19 красавiка 2024, Пятніца, 3:41
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Праца мары пасля пратэсту: як маюцца гарадзенцы, якія сышлі ў страйк

1
Праца мары пасля пратэсту: як маюцца гарадзенцы, якія сышлі ў страйк
Иллюстрационное фото

У жніўні заяўкі на ўдзел у страйку толькі ў Горадні падалі 22 прадпрыемствы.

Аляксандр Куваннікаў працаваў на «тытуні», а цяпер марыць адкрыць чайную. Былы супрацоўнік «Азота» Андрэй Баканаўскас вучыць ангельскую і хоча быць экскурсаводам. Юлія Сліўко з «Гроднапрамбуда» вучыцца на курсах псіхалогіі і хоча рабіць манікюр. Hrodna.life даведаўся, як справы ў страйкамаўцаў з Горадні, якіх звольнілі з прадпрыемстваў за грамадзянскую пазіцыю.

18 жніўня, пасля выбараў, пратэстаў і выпадкаў гвалту з боку сілавікоў, у Горадні працаўнікі абвясцілі аб стварэнні агульнагарадскога страйкавага камітэта. Заяўкі на ўдзел у страйку падалі 22 прадпрыемствы. Сярод іх буйныя заводы і фабрыкі гораду: «Гродна Азот», «Белкард», «БелТАПАЗ», «Гроднажылбуд», «Гроднагаз», «Радыёхваля», «Авіякампанія Гродна» і іншыя. Некалькі дзён пасля выбараў працоўныя выходзілі на плошчы горада і выказвалі сваю незадаволенасць. Пасля гарадзенскія рабочыя выходзілі на страйк на сваіх прадпрыемствах і заяўлялі пра гэта адкрыта.

Шукаць працу і марыць пра чайную

Аляксандр Куваннікаў уступіў у страйк на тытунёвай фабрыцы «Нёман». Ён працаваў чысцільшчыкам абсталявання і быў адзіным на сваім прадпрыемстве, хто далучыўся да страйку. Пра страйк гарадзенец заявіў начальству 14 лістапада. Праз шэсць дзён яго звольнілі паводле артыкула - за невыкананне працоўных абавязкаў.

У канцы снежня Аляксандр з'ехаў у Польшчу са сваёй сям'ёй. Цяпер гарадзенец жыве ў трохпакаёвай кватэры ў Кракаве і шукае працу.

«Працэс ідзе, з дня на дзень нешта вырашыцца з працай. Пакуль гартаць інтэрнэт не цяжка. Спецыяльных навыкаў у мяне няшмат. Галоўнае, каб праца аплачвалася».

У Аляксандра ўжо ёсць варыянт пайсці працаваць на будоўлю. Але гэта апошняе месца, дзе ён хацеў бы працаваць.

«Мне б хацелася адкрыць сваю чайную і прадаваць добрую кітайскую гарбату. Пакуль выбіраць не даводзіцца, але калі закране - пайду на любую працу. Магу на складзе, магу траву касіць, хутка вучуся. За ўсё жыццё з 18 гадоў не працаваў толькі 4 месяцы».

Курсы экскурсаводаў

Андрэй Баканаўскас уступіў у страйк на «Гродна Азот» 15 лістапада. Ён быў адзіным пратэстоўцаў з цэха Капралактам-2, прадукцыя якога ідзе на філіял «Азота» - завод «Хімвалакно». Раней ён не далучаўся да страйку, бо чакаў салідарнасці ў цэху. Але ніхто страйк не падтрымаў.

Андрэй пакуль і не шукаў сабе новую працу. Кажа, хоча адпачыць ад усяго таго, што адбылося. Цяпер ён заканчвае курсы ангельскай мовы і адначасова вывучае гісторыю Горадні.

«Мне заўсёды гісторыя і геаграфія падабаліся. Цяпер больш часу вольнага, таму імкнуся распавесці пра гэта ў сваім Instagram. Дзе ў будучыні хацеў бы працаваць? Можа, экскурсаводам. Запісаўся на анлайн-курсы».

У кастрычніку Андрэй быў на экскурсіі ў Белавежскай пушчы і Берасцейскай крэпасці, там пазнаёміўся з гідам. Ён і падказаў гарадзенцу спецыяльныя курсы экскурсаводаў.

«Для гэтага не трэба спецыяльную адукацыю мець. Я і запісаўся. Абяцалі зрабіць анлайн-курсы для іншагародніх. Паспрабую сябе ў гэтым. Ёсць думка, што пасля пандэміі будзе запатрабаваная гэтая прафесія».

У выпадку змены сітуацыі ў краіне ў лепшы бок, Андрэй не супраць вярнуцца на «Азот». У цэлым, праца на прадпрыемстве яго задавальняла.

Жыць на ашчаджанні

Арцём Валеры ўступіў у страйк на «Хімвалакно» 16 лістапада. Ён быў першым, хто пачаў страйк на сваім прадпрыемстве. Зваршчык пакуль не знайшоў працу, адпачывае дома і жыве за кошт ашчаджанняў.

«Шукаю які-небудзь прыдатны варыянт. Пакуль працу прапаноўваюць прыватнікі, але без далейшай перспектывы. У мяне прафесія зваршчык, я ўпэўнены, што хутка што-небудзь знайду. З'язджаць з Горадні не планую».

Арцёма звольнілі і назад на завод не клікалі, хоць ён быў каштоўным супрацоўнікам.

«Я не шкадую, што ўступіў у страйк. Хоць нешта зрабіў. З калегамі з працы размаўляем часам, яны працягваюць працаваць, выйсця ў іх іншага няма».

Вучыцца ва ўніверсітэце

Пасля пачатку пратэстаў рабочыя абралі Юлію Сліўко старшынёй страйкаму «Гроднапрамбуда». На прадпрыемстве яна 13 гадоў працавала тынкоўшчыцай. У пачатку верасня жанчыну звольнілі, ёй сталі паступаць пагрозы. У снежні Юлія разам з сынам пераехала ў Польшчу.

«Пасля доўгіх блуканняў я пакінула краіну і знайшла месца, дзе магу спакойна жыць. Я чарговы чалавек, якога выціснулі з уласнай краіны, горада і дома. Мы з сынам пераехалі ў Варшаву».

У сталіцы Польшчы гарадзенцы дапамаглі мясцовыя беларусы. Цяпер яна здымае там кватэру.

«У нас усё добра. Сына адправіла ў школу і сама пайшла вучыцца ва ўніверсітэт па праграме Каліноўскага (стыпендыяльная праграма польскага ўрада для рэпрэсаваных беларусаў), на факультэт псіхалогіі».

Вясной 2020 Юлія скончыла Гарадзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы. Яна вучылася завочна і атрымала дыплом псіхолага.

«Буду сыходзіць у гэтую сферу. Таксама працягну займацца манікюрам і педыкюрам. У будаўніцтва я не пайду».

Азотаўцы звярнуліся ў суд

13 былых супрацоўнікаў «Азота» падалі ў суд на прадпрыемства, каб аспрэчыць іх звальненні. Усе яны далучыліся да страйку і адбылі розныя тэрміны ў зняволенні. Слуханні пачаліся 11 студзеня ў Кастрычніцкім судзе Горадні. Працаўнікі ўважаюць, што іх не маглі звольніць без згоды прафзвязу, але на прадпрыемстве звальнялі ўсіх за прагулы, нават калі працаўнік афіцыйна быў на бальнічным або ў адпачынку.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках