28 сакавiка 2024, Чацвер, 22:04
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Школьнікам чакаў: прыеду ў Мінск і пайду на мітынг»

3
«Школьнікам чакаў: прыеду ў Мінск і пайду на мітынг»

Студэнт, якi раней атрымліваў прэмію ад дзяржавы, цяпер дапамагае рэпрэсаванай моладзі.

Быў вучнем года, атрымліваў прэмію з фонда прэзідэнта, збіраў фальклор… З такой біяграфіяй студэнт Цімафей Малахоўскі мог бы патрапіць на баль у Палац незалежнасці, калі б не зацікавіўся палітыкай. У гэтыя выбары хлопец далучыўся да каманды па альтэрнатыўным падліку галасоў (гэта яны прапанавалі складаць бюлетэні гармонікам). Цімафей расказаў «Нашай Ніве», як упершыню патрапіў на Дзень волі і праз гэта страціў ласку рэктарата, быў назіральнікам у роднай гімназіі, а цяпер дапамагае рэпрэсаванай моладзі.

«Школьнікам чакаў гэтага моманту: што прыеду ў Мінск і пайду на мітынг»

Цімафей — студэнт ЕГУ. Ён вывучае паліталогію і ў гэтым годзе заканчвае ўніверсітэт. Сам з Салігорска. У сваёй гімназіі тройчы прызнаваўся вучнем года і нават атрымаў прэмію прэзідэнцкага фонду па падтрымцы таленавітай моладзі. Школьнікам займаўся навукай — разам з выкладчыкам па фізіцы рабіў новы сплаў. З гэтым праектам Цімафей выйграў рэспубліканскі конкурс маладых навукоўцаў і паехаў у ЗША — падзея для ўсяго раёна.

Цімафей — студэнт ЕГУ. Ён вывучае паліталогію і ў гэтым годзе заканчвае ўніверсітэт. Сам з Салігорска. У сваёй гімназіі тройчы прызнаваўся вучнем года і нават атрымаў прэмію прэзідэнцкага фонду па падтрымцы таленавітай моладзі. Школьнікам займаўся навукай — разам з выкладчыкам па фізіцы рабіў новы сплаў. З гэтым праектам Цімафей выйграў рэспубліканскі конкурс маладых навукоўцаў і паехаў у ЗША — падзея для ўсяго раёна.

Пасля школы хлопец пайшоў у БДУР. Паступіў на бюджэт самага прэстыжнага факультэта — камп’ютарных сістэм і сетак. Праўда, правучыўся там толькі паўтара года. У 2015-м засвяціўся на Дні волі — фота Цімафея з бел-чырвона-белым сцягам трапіла ў СМІ.

«Гэта быў першы мітынг у маім жыцці. Я чакаў гэтага моманту, яшчэ калі навучаўся ў сваёй гімназіі: што прыеду ў Мінск і пайду на мітынг. Ён быў дазволены, таму я быў перакананы, што раблю ўсё правільна і па законе, не чакаў наступстваў.

Ужо праз 15 хвілін я атрымаў званок з універсітэта з запрашэннем да рэктарата пагутарыць. У БДУІРы я займаўся навукай, меў добрую рэпутацыю, таму для адміністрацыі было вялікім ударам тое, што я з’явіўся на Дні Волі.

Што было дзіўна, нават са школы тэлефанавалі на наступны дзень, казалі, што органы цікавяцца мной».

Ва ўніверсітэце пачаўся ціск. Калі хлопец хацеў правесці музычную гульню для студэнтаў, яму адмовілі, хоць раней давалі дазвол. У рэктараце Цімафею казалі: вы збіраеце сабе аўдыторыю, для таго каб прасоўваць свае палітычныя перакананні.

Ён вырашыў забраць дакументы.

«Іншая прычына — мне больш падабалася працаваць з людзьмі, вывучаць грамадства, таму мой выбар паў на палітычную навуку і я паступіў у ЕГУ.

Я, дарэчы, вельмі ганаруся тым, што адбывалася на факультэце камп’ютарных сістэм і сетак зараз. Што дэкан сышла з пасады, адмовіўшыся адлічаць студэнтаў».

«Настаўнікі з камісіі нясуць адказнасць за тое, што адбывалася пасля выбараў»

Летась Цімафей навучаўся па абмене ў Германіі, але праз каранцін адукацыя перайшла ў анлайн, і давялося з’ехаць. У сакавіку хлопец вярнуўся ў Беларусь. А потым далучыўся да каманды «Сумленных людзей».

«Мы складалі даныя па ўчастковых камісіях, спісы тых, хто адказваў за вылучэнне членаў камісіі. Бліжэй да дня выбараў я далучыўся да каманды па альтэрнатыўным падліку галасоў. Гэта тая самая каманда, якая прэзентавала платформу «Голас», прыдумала насіць белыя стужкі і прапанавала складаць бюлетэні гармонікам. Мы думалі, як праз альтэрнатыўныя сродкі зрабіць гэтыя выбары празрыстымі», — дзеліцца студэнт.

Ён стаў назіральнікам на ўчастку ў сваёй роднай гімназіі. Быў упэўнены, што яна не падвядзе.

«Спачатку мне нават дазволілі знаходзіцца на ўчастку падчас датэрміновага галасавання. Але праз хвілін 10 камісіі патэлефанавалі (у школе за абстаноўкай сачыў чалавек у цывільным), і мяне папрасілі сесці звонку на калідоры. А праз пару гадзін прыехаў нарад міліцыі, сказалі, што нібыта старшыня камісіі патрабуе пакінуць памяшканне. Настаўнікі стаялі і маўчалі, не знаходзілі слоў. Мяне амаль што пад рукі вывелі з тэрыторыі школы і прапанавалі назіраць з балкона майго дома».

Цімафей ўсё адно дзяжурыў каля гімназіі, падлічваў яўку. Яна была значна меншай за афіцыйную — і гэта прытым, што хлопец пазначаў усіх, хто ўваходзіў у будынак, дзе было два ўчасткі.

Ён успамінае, што выкладчыкі кулуарна прасілі яго прыйсці на падлік галасоў. Але школу ўвечары закрылі, а потым прыехаў бусік АМАПа і пачаўся хапун.

«Пратакол, натуральна, ніхто не вывесіў. На наступны дзень мне сказалі, што камісіі больш не існуе і я не магу ўбачыць вынікі галасавання. Я запісаўся на прыём да дырэктаркі школы, мы размаўлялі з ёй — са слязьмі абое. Але мая пазіцыя, што настаўнікі з камісіі нясуць адказнасць за тое, што адбывалася пасля выбараў».

«Мама раней пераконвала, што палітыкай я псую сваю будучыню»

Калі пачаліся студэнцкія пратэсты, Цімафей стаў дапамагаць моладзі юрыдычна — правільна складаць звароты да адміністрацыі універсітэтаў, Міністэрства адукацыі.

«Петыцыі часам утрымлівалі просьбы да рэктара пералічыць галасы, што натуральна не ў яго кампетэнцыі. Студэнтам не хапала разумення, як паводзіць сябе з беларускай бюракратыяй. Я далучыўся да праекта «Сумленны ўніверсітэт». Ён задумваўся як пляцоўка для актывістаў, дзе яны б абменьваліся досведам, каардынаваліся між універсітэтамі. Але студэнты арганізоўваюць свой пратэст самастойна, усе ідэі ідуць знізу», — тлумачыць хлопец.

Цяпер гэты праект дапамагае студэнтам і выкладчыкам, што пацярпелі ад ціску. Па падтрымку звярнулася ўжо 490 чалавек.

«Мы зрабілі памятку, як абскарджваць вымову ці адлічэнне, знайшлі варыянты фінансавай дапамогі адлічаным, тым, хто страціў стыпендыю ці месца ў інтэрнаце. Дапамагаем таксама студэнтам, якія атрымліваюць платныя адпрацоўкі за заняткі, падчас якіх знаходзіліся ў ізалятары. З дыяспарамі шукалі акадэмічныя магчымасці — сабралі ў каталог усе актуальныя праграмы польскіх, літоўскіх, чэшскіх, венгерскіх універсітэтаў».

У кастрычніку хлопец з’ехаў з Беларусі. Вырашыў, што заставацца небяспечна пасля таго, як крымінальны пераслед стаў пагражаць яго суседу па кватэры — адлічанаму студэнту. Цяпер Цімафей у Варшаве. Рыхтуецца да сесіі ў аўральным рэжыме.

Што думае сям’я пра яго актыўнасць?

«Бацька не ведае нават. Ён перакананы, што я займаюся выключна вучобай, — усміхаецца Цімафей (яго бацькі ў разводзе).

— Мама мяне падтрымлівае. Хоць яна не была палітычна актыўнай да гэтага лета і дрэнна ставілася да майго ўдзелу ў Дні Волі ў 2015 годзе. Тады яна пераконвала, што я займаюся няправільнай справай, псую сваю будучыню. Але зараз яе пазіцыя іншая».

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках