25 красавiка 2024, Чацвер, 17:39
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Футбольны клуб «Дынама-Брэст» стаў дзяржаўным

11
Футбольны клуб «Дынама-Брэст» стаў дзяржаўным

Бізнэсовец Зайцаў пакінуў клуб.

12 студзеня адміністрацыя Маскоўскага раёна Берасця зарэгістравала ўстанову фізічнай культуры і спорту «Дзяржаўны футбольны клуб «Дынама-Брэст», паведамляе «Прессбол». Такім чынам скончаны перыяд, калі гэтай берасцейскай камандай, якая выступае ў вышэйшай лізе чэмпіянату Беларусі, кіраваў суўладальнік «Брэміна груп» Аляксандр Зайцаў.

Зайцаў і звязаныя з ім структуры пачалі актыўна фінансаваць берасцейскае «Дынама» ў 2016 годзе. У 2017-м «Дынама» здабыло Кубак Беларусі і заняло 4-е месца ў чэмпіянаце - гэта быў найлепшы вынік клуба за апошнія 25 гадоў. На наступны год каманда размясцілася на 6-м месцы. У 2019-м «Дынама» стала чэмпіёнам краіны. Таксама на ягоным рахунку тры Суперкубкі Беларусі (2018, 2019 і 2020). У чэмпіянаце Беларусі-2020 «Дынама» заняло чацвёртае месца.

Зайцаў з «Дынама» будаваў грандыёзныя планы. Адзін кантракт з Дыега Марадонам чаго варты. Але найбольш маштабным быў праект будаўніцтва ў горадзе над Бугам шматфункцыянальнага комплексу з футбольным стадыёнам. Аднак для гэтага патрабаваліся вялікія грошы і пляцоўка. Як мінімум з адным з гэтых пунктаў паўсталі складанасці.

Чуткі пра тое, што Зайцаў верне каманду дзяржаве, пачалі курсаваць у 2020 годзе. Падставы для гэтага даў сам бізнэсовец у канцы 2019 года, калі зрабіў нечаканую заяву, што яму больш сімпатычны іншы берасцейскі клуб - «Рух». «Бывае такое ў жыцці: жывеш з адной, а любіш іншую», - сказаў ён.

Хто такі Аляксандр Зайцаў

Tut.by адзначае, што Аляксандр Зайцаў нарадзіўся ў 1976 годзе ў Ружанах. Скончыў Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт. Затым працаваў у камерцыйных і дзяржаўных установах, напрыклад, у інстытуце пры Мінэканомікі. Быў памочнікам прэм'ер-міністра Сяргея Сідорскага і Віктара Лукашэнкі. У 2018 годзе Зайцаў заявіў, што ён «гадоў 10 як рэзідэнт Аб'яднаных Арабскіх Эміратаў», дзе сканцэнтраваныя ягоныя асноўныя бізнэс-інтарэсы».

У 2016 годзе Sohra Group - кампанія Зайцава, зарэгістраваная ў ААЭ, - атрымала кантрольны пакет акцый футбольнага клуба «Дынама-Брэст». «У дзяцінстве заўзеў за берасцейскае «Дынама». Калі некалькі гадоў таму клуб мог стаць банкрутам і вылецець з вышэйшай лігі чэмпіянату Беларусі, мне стала крыўдна за такое становішча спраў. Гэта была даніна дзяцінству, калі хочаце», - казаў ён у інтэрв'ю ў 2018 годзе.

Найбуйнейшыя актывы Зайцава - шматпрофільная Sohra Group і доля ў беларускай «Брэміна Груп», якой ён валодае на парытэтных пачатках з Мікалаем Вераб'ём і Аляксеем Алексіным. Супольна з «Белспецзнештэхнікай» і латвійскай кампаніяй структуры Зайцава валодаюць кампаніяй «БСВТ - новыя тэхналогіі», якая займаецца распрацоўкай і выпускам аптычна-электронных прыбораў.

Сярод іншых інтарэсаў бізнэсоўца дыстрыбуцыя машынабудаўнічай прадукцыі ў краіны Персідскай затокі, продаж паліва, угнаенняў і арганамінеральных сумесяў, шэраг праектаў у здабычы прыродных выкапняў у Афрыцы.

У рэйтынгу «Ежедневніка» ў топ-200 паспяховых і ўплывовых бізнэсоўцаў Беларусі - 2019 заняў 10-е месца.

На пачатковым этапе Аляксандр Зайцаў фінансава падтрымліваў «Рух». Аднак калі каманда выйшла ў элітны дывізіён, то адхрысціўся ад свайго ўдзелу ў гэтым праекце. Справа ў тым, што ў вышэйшай лізе не могуць гуляць дзве і больш каманды, якія маюць аднаго ўладальніка.

У сезоне 2020 года «Рух» заняў 8-е месца ў вышэйшай лізе. У міжсезонне ў гэтую каманду ўжо перайшлі шэраг гульцоў берасцейскага «Дынама».

Найбліжэйшым часам Аляксандр Зайцаў мае намер прадаўжаць падтрымліваць «Рух». Застаецца пакуль адкрытым пытанне, дзе каманда будзе базавацца і праводзіць дамашнія матчы. Адзін з варыянтаў - гэта Пружаны. Пра гэта паведамляла летам газета «Раённыя будні» са спасылкай на старшыню мясцовага райвыканкама Юрыя Бісуна.

Паводле інфармацыі pruzhany.net, Аляксандр Зайцаў фінансуе рэканструкцыю касцёла і капліцы ў Пружанскім раёне, хоча пабудаваць яшчэ і дарогу. Адзначым, што Зайцаў з'яўляецца выхадцам Ружанаў Пружанскага раёна.

Што будзе з берасцейскім «Дынама»? Мясцовыя ўлады не робяць трагедыі праз змену ўласніка. Кажуць, што каманда, можа, і не будзе змагацца за прызавыя месцы, але дакладна не знікне. Ідэя клуба палягае ў тым, каб выбудаваць адзіную сістэму падрыхтоўкі футбалістаў Берасцейскай вобласці, сказаў начальнік управы спорту і турызму Берасцейскага аблвыканкама Мікалай Глушэння.

Напісаць каментар 11

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках