19 красавiка 2024, Пятніца, 20:19
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Трэба даціскаць!

4
Трэба даціскаць!

Беларусы будуць партызаніць, пакуль узурпатар не сыдзе.

У Беларусі сталі частымі суды паводле галоўных «пратэставых артыкулаў»: за «ўдзел у несанкцыянаваных мерапрыемствах» і «выкарыстанне незарэгістраванай сімволікі». 14 студзеня Аляксандр Лукашэнка падпісаў новы кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях, штрафы за бел-чырвона-белыя сцягі істотна павялічацца. Для фізічных асобаў цяпер прадугледжаны штраф памерам 190 еўраў (у пераліку з беларускіх рублёў), для юрыдычных – 560 еўраў. Пры гэтым ні герб «Пагоня», ні бел-чырвона-белы сцяг афіцыйна не з'яўляюцца забароненымі (забароненай сімволікай уважаецца, да прыкладу, свастыка). А ў 1994 годзе Лукашэнка даваў прэзідэнцкую прысягу менавіта пад бел-чырвона-белым сцягам.

Бел-чырвона-белы сцяг быў афіцыйным сцягам Беларускай народнай рэспублікі ў 1918–1919 гадах, а ў 1991–1995 гадах з'яўляўся дзяржаўным сцягам Рэспублікі Беларусь. Сцяг памянялі на цяперашні – чырвона-зялёны з арнаментам – на рэферэндуме 1995 года, які ініцыяваў Лукашэнка.

Пераследы, звязаныя з дзяржаўнай сімволікай Беларусі, апошнім часам сталі частымі. 12 студзеня ў Драгічыне судзілі 16-гадовага падлетка Аляксандра Несцерука за тое, што ён сарваў з дома культуры чырвона-зялёны сцяг. За дзеянне, што абражае дзяржаўную сімволіку, яму далі паўгода хатняй «хіміі». Пры гэтым у судзе разгарнуліся спрэчкі, ці адпавядаў сарваны сцяг эталону дзяржаўнага (суадносіны памеру чырвонай і зялёнай паласы, напрыклад). Яшчэ адзін нядаўні выпадак: у Гомелі мужчыну судзілі за снегавіка ў чырвоным шаліку.

«Радыё Свабода» запісала ў Менску інтэрв'ю з трыма фігурантамі падобных справаў. Двое з іх з меркаванняў бяспекі папрасілі не раскрываць сваю асобу, аднак рэдакцыі вядомыя іхнія імёны і прозвішчы. Некаторыя з іх удзельнічаюць у пратэстах і кажуць, што, як толькі пацяплее, масавыя дэманстрацыі нязгодных адновяцца зноў.

13 студзеня Яўген пабываў ужо на другім пасяджэнні суда паводле сваёй справы. Яго затрымалі за ўдзел у акцыі памяці Рамана Бандарэнкі, забітага ў Менску прыхільнікамі Лукашэнкі ва ўласным двары ў лістападзе летась.

– Гэта быў другі суд, першы быў у снежні, але справу адправілі на даследаванне, – расказвае Яўген. – Суды ў нас праходзяць вельмі дзіўна, ніякіх сведак, ніякай доказнай базы, а следчага клічуць Іван Іванавіч Іваноў. 15 лістапада нас затрымалі на Плошчы Пераменаў, гэта быў трэці дзень пасля забойства Рамана Бандарэнкі. Я не магу называць гэты выпадак трагедыяй або няшчасным выпадкам, думаю, гэта забойства. І так, напэўна, мяркуюць усе ў Беларусі. Я сам, як і Раман, выпускнік аддзялення дызайну Акадэміі мастацтваў. Асабіста я яго не ведаў, але гэта наш хлопец, у нас маленькія наборы, шчыльная аднакашніцкая сістэма, «Лябоўка» – мастацкая вучэльня, потым Акадэмія – усе так ці інакш адзін аднаго ведаюць. Раман маладзейшы за мяне на пару гадоў, вучыўся на маім аддзяленні. Да таго ж я жыву побач з тым дваром, дзе яго забілі. У нядзелю мы прыйшлі ўскласці кветкі, паставіць лампадкі. Не было ніякай палітычнай афарбоўкі, мы прыйшлі ўшанаваць памяць Рамана паводле хрысціянскіх звычаяў. Нас акружылі з усіх бакоў, і дзявацца нам не было куды. На пару тысячаў чалавек звезлі каго толькі можна – АМАП, унутраныя войскі, Балаба там перагаворваўся з намі. І яны нават не сказалі нам разыходзіцца, а проста прапанавалі ўсім культурна прайсці ў аўтазакі, каб ім не давялося два разы паўтараць. Людзі ўсталі ў счэпкі, але так супраціў чыніць цяжка. Калі нават замахнуцца на супрацоўніка пры выкананні, можна напоўніцу атрымаць. Таму мы пайшлі ў аўтазакі. Мяне адвезлі ў Цэнтральны РУУС, потым быў суд, быў толькі суддзя і ягоны сакратар. Я прыйшоў з торбачкай на ўсялякі выпадак, але мяне адправілі дадому да наступнага суда. Я не ведаю, паводле якога прынцыпу яны гэта робяць, таму што маіх таварышаў адправілі кагосьці адразу ў Жодзіна, кагосьці на Акрэсціна.

– У чым вас абвінавачвалі?

– Як звычайна, «удзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве». Я асабіста бачыў, як чалавек ішоў па піва і паказаў тым, хто пытаўся, дзе Плошча Пераменаў знаходзіцца, і яго таксама затрымалі. Адна жанчына там таксама паказвала дзяўчаткам дарогу, яе ўзялі, яна вельмі прасіла, казала, што ёй заўтра на працу, на што ёй патлумачылі, што яна не тое што на працу не трапіць, а на Акрэсціна паедзе цяпер.

– Як на гэта рэагавалі людзі?

– Мы ўжо і плакалі, і смяяліся, чаго толькі не рабілі. Нядаўна там, дзе былі мурал, мясцовыя паставілі трох снегавікоў у чырвоных шаліках. А насупраць іх стаяць тры амапаўцы і праз рацыі раяцца, што з імі рабіць, са снегавікамі. Настроі якія? Людзі стаміліся, людзі хварэюць, у многіх ужо два прывады за няўзгодненыя мерапрыемствы. А ўзгадніць іх немагчыма. Вось адзін чалавек спрабаваў удакладніць, ці можа ён у сябе на гаўбцы вывешваць сцяг, сказалі, што гэта таксама пікетаванне. У нас даўно было таемнае правіла «больш за тры не збірацца». Калі ў двары п'юць гарбату – ужо можна забіраць. Міліцыя сама стамілася ад таго, што яны ганяюцца за сцяжкамі, за снегавікамі, за стужачкамі. Ужо і з лёдам змагаліся, знакі дарожныя збіраліся перафарбоўваць, да знака хуткай дапамогі прымалёўвалі зялёную палоску – клініка. У нас павінны з'явіцца глянцаваныя шматтомныя добрай якасці фотаальбомы, дзе ўвесь гэты маразм будзе паказаны. Таму што я не ведаю такой краіны, дзе б змагаліся нават не з знакамі, а з кветкамі. Калі табе ў нос далі, кроў пайшла на белы снег, ты ўжо злачынец, марш у турму. Цяпер усё роўна шпацыруюць па раёнах, але я думаю, пратэст выліецца на вуліцы зноў.

– Гэтага, на вашу думку, будзе дастаткова? Зноў такіх вось мірных маршаў?

– А што нам рабіць? З віламі на аўтаматы ісці, каб крывёю тут усё заліць? Каб потым сказалі: «Вы бачылі гэтых радыкалаў?» Я мяркую, што мяккай сілай усё ўвойдзе ў патрэбнае рэчышча. Усё будзе добра. Да лета – дакладна, – кажа Яўген.

Прадпрымальнік Вадзім Зіноўскі быў асуджаны 13 студзеня і абышоўся штрафам:

– 23.34, частка першая, сцяг на акне. Чаканняў ніякіх не было, хоць прыйшла праваабаронца з «Вясны» і сказала, што ў гэтай суддзі такімі маленькімі штрафамі ніхто ніколі не абыходзіўся, так што будзем меркаваць, што мне пашанцавала.

– Вы свядома рызыкуеце, калі вывешвае сцяг?

– Я, вядома, рызыкую свядома, як жа яшчэ? Трэба даціскаць. Сцяг я ўчора зняў, бо хадзілі, тэлефанавалі ў дзверы бараўлянскія мянты, і ў гэты ж дзень хацелі мне трэцюю частку даць (артыкул 23.34, ч. 3 – паўторнае затрыманне). Я спрабаваў з імі гутарыць наконт абскарджвання пастановы суда, яны сказалі: «Мы стаім пад вокнамі, можам падысці і проста цяпер пратакол скласці». Праз тыдзень зноў павешу.

– А што суседзі? Якія ў іх настроі?

– Выдатныя настроі, на лесвічнай клетцы сімволікі няма, але суседзі папярэджваюць, калі шухер.

– А ад міліцыі можна разумення чакаць?

– Не, нельга. Тыя, ад каго можна было чакаць, у гэтым не ўдзельнічаюць. Ва ўсіх жа ёсць выбар, правільна? Я нават не сказаў бы, што яны ўсім рызыкуюць. Ёсць жа сёння і падтрымка, і дапамога ім, усякія фонды. Засталіся там альбо бесхрыбетныя, альбо чыстыя дармаеды.

– Вы чакаеце, што людзі зноў масава выйдуць на вуліцы?

– Абавязкова выйдуць. Як толькі пацяплее. Цяпер мала сонца і, такім чынам, энтузіязму.

– А з'язджаць вы не збіраецеся?

– Ніколі не збіраўся. Гэта мая краіна.

Інжынер-праектавальнік Максім адседзеў 15 сутак за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве:

Я ўдзельнічаю ў пратэстах з 2005 года. Мая жонка спачатку вельмі баялася, не пускала мяне, потым мы ўбачылі, колькі людзей, і зразумелі, што мы проста пераможам. Інакш і быць не можа. Цяпер мы проста мяняем фармат. Спачатку перагрупоўкі ў двары, а цяпер паглядзіце, якія злівы робіць By.Pol. Цяпер, калі людзі не выходзяць так масава, яны пачалі падтрымліваць пратэсты вось такой інфармацыяй. Мы ўжо перамаглі. Мы змяніліся.

– За што вас затрымалі?

– Гэта быў адзін з дваровых маршаў, не было ніякай сімволікі. Мы з жонкай проста пайшлі на шпацыр, сустрэлі сяброў, убачылі амапаўцаў: яны бегалі і шукалі, каго схапіць. Нейкая жанчына, апранутая ў чырвоную куртку і белыя пальчаткі, стала крычаць ім: «Вось яны, пратэстоўцы! Яны туды пабеглі! І вось яны таксама!», паказваючы на нас. Мы, вядома, такога не чакалі, беручы да ўвагі яе дрэс-код. Мы адарваліся, селі на тралейбус, але за намі сачылі «алівы». Запыталі: «Чаму вы бежыце?» і затрымалі. Я з імі пагутарыў і зразумеў, што яны проста не разумеюць, што адбываецца. Нас пасадзілі культурна на сядзенні, не білі нас, папрасілі дастаць усё з кішэняў. Яны ўбачылі, што ў мяне «тэлефанавалка» з сабой, а не нармальны тэлефон, і пачалі крычаць, што я каардынатар. Я сказаў, што гэта не так, што я проста бег, спатыкнуўся і разбіў тэлефон. А яны кажуць: «Ты ад нас уцякаў? Дык ты не першы раз ходзіш? Давай расказвай». Я кажу, я ж магу сказаць усё, што заўгодна, а суддзя ўсё роўна пастановіць, як трэба. Яны выглядалі рэальна здзіўленымі, здаецца, яны вераць у сумленныя суды. Карпянкоў жа ім расказвае, што мы тэрарысты. А ў тэрміновай службы адбіраюць тэлефоны, яны ўвогуле не разумеюць, што адбываецца.

– Ці можна сказаць, што людзі перасталі збірацца на пратэсты, таму што баяцца?

– Не перасталі. Цяпер зноў выходзяць, і даволі вялікімі групамі. 100–150 чалавек збіраюцца ў дварах. Калі аб'ява пра сход публікуецца ў дамавым чаце, там павінна быць як мінімум тысяча чалавек, каб 10% прыйшлі. Бо хтосьці баіцца, нехта хварэе, у кагосьці праца, дзеці. І збіраюцца ж усё роўна!

– Цяпер вось многія паздымалі сцягі з вокнаў, баяцца.

– Затое бел-чырвона-белыя ліхтары вісяць у многіх. Штрафы я не плаціў і плаціць не збіраюся. Я прынцыпова паўгода не плачу камуналку ў рамках гэтага пратэсту. За што ім плаціць? Калі будзе нармальная краіна і падаткі будуць сыходзіць туды, куды трэба, буду плаціць.

– Рахунак за харчаванне ў ІЧУ вас прыйшоў?

– Так, але я плаціць не буду. За такую ежу? Там былі катлеты з рыбіных галоваў, кардону і костак, каша і пустая вада, у якой плавалі чатыры кавалкі капусты. Есці гэта было немагчыма. Прычым яны спецыяльна для нас набылі вялікую колькасць місак з лёгкай нержавейкі.

– А супрацоўнікі міліцыі як сябе паводзілі?

– Мы там увесь час смяяліся, але гэта таму, што мы былі ў стрэсе, выплюхвалі эмоцыі, але ніхто не затыкаў нам рот. Спалі мы, вядома, пры святле. Нас было 12 чалавек на шэсць ложкаў, мы спалі на падлозе. Ставіліся да нас як да злачынцаў. Калі нас забіралі, на прыступках аўтазака былі разасланыя сцягі, але не запар, а праз прыступку. Як бы яны давалі выбар – наступаць ці не. Мяне не білі, але аднаго з нашых адлупцавалі нагамі ў твар, яго ў лякарню потым забралі, і тое, таму што мы настоялі. Ён тры гадзіны сцякаў крывёю. Іншага білі па ягадзіцах берцамі, і ён не мог сядзець. Адзін супрацоўнік сказаў мне: «Я ведаю, што сярод вас ёсць нерадыкалы, але і сярод нас ёсць нармальныя хлопцы». І ў яго быў такі выгляд, як быццам ён гэтай заявай як бы просіць прабачэння перада мной, кажа мне: я нармальны, ты – нармальны. Мы ж цябе не білі, ты ж не крыўдуеш? У любым выпадку, калі ўсё гэта скончыцца, яны адзін аднаго зліюць, яны будуць выгароджваць сябе і падстаўляць суседа. Яны ўсе збіраюць кампрамат адзін на аднаго і баяцца цяпер паказаць жорсткасць, таму што ягоны напарнік яго ж першы і зліе. Магчыма, спачатку яны проста пра гэта не думалі, – расказвае Максім.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках