19 красавiка 2024, Пятніца, 8:42
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Улады рухаюцца вертыкальна ўніз, а мы - у патрэбны бок

3
Улады рухаюцца вертыкальна ўніз, а мы - у патрэбны бок
ФОТА: ДЗМІТРЫЙ ЛАВЕЦКІ/AP

Вынікі чарговага дня нядзельных пратэстаў.

Лісты ад Віктара Бабарыкі, які сядзіць з надуманай падставы (прыназоўнік, дарэчы, час ад часу мяняецца), прыходзяць рэдка. Новае хочацца працытаваць уголас. «Меркаванне пра тое, што маленькае дзеянне лепшае за ўсякую бяздзейнасць, (цытата ад вас), усяляе аптымізм». «Пра надвор'е мне таксама думаецца ў кірунку і чаканні лепшага. Хоць больш за ўсё не падабаецца слова «чаканне». Вобраз «пачакуна» адштурхвае. Лепш - маленькімі крокамі, але да мэты».

Мы так і робім. Маленькія крокі. Марш дваццаці смелых ад двара да двара па ранішнім марозіку. Вялікі бел-чырвона-белы сцяг на свежым снезе. Пікнік са сцягамі і гарбатай ля вогнішча. Душэўны ролік з аптымістычным фіналам. Рухаемся ў патрэбны бок.

І лукашэнкаўская «дзяржава» таксама рухаецца ў патрэбны бок. Вертыкальна ўніз. Гэта добра відаць з рэйтынгаў, якія апублікавала рэйтынгавае агенцтва Numbeo. Напрыклад, год назад Беларусь паводле ўзроўню аховы здароўя займала 59-е месца з 93. А цяпер - дзякуючы галоўнаму змагару з эпідэміямі - апусцілася на 90-ы радок. Нагадаю, з 93. Яшчэ стромкае падзенне ўзроўню бяспекі. У мінулым годзе - 16 месца з 129 краін. Цяпер не самае бяспечнае месца ў свеце. Зараз - 114-е месца. Падзенне на 98 пазіцый.

А менавіта высокі рэйтынг бяспекі ўзгадвала беларуская федэрацыя хакея, калі даводзіла, што ЧС у Менску праводзіць можна і трэба. У панядзелак Міжнародная федэрацыя будзе прымаць канчатковую пастанову. Фазэль, відавочна, змірыўся. У інтэрв'ю абяцае, што ў верасні пасля кангрэса IIHF дакладна сыдзе на спакой. Добры прыклад для пераймання ўсім тым, хто сядзіць у кiроўным крэсле з 1994 года.

Фазэль анансуе перанос ЧС з Менска перш за ўсё палітычнымі прычынамі, хоць ціснуць на федэрацыю і эканамічна. Нямецкі вытворца аўтамабільнай алівы Liqui Moly таксама заявіў, што не дасць ні еўрацэнту на тое, каб пацешыць самалюбства Сані.

Гісторыя Фазэля павінна стаць урокам для ўсіх. Але жыццё не палепшылася. Лукашэнка зладзіў вечарыну з удзелам зорак расейскай і ўласнай эстрады. Ягоны расейскі сябра з тугім партманэтам аплаціў Міхайлава, Сюткіна і Зару. І тыя, дурні, паехалі. Зрэшты, арганізатары з усіх сіл спрабавалі засцерагчы: не ўказвалі імёнаў зорак у сцэнары, запатрабавалі ад персаналу і гасцей, каб тыя выдалілі з сацсетак фоткі з гэтымі самымі зоркамі. Вядома, не дапамагло. Сёння Міхайлаву, Сюткіну і Зару паляцелі падзякі ад беларусаў. Спевакам давялося адключыць каментары ў сваіх інстаграмах. Хоць, здавалася б, няўжо складанага: унюхаў гаўно - адыдзі далей. Рэпутацыя даражэйшая за ганарар.

Ну, і самая шумная навіна дня - Навальнага затрымалі адразу па прыбыцці на радзіму. У гэтай гісторыі больш за ўсё замілоўвае «беларускі след». Адчуваецца, што расейскія паліцыянты старанна канспектавалі працы Карпянкова і Караева. Самалёт ляцеў ва Унукава - але там зламалася узлётна-пасадачная паласа. (Успомнілася, як у ноч на 10 жніўня на менскай плошчы Незалежнасці чакаўся «выкід фекальных мас»). Для затрымання нагналі сотні сілавікоў. На якой падставе затрымалі, адразу не прызналіся.

Ды і наогул, учынак Аляксея мне нагадаў парваны пашпарт Марыі. Не так эфектна, але сутнасць тая ж.

Ні Аляксей, ні Марыя не баяцца старых, пашкуматаных жыццём дыктатараў.

Чаго і нам раяць.

І на прыканцы. Сёння выпадкова даведаўся, што нейкі Азаронак адразу пасля «выбараў» абвясціў Саніну перамогу і аргументаваў упэўнена: «Бо Аляксандр - гэта Пераможца». Але наогул Аляксандр у перакладзе з грэцкай «абаронца», «абаронца мужчына». А Пераможца - гэта Віктар.

Напрыклад, Віктар Бабарыка.

Андрэй Жвалеўскі, «Фэйсбук»

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках