29 сакавiка 2024, Пятніца, 18:41
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларусам варта чакаць уключэння «друкарскага станка» і дэвальвацыі?

19
Беларусам варта чакаць уключэння «друкарскага станка» і дэвальвацыі?

На кіраўніцтва Нацбанка ідзе сур'ёзны ціск.

Чуткі пра магчымую адстаўку дзейнага старшыні кіравання Нацыянальнага банка Беларусі Паўла Калавура ходзяць яшчэ з пачатку студзеня. Што адбудзецца, калі яго звольняць, спецыяльна для Myfin.by расказаў эканаміст Леў Львоўскі.

– Не таямніца, што Нацбанк і каманда Калавура не першы месяц знаходзяцца пад наймагутнейшым ціскам прадстаўнікоў прамысловага лобі. Наколькі моцны гэта ціск і ці даб'юцца яны свайго? А менавіта – змянення падыходаў да крэдытна-грашовай палітыкі, якую мэтанакіравана і паслядоўна праводзіць Нацбанк?

– Усім вядома, што шэраг эканамічных дарадцаў Лукашэнкі даўно на адзін голас кажуць пра тое, што неабходна «надрукаваць больш рублёў» і раздаць іх дзяржаўным прадпрыемствам. Гэта ім бачыцца панацэяй ад усіх эканамічных хваробаў беларускай эканомікі.

Мы выдатна ведаем, што і сам Аляксандр Лукашэнка доўгі час быў прыхільнікам такіх ідэй. Але пасля неаднаразовых дэвальвацый зразумеў, да чаго вядзе такая практыка. У выніку з 2014 года Нацбанк стаў праводзіць даволі жорсткую грашова-крэдытную палітыку. Гэта супала з прыходам Паўла Калавура на пасаду старшыні кіравання Нацыянальнага банка.

Калі ідэі друкавання грошай і іх раздачы перамогуць, Паўла Калавура звольняць

– Але ж друкаваць і раздаваць іх будуць не проста так – а ў імя высокай мэты. Якой?

– Гэтая мэта простая – з дапамогай раздачы незаробленых грошай зрабіць шчаслівым не толькі бюджэтнікаў, але і працаўнікоў хранічна стратных дзяржпрадпрыемстваў. Кіраўнікі якіх павінны накіраваць іх на выдачу заробкаў і частковую выплату пазык.

Але гэта ў доўгатэрміновай перспектыве немагчыма, бо неўнікнёна прывядзе да абясцэньвання рубля

Цяпер ідзе самая моцная барацьба двух эканамічных лагераў – адзін выступае за савецкападобную мадэль эканомікі. У якой можна друкаваць грошы і раздаваць іх бюджэтнікам і заводам, а далей хай будзе што будзе. Другі, які ўласна і ўзначальвае Павел Калавур, выступае за тое, каб стрымліваць інфляцыю ўсімі даступнымі сродкамі. І спрабаваць падтрымліваць курс рубля, наколькі гэта магчыма ў цяперашняй сітуацыі.

Калі казаць пра эканамічныя наступствы, то гэтыя дзве пазіцыі збольшага можна апісаць вядомым выразам «жудасны канец або жах без канца».

– Колькі кіраўніцтва Нацбанка і Павел Калавур асобна змогуць супрацьстаяць ціску?

– Яны яго вытрымлівалі даволі доўга. І хоць аб'ём дырэктыўнага крэдытавання летась павялічыўся амаль у тры разы ад запланаванага першапачаткова, ён не такі поўнамаштабны. Але наколькі ён зможа супраціўляцца жаданню лабістаў у корані змяніць сітуацыю? Думаю, нядоўга – мы бачым, што эканоміка не працуе ў прававым полі – калі кіраўнік Нацбанка кажа «не», то гэта не значыць «не». І калі Лукашэнка захоча Калавура «праціснуць», то зробіць гэта, сумнявацца не выпадае.

Тым больш, што супрацьстаіць кіраўніцтву Нацбанка кааліцыя шырокая і яна заўсёды была моцнай. Пакуль мы спадзяваліся на нейкае развіццё, патэнцыйны рост, гэтыя сілы былі адсунутыя. Нацбанк стаў выкарыстоўваць у сваёй палітыцы міжнародна прызнаныя інструменты манетарнай палітыкі, стаў займацца ў тым ліку навуковай дзейнасцю, стаў кантактаваць з Нацбанкамі іншых краінаў, у тым ліку заходніх. Увогуле, рэгулятар ператвараўся ў паўнавартасны сучасны Нацыянальны банк.

Цяпер ягоныя пазіцыі паслабленыя, – эканоміка ў крызісе, і людзі з Мінсельгаса, Мінпрама, урада прыходзяць з просьбамі пра крэдыты (зразумела – ільготныя), палохаючы закрыццём заводаў. Цяпер у іх аргументаў больш.

Думаю, у нейкі момант яны, безумоўна, перамогуць. Ці сыдзе пры гэтым Павел Калавур, ці стане выконваць гэтыя загады, я не бяруся сказаць. Пакуль мы бачылі, што ў канцы 2020-га ён пайшоў на некаторыя кампрамісы і дырэктыўнае крэдытаванне было распачатае.

– Калі Павел Калавур будзе звольнены (ці сыдзе ў адстаўку, не пагадзіўшыся з патрабаваннем масаваных грашовых уліванняў у прадпрыемствы-зомбі і зломам палітыкі, якую ягоная каманда праводзіць не першы год) – якімі будуць наступствы для нашай эканомікі?

– Калі група таварышаў з альтэрнатыўнай манетарысцкай палітыкай (перш за ўсё выказанымі інтарэсамі дырэктараў стратных прадпрыемстваў) атрымае верх, то нас чакае масавая раздача грошай. Грашовая маса вырасце, але гэта не прывядзе да павелічэння выпуску тавараў і паслуг, – гэта грошы на затыканне дзірак, каб гэтыя прадпрыемствы не збанкрутавалі.

Згодна з базавым законам попыту і прапановы, прыкметна вырасце прапанова беларускіх рублёў, і самыя хітрыя, або тыя, што «глядзяць удалечыню», дырэктары заводаў пабягуць абменьваць гэтыя рублі на даляры, пакуль не здарылася абвалу курсу.

Іншыя пусцяць атрыманыя грошы на развіццё вытворчасці або выплацяць пазыкі. Але так ці інакш павелічэнне грашовай масы без павелічэння выпуску тавараў і паслуг заўсёды вядзе да росту інфляцыі.

Да таго ж такая раздача грошай можа лёгка справакаваць валютны крызіс – паколькі ў нашых прадпрыемстваў пазыкі ў валюце (шмат у чым праз «мадэрнізацыі»), а прыбыткі ў рублях, то ў выпадку ўзлёту курсу даляра, дапусцім да 5 рублёў, іх запазычанасць вырасце ў два разы. А паколькі яны цяпер з горам напалову спраўляюцца з абслугоўваннем сваіх пазык, то пасля гэтага перастануць спраўляцца.

– Наколькі абваліцца рубель пасля таго, як Калавур будзе звольнены і палітыка Нацбанка зменіцца?

– Дакладна сказаць немагчыма. Усё залежыць ад таго, колькі надрукуюць. Але цалкам верагодна, што тыя два мільярды раздадзеных дырэктыўных крэдытаў, пра якія стала вядома пасля апублікавання 12 студзеня прынятай 31 снежня пастановы, здадуцца неістотнай сумай.

Дадам, што ў гэтым выпадку вялікая верагоднасць фінансавага крызісу – бо дзяржпрадпрыемствы, якія чакаюць гэтых грошай, закрэдытаваныя яшчэ і праз нашы банкі. І калі гэтыя заводы страцяць магчымасць абслугоўваць свае пазыкі, то фінансавае становішча банкаў моцна пагоршыцца. Як гэта адаб'ецца на насельніцтве, цяжка вызначыць – банкі і так ужо даўно згарнулі большасць крэдытных праграмаў праз уціск ліквіднасці Нацбанкам.

Напісаць каментар 19

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках