29 сакавiка 2024, Пятніца, 18:11
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Беларусі няма нейтральных

У Беларусі няма нейтральных
Фото: «Белсат»

Гадзіннік цікае, час дыктатараў падыходзіць да канца.

Вядомы расейскі журналіст Андрэй Лашак напісаў у «Фэйсбуку» аб вяртанні ў Расію Аляксея Навальнага.

- Любое рашэнне Пуціна пройгрышнае, - піша Андрэй Лашак. - Але давайце пры гэтым не забываць, што ён хоць і знервуецца, але потым з'есць чорную ікру і яму палягчэе - і не з такіх цугцванг выбіраўся - а Навальны з высокай дзеллю імавернасці адразу пасля прылёту адправіцца ў СІЗА, потым у найлепшым выпадку пад хатні арышт без інтэрнэту, потым... - лепш нават не думаць, што будзе потым, а праявіць салідарнасць з Аляксеем.

Гэта ўсё, што можна зрабіць цяпер. У старым ЖЖ Навальнага быў слоган: «Фінальная бітва паміж дабром і нейтралітэтам». Усё, няма больш нейтралітэту. Не падтрымліваючы ў гэтай сітуацыі Аляксея, вы падтрымліваеце зло.

Гэта вельмі няўтульнае веданне, якое прымушае варушыцца соннае пачуццё грамадзянскай адказнасці, выводзіць з зоны камфорту на двор, дзе карнікі, аўтазакі, прылепінскія штурмавікі і іншая поскудзь, але нічога не зробіш - стаўкі ў гульні падвышаюцца з абодвух бакоў, раскол у грамадстве нарастае, застацца у баку не атрымаецца.

Паглядзіце на Беларусь. Там ужо няма нейтральных. Ты ці з намі ці супраць нас - з пісталетам Ярыгіна расейскай вытворчасці. Прыяцель вярнуўся нядаўна з Менска і кажа: «Палітызацыя зашкальвае. Нават у Ціндэры ў 9 з 10 дзяўчат вісіць дысклэймер: «Лукашысты праходзяць міма»

Пуцін дарма спадзяецца, што прыбраўшы «баламута», усё адразу заціхне. Нічога не суцішыцца, пакуль самая актыўная і адукаваная частка грамадства, якая налічвае мільёны людзей, будзе дыскрымінаваная і пазбаўленая свайго палітычнага прадстаўніцтва.

Навальны не сам па сабе, ён прадстаўнік гэтай сілы, проста самы паслядоўны, упарты і бясстрашны. Яго можна закатаць у асфальт, але на яго месцы тут жа з'явіцца новы герой. Таму што ёсць такая штука, як гістарычная непазбежнасць. Гадзіннік цікае. Час дыктатараў падыходзіць да канца. Пуцін дагэтуль ва ўладзе толькі таму, што гэтая шматлікая актыўная і адукаваная праслойка дагэтуль не ўсвядоміла сябе сілай. Усё, што ад яе патрабуецца, - гэта навучыцца аб'ядноўвацца.

Навальны далёка не ідэальны прэзідэнт, але ён - ідэальны таран, здольны прабіць трухлявыя фальшфасады, якія развесіў вакол сябе Пуцін, і зрабіць крок насустрач выдатнай Расеі будучыні. Думаю, менавіта ў гэтым гістарычная місія Навальнага, а ўсведамленне гэтай місіі, як чыт-код у відэагульні, робіць яго няўлоўным.

17 студзеня - гістарычны дзень, чым бы ён ні скончыўся.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках