19 красавiка 2024, Пятніца, 5:37
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Навальны прымусіў Крэмль сур'ёзна нервавацца

Навальны прымусіў Крэмль сур'ёзна нервавацца

Адміністрацыя Байдэна можа задумацца пра жорсткія санкцыі супраць РФ.

Аляксей Навальны вяртаецца ў Расею 17 студзеня – пра гэта ён нядаўна абвясціў у сваім чарговым відэа, і расейскі афіцыёз адрэагаваў на гэтыя словы неадкладна.

Расейскія сілавікі, адміністратары і лаяльныя Уладзіміру Пуціну грамадскія сілы развілі з нагоды прыезду чалавека, якога Крэмль грэбліва называе «берлінскім пацыентам», ліхаманкавую актыўнасць: ФСВП заявіла, што абавязкова яго затрымае, паколькі Навальны нечакана апынуўся ў вышуку; пракуратура Масквы загадзя абвясціла збор прыхільнікаў заснавальніка Фонду барацьбы з карупцыяй, якія хочуць сустрэць яго ў аэрапорце, «незаконным мерапрыемствам»; сам аэрапорт Унукава забараніў журналістам працаваць на сваёй тэрыторыі праз «антыкаранавірусныя захады»; пракрамлёўскія грамадскія групы заявілі, што прыбудуць ва Унукава абурацца супраць прыезду Навальнага, і пра якія-небудзь пагрозы з боку пракуратуры на іх адрас нічога не вядома, паведамляе «Голас Амерыкі».

Час, які выбраў Навальны для свайго вяртання ў Расею, складана назваць удалым у сэнсе медыйнасці гэтага кроку: многія сусветныя тэлеканалы разрываюцца паміж рэпартажамі пра напружаную сітуацыю ў ЗША перад інаўгурацыяй Джо Байдэна і аповедам пра новы выбух пандэміі каранавірусу.

Тым не менш, паколькі ў жніўні летась навіна пра атручэнне найбольш вядомага расейскага апазіцыянера доўгі час была першай сярод сусветных, да палёту Аляксея Навальнага на рэйсе авіякампаніі «Перамога» будзе прыкаваная вялікая ўвага ўсіх заходніх палітыкаў і журналістаў.

Ці наважыцца расейская ўлада на неадкладныя рэпрэсіі супраць чалавека, якога, мяркуючы з расследавання, праведзенага ў тым ліку і самім Навальным, яе сілавыя структуры ледзь не забілі? Як такія рэпрэсіі, калі яны адбудуцца, адаб'юцца на стасунках Масквы з новай амерыканскай адміністрацыяй, якая пачне выконваць свае абавязкі ўжо праз пяць дзён?

Анджэла Стэнт: Байдэн можа задумацца пра жорсткія санкцыі

Дырэктар Цэнтра даследаванняў Расеі і Еўразіі ў Джорджтаўнскім універсітэце Анджэла Стэнт (Angela Stent) мяркуе, што Аляксей Навальны прымусіў Крэмль сур'ёзна нервавацца: «Перад Крамлём стаіць дылема: з аднаго боку, праз унутрыпалітычныя прычыны яны ўжо сказалі, што арыштуюць Навальнага паводле ўсіх гэтых абвінавачванняў, і калі яны гэтага не зробяць, то будуць выглядаць слабымі. З іншага боку, калі ён будзе пасаджаны ў турму, то менавіта ўнутры краіны гэта можа зрабіць Навальнага яшчэ больш папулярным і стварыць яму вобраз пакутніка ў вачах шмат каго з расейцаў».

Стэнт перакананая, што магчымы арышт Аляксея Навальнага ўзмоцніць напружанасць паміж Расеяй і Захадам: «У сэнсе стасункаў Расеі з Захадам ягоны арышт, вядома, будзе выглядаць агідна, і Еўропа ўжо ўвяла персанальныя санкцыі ў сувязі з ягоным атручваннем. Я мяркую, што адміністрацыя Байдэна можа задумацца пра яшчэ больш жорсткія санкцыі, і рэакцыя будзе ўзмацняцца. Так што дылема ёсць, і Крэмль, падобна, вельмі хацеў бы, каб Навальны так і заставаўся ў Нямеччыне, і ім не давялося б ні пра што турбавацца».

«Людзі ў адміністрацыі Байдэна, якія будуць займацца Расеяй – дзяржсакратар Тоні Блінкен, ягоная намесніца Вікторыя Нуланд, дарадца прэзідэнта ў нацыянальнай бяспецы Джэйк Саліван – ясна давалі зразумець, што дэмакратыя і правы чалавека вельмі важныя, і, у адрозненне ад адміністрацыі Трампа, яны маюць намер падымаць гэтыя тэмы. З іх прыходам Вашынгтон стане больш актыўным на гэтым кірунку, і яны, хутчэй за ўсё, стануць на бок тых у Расеі, хто выступае за правы чалавека» – мяркуе Анджэла Стэнт.

Эксперт у Расеі ў Джорджтаўнскім універсітэце нагадвае, што атручванне Навальнага і ягоныя ўласныя крокі выклікалі на Захадзе вялікі рэзананс: «Сярод апазіцыйных фігураў у Расеі Навальны з'яўляецца найбольш вядомым на Захадзе, і той факт, што яго спрабавалі забіць з дапамогай атручвання, а таксама ягонае супольнае расследаванне з Bellingcat і нават ягоная гутарка з адным з атрутнікаў – усё гэта дэманструе, наколькі эфектыўна, смела і ў нейкай меры правакацыйна Навальны дзейнічае».

Сяргей Аляксашанка: Рэакцыя Захаду на атручэнне Навальнага была слабой

Вядомы расейскі эканаміст Сяргей Аляксашанка, у мінулым – першы намеснік старшыні Цэнтральнага банка Расеі, мяркуе, што пакуль няма падставаў чакаць ад Захаду большага, чым раней, ціску на Маскву праз Аляксея Навальнага:

«У цэлым я стаўлюся досыць скептычна да таго, як Захад паводзіць сябе ў дачыненні да Навальнага і палітычнай сітуацыі ў Расеі ўвогуле з усімі тамтэйшымі парушэннямі правоў чалавека. Пакуль Захад паказвае, што ўсё, што адбываецца ўнутры межаў Расеі, – гэта не ягоная справа. Збольшага Захад пастанавіў аддаць Расею на водкуп Пуціну».

«Сітуацыя з Навальным – гэта ўжыванне баявой хімічнай зброі, але давайце ўспомнім сітуацыю з атручваннем Скрыпаляў: тады рушыла скаардынаваная акцыя заходніх краінаў ў высылкай расейскіх дыпламатаў. Нічога падобнага ў выпадку з Навальным не было зроблена, а санкцыі, якія прыняла Еўропа, даволі слабыя. Разлік на тое, што Захад зменіць свае паводзіны, калі Навальнага раптам арыштуюць, я назваў бы добрымі пажаданнямі, якія наўрад ці спраўдзяцца», – мяркуе эканаміст.

Аляксашанка кажа, што расчараваны адсутнасцю ясных дзеянняў Вашынгтона ў дачыненні да Масквы ў гісторыі з атручваннем Навальнага: «Адсутнасць амерыканскіх санкцый у гэтай гісторыі вельмі важная. У гісторыі са Скрыпалямі Амерыка шмат у чым задала тон, а ў выпадку з Аляксеем Навальным гэтага зроблена не было. Прайшло пяць месяцаў, адміністрацыя Трампа нічога не зрабіла, і звярніце ўвагу, што каманда Байдэна на гэтую тэму таксама маўчыць. А ў Крамлі не дурні сядзяць, яны вельмі ўважліва счытваюць сігналы, якія атрымліваюць. Атруцілі Навальнага, і Амерыка не сказала нічога – значыць, можна яшчэ каго-небудзь атруціць, можна з Навальным што-небудзь яшчэ зрабіць».

«Вядома, калі Навальны проста пасля прылёту ў Маскву будзе арыштаваны і пасаджаны ў турму, будзе вялікі скандал. Але калі ён прыляціць у Маскву, і ФСВП, якая павінна ўручыць яму позву ў суд, прымусіць правесці яго ў аэрапорце гадзінаў дванаццаць, потым яму ўручаць гэтую позву і адпусцяць, потым пачнуць кожны тыдзень два разы выклікаць то ў суд, то на допыты, гэта значыць, будуць здзекавацца – пра гэта нават ніхто і не напіша», – мяркуе Сяргей Аляксашанка.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках