19 красавiка 2024, Пятніца, 21:48
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Лекары ананімна распавялі, пра ўзровень захворвання на COVID-19 у Беларусі

6
Лекары ананімна распавялі, пра ўзровень захворвання на COVID-19 у Беларусі
ФОТА: REUTERS

Цяпер больш, чым у першую хвалю, цяжкіх пацыентаў.

На гэтым тыдні Міністэрства аховы здароўя паведаміла, што «колькасць захворванняў на каранавірусную інфекцыю па краіне ніжэйшая, чым чакалася», таму многія ўстановы аховы здароўя вяртаюцца да звыклага рэжыму працы. Напрыклад, гаворка ідзе пра радзільню №2 у Менску, пра гарадскую гінекалагічную бальніцу сталіцы. Tut.by спытаў медыкаў з Менска, ці лічаць яны, што ўзровень захворвання на COVID-19 ніжэйшы, чым мог быць?

Лекар-інфекцыяніст адной з менскіх паліклінік:

- Апошнія сем-дзесяць дзён мы ў паліклініцы назіраем зніжэнне колькасці зваротаў ва ўстанову з нагоды вострых рэспіраторных вірусных захворванняў, а таксама зніжэнне адсотка станоўчых тэстаў на COVID-19, што можа гаварыць пра некаторы спад захворвання на COVID-19. Можна толькі гадаць, з чым гэта звязана: з увядзеннем масачнага рэжыму, а можа, з натуральным хвалепадобным цягам эпідэміі. Імаверна, на распаўсюдзе інфекцыі таксама адбіліся неспрыяльныя ўмовы надвор'я.

Адназначна можна сказаць, што нішу, якая вызвалілася, абавязкова зоймуць іншыя рэспіраторныя вірусы: з пацяпленнем прыйдзе грып, што ўнясе дадатковы фактар у дыферэнцыяльную дыягностыку вострых ліхаманкавых захворванняў. У любым выпадку ў краіне пакуль няма дастатковай праслойкі імунных асоб (перахварэлых або вакцынаваных), каб спыніць распаўсюд віруса, таму расслабляцца не варта. Па-ранейшаму актуальна насіць маскі, мыць рукі, часта праветрываць памяшканні і выконваць сацыяльную дыстанцыю, - тлумачыць медык.

Педыятр менскай дзіцячай паліклінікі кажа, што ва ўстанове таксама заўважылі зніжэнне ўзроўню захворвання на каранавірусную інфекцыю. Але да гэтага ставяцца з насцярожанасцю, таму што ўсё развіваецца хвалепадобна: цяпер трохі выпадкаў, але праз нейкі час іх можа стаць больш.

- Да навагодніх і калядных свят у нас было па 20 візітаў на дом для ковіднай брыгады, а ўчора (14 студзеня), напрыклад, шэсць. Цяпер стала менш не толькі візітаў, але і кантактаў першага ўзроўню. Магчыма, гэта звязана з вялікімі выходнымі і канікуламі. Усё ж такі дзеці толькі зараз выйшлі ў школу, а ў многіх бацькоў, якія працуюць на заводах (сярод родных нашых пацыентаў такіх шмат), былі доўгія выходныя.

Хірург 3-га шпіталя Менска, дзе лечаць пацыентаў з COVID-19, кажа, што зніжэння ўзроўню захворвання лекары тут пакуль не заўважылі і чакаюць яго толькі да лютага. Тым не менш свабодныя койкі ў бальніцы ёсць. Аднак цяпер больш, чым у першую хвалю, цяжкіх пацыентаў.

- Прагназаваць штосьці ў гэты момант вельмі складана. Ад гэтага лягчэй не стане. Мы працавалі ў першую хвалю з самага пачатку з цяжкімі пацыентамі і цяпер, у другую, працуем з імі. Можна сказаць, што ў нашай клініцы вялікі досвед, але нават мы цяпер не можам прадказаць, як будзе здаравець пацыент, вельмі часта спрагназаваць працяг ускладненняў проста немагчыма. Надыходзіць дзень, калі стан твайго пацыента, які актыўна ішоў на папраўку і якога ў перспектыве планавалі выпісваць, у адзін момант пагаршаецца, у яго падае сатурацыя, і што б ты ні рабіў, ад цябе ўжо, здаецца, нічога не залежыць.

Лекар агульнай практыкі паліклінікі Менска распавядае, што на сваім досведзе яна пакуль не ўбачыла зніжэння ўзроўню захворвання COVID-19. Прыёмаў першасных хворых і візітаў на дом на гэтым тыдні быў нават большы, чым на папярэдніх. З чым гэта звязана - сказаць дакладна немагчыма. Аднак медык адзначае, што, магчыма, такая тэндэнцыя выявілася толькі на яе ўчастку.

Паводле звестак Міністэрства аховы здароўя, за апошнія дні ў Беларусі зарэгістраваны 1941 пацыент з COVID-19, выпісаныя 2054 пацыенты. З пачатку пандэміі ў Беларусі былі зарэгістраваныя 221 604 чалавекі са станоўчым тэстам на COVID-19. Ачунялі 204 500 пацыентаў, у якіх раней быў пацверджаны дыягназ COVID-19.

За ўвесь перыяд распаўсюджвання інфекцыі на тэрыторыі краіны памерлі 1564 пацыенты з выяўленай каранавіруснай інфекцыяй. Дзесяць - за апошнія дні.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках