17 красавiка 2024, Серада, 0:57
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Хакеістка Юлія Абасава: Цяпер трэба рабіць усё, каб звярнуць увагу на беззаконне, якое адбываецца ў Беларусі

1
Хакеістка Юлія Абасава: Цяпер трэба рабіць усё, каб звярнуць увагу на беззаконне, якое адбываецца ў Беларусі

Спартоўка сабрала дзясяткі тысячаў подпісаў за скасаванне ЧС у хакеі ў Менску.

Чэмпіёнка Украіны жаночага чэмпіянату 2017/18 беларуска Юлія Абасава расказала "Трыбуне" пра тое, як стварыла петыцыю за скасаванне ЧС-2021 у Менску, якую ўжо падпісала больш за 56 тысячаў чалавек.

– Як прыйшла думка запусціць петыцыю?

– Думка прыйшла вельмі выразна 13 жніўня, калі ў краіне нарэшце далі інтэрнэт і ў сеціва лінуў струмень таго жаху, які адбываўся 9–12 жніўня. Я працую ў айтышцы, у нас і так быў частковы доступ праз ВПН. Я прыблізна ведала, што адбываецца. Тым больш у мяне многія знаёмыя былі ў самай гушчы падзей.

Але калі стала вядома, што адбывалася ў РУУС, аўтазаках і на Акрэсціна, я, чалавек, які вельмі любіць хакей, зразумела, што цяпер кожны павінен рабіць усё, што можа, каб звярнуць увагу сусветнай грамадскасці на жахі і беззаконне, якое адбываецца ў Беларусі. І ідэя напісаць петыцыю неяк вельмі хутка аформілася ў галаве. І напісала я яе літаральна за 15 хвілінаў.

– Каму перадалі петыцыю ў ІІХФ?

– Першапачаткова адкрыты ліст быў адпраўлены толькі ІІХФ і прэзідэнту Рэнэ Фазэлю праз афіцыйную пошту федэрацыі. А літаральна ўчора мы адправілі яго кожнаму чальцу Рады ІІХФ, якія будуць прымаць пастанову пра перанос ЧС у Менску на пасяджэнні рады 25–26 студзеня.

– Ці чакалі, што Фазэля так раскрытыкуюць у СМІ пасля сустрэчы з Лукашэнкам?

– Вядома. Я, як і многія, увогуле была ў шоку ад гэтых цёплых абдымкаў. І мяркую, што Фазэль падставіў пад удар не толькі сваю рэпутацыю, але і рэпутацыю ІІХФ як міжнароднай спартовай арганізацыі. Маё меркаванне – ён увогуле павінен сысці ў адстаўку. А ён цяпер выкручваецца, нават хлусіць, кажучы пра тое, што стэлефаноўваўся з Ціханоўскай нібыта напярэдадні свайго візіту ў Менск.

– Вы падпісантка ліста спартоўцаў за новыя выбары і супраць гвалту. На вас ціснуць?

– На мяне цяпер цяжка ціснуць. Няма вагароў. У жаночай лізе я гуляла ва Украіне. У Беларусі няма жаночага хакею, таму тут я трэніруюся і гуляю выключна з аматарамі. Працую ў ІТ, праз працу на мяне цяжка націснуць – няма, з якіх зборных мяне выключыць, не могуць, проста таму што іх няма.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках