўнік - той, хто старэйшы».

У дзень смерці брата Уладзімір Мулявін з «Песнярамі» быў вымушаны адыграць два канцэрты. Чыноўнікі не дазволілі скасаваць іх. Крымінальную справу зачынілі «за адсутнасцю доказаў». Валерый Мулявін пахаваны на Чыжоўскіх могілках у Менску.

Трагічнай была і смерць сына Уладзіміра Мулявіна - таксама Уладзіміра. Яны з бацькам былі падобныя як дзве кроплі вады. Сын таксама быў музыкам і нават супрацоўнічаў з «дзяржаўнымі» «Песнярамі». Пасля быў асуджаны за распаўсюд наркотыкаў на турэмны тэрмін і ў 2006-м памёр у зняволенні. Прычынай смерці, як паведамлялася, было доўгае ўжыванне наркотыкаў.

Што да самога Мулявіна, то яго пад канец жыцця былыя калегі абвінавацілі ў злоўжыванні алкаголем. З гэтага і пачаліся расколы ў ансамблі: з'явіліся «Беларускія песняры» і іншыя аскепкі былой велічы.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках