23 красавiка 2024, aўторак, 13:03
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Мінспорту забараніла беларускім клубам замежныя зборы

5
Мінспорту забараніла беларускім клубам замежныя зборы

Усё выдатна. Грошай няма.

Яшчэ раз: беларускім футбольным клубам з дзяржаўным фінансаваннем забараняюць праводзіць вучэбна-трэніровачныя зборы за мяжой. Пра тое, што так могуць зрабіць, упершыню паведаміў журналіст Уладзіслаў Татур 14 студзеня. У той самы дзень гэтую інфармацыю мне пацвердзілі некалькі не звязаных адна з адной крыніцаў, яшчэ некалькі – 15 студзеня піша pressball.by.

Нягледзячы на ясную пазіцыю БФФ і Мінспорту з нагоды замежных збораў у цяперашніх умовах, шэраг клубаў прадаўжае "перакідацца паперкамі" з дадзенымі інстанцыямі ў надзеі знайсці разуменне. Зрэшты, з маёй інфармацыі, усе гэтыя спробы асуджаныя на крах.

Дзяржава фінансуе ўсе клубы, якія планавалі замежны ваяж. Захаваная ілюзія выбару: хочаце – ляціце, але страціце дзяржпадтрымку. Не паляціце – усё будзе, як было. Праўда, другі варыянт з падтэкстам: футбол вывелі з спісу прыярытэтных відаў спорту Беларусі на 2021 год. Такім чынам, грошай у яго стала менш.

Калі дамовіцца з БФФ і Мінспорту не атрымаецца, "Шахцёр" не паляціць у ААЭ і не згуляе там з кіеўскім "Дынама", "Зенітам", "Рыгай", "Краснадарам", "Спартаком" і іншымі клубамі. Здадуць квіткі БАТЭ, "Тарпеда"-БелАЗ, менскае "Дынама", "Рух"... Табу для ўсіх клубаў аднолькавае.

Ці так важна кудысьці лётаць? Летась нават "Смалявічы" наведалі Турцыю, што не выратавала іх ад вылету ў Д2. "Гарадзея" грэлася тамсама, а цяпер, мяркуй, расфармаваная (як і "Смалявічы"). З клубаў найвышэйшай лігі абышліся без замежных паездак трое: "Нёман", "Энэргетык"-БГУ і "Белшына". Два турэцкія зборы правялі "Шахцёр", БАТЭ і берасцейскае "Дынама", адзін – астатнія (менскае "Дынама" лятала таксама ў Сочы).

У 2019-м зімавалі ў Беларусі толькі "Нёман" і менская "Тарпеда". Берасцейскае "Дынама" змагло дазволіць сабе ААЭ, Турцыю і Гішпанію, БАТЭ – Турцыю, Англію і Расею. "Энэргетык"-БГУ з'ездзіў ва ўкраінскі Моршын.

Што цяпер? Для "Нёмана" нічога не зменіцца – каманда звыклася рыхтавацца да сезону ў родным надзіманым манежы. Намаганнямі федэрацыі падобныя аб'екты ёсць ва ўсіх абласных цэнтрах і сталіцы. Верагодна, клубы там і будуць праводзіць свае зборы. Таксама даступныя да выкарыстання спарткомплексы ў Дзяржынску і Пінску, нямала зусім просценькіх варыянтаў тыпу ФАКа ў аграгарадку Ціхінічы.

Праўда, зборы ў Беларусі таксама каштуюць грошай. Відавочна, не такіх, як Турцыя, але і розніца ва ўмовах непараўнальная. Да таго ж праводзіць кантрольныя матчы давядзецца выключна з мясцовымі дружынамі, а супрацьстаяць камандам узроўню кіеўскага "Дынама" можна будзе ў сваіх фантазіях. Не кажучы ўжо пра сінтэтыкі і іншыя нюансы.

Яшчэ пытанне ў тым, як адсутнасць замежных збораў адаб'ецца на выступе беларускіх клубаў на еўраарэне. Паводле вынікаў мінулага года можна зрабіць выснову, што адно на другое не ўплывае. Турцыя не выратавала "Шахцёр" ад ганьбы ў Лізе Еўропы, не дапамагла БАТЭ і менскаму "Дынама". Аднак сезон-2020 у гэтым плане не можа быць паказальным праз мноства чыннікаў, таму што яго перайначыў каранавірус.

Зрэшты, гэта ўсё дробязі. Задуманы сэнс у тым, каб захаваць дзяржаўныя грошы ў дзяржаве. Не марнаваць іх на Дубай, Белек або Сочы. А траціць на манежы, якія пабудавалі і якія трэба акупляць.

Вось так.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках