25 красавiка 2024, Чацвер, 17:41
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Акела прамахнуўся, здарылася асечка

14
Акела прамахнуўся, здарылася асечка

Чыноўнікі ўбачылі, што іх патрон ужо не ўсёмагутны.

Скасаванне чэмпіянату свету ў хакеі ў Менску хоць і стала ўдарам па рэпутацыі беларускага рэжыму, але для Лукашэнкі не было нечаканым. Так мяркуе палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі.

«Лукашэнка рыхтаваў сябе да такога варыянту. Яшчэ падчас сустрэчы з Фазэлем у яго гучалі такія ноткі: маўляў, калі вам не ўдасца, будзе прыкра, але мы зразумеем, што вам выкруцілі рукі. Ён дасведчаны палітык і разумеў, што імавернасць фіяска вельмі вялікая, - адзначыў Класкоўскі ў экспрэс-каментары «Салідарнасці». - Паколькі гэта была для яго вельмі дарагая, вельмі важная цацка, я думаю, ён цяпер перамолвае сваю крыўду і ўнутры ў яго, хутчэй за ўсё, перыяд фрустрацыі.

А праз некаторы час ён усё ж выкажацца досыць эмацыйна. Узгадайце, калі МАК прыняў пастанову аб забароне Лукашэнку і членам НАК удзельнічаць ва ўсіх мерапрыемствах МАК і Алімпійскіх гульнях, ён тады назваў Томаса Баха і ягоных паплечнікаў «бандай».

Нешта такое выкажа і з нагоды адабрання ЧМ. Хутчэй за ўсё, скажа, што «нашы збеглыя», як ён іх называе, паспрыялі, што яны «ворагі нацыі».

Скасаванне ЧС, на думку Класкоўскага, адаб'ецца на рэпутацыі Лукашэнкі не толькі на міжнароднай прасторы, але і ўнутры краіны.

«Цяпер папулярны пункт гледжання, што ў Лукашэнкі развязаліся рукі і ён павялічыць маштаб рэпрэсій. Я думаю, ЧС не гуляе тут вызначальнай ролі. Маштаб і жорсткасць рэпрэсіяў хутчэй вызначаюцца існай унутранай сітуацыяй. Не выключана, што іх бы не аслабілі і на перыяд самога ЧМ.

Так, Фазэль намагаў на тым, каб яму далі нейкія гарантыі таго, што беларускія ўлады пойдуць на дыялог з апазіцыяй, і Лукашэнка падтрымаў гэтую гульню і нават выказаўся, што гатовы на дыялог, праўда, не са «здраднікамі».

Гэта было рэха ягоных перамоваў з Фазэлем, але гэта не азначала, што ён вызначыў нават дзеля ўлюбёнага хакея пайсці на дэмакратызацыю. Разлік быў на тое, што яны напішуць план, IIHF пакіне чэмпіянат за Менскам, а потым можна будзе ў фірмовай манеры прадынаміць усіх, сапраўды гэтак жа, як Пуціна, напрыклад.

Для яго ўсё ж галоўнае не хакей, а ўлада. Чэмпіянат бы не змог паўплываць на стыль паводзінаў кіраўніцтва краіны, бо рэжым цяпер увайшоў у такую фазу, калі Лукашэнка незваротна страціў папулярнасць, застаецца толькі трымацца на дубінках.

Больш магчыма, што чэмпіянат даў бы Лукашэнку лішнія козыры для прапаганды. Па поўнай праграме піярылі б, што ніякай ізаляцыі няма, што ніякі ён не ізгой, а вось, бачыце, усе едуць у госці да нас.

У той жа час, варта адзначыць, што факт скасавання чэмпіянату стаў ударам па рэпутацыі Лукашэнкі ў вачах вертыкалі чыноўнікаў. Бо гэта лішняе пацверджанне таму, што іх патрон ужо не ўсёмагутны. Раней ён мог і ў Маскве пераадольваць розныя пытанні, і з Пампэа, а тут атрымалася асечка!

Сітуацыю можна ахарактарызаваць вядомай фразай Кіплінга «Акела прамахнуўся». Так прымалі і абдымалі гэтага Фазэля, а ў выніку яму надалі мядзведжую паслугу і сябе падставілі.

Можна сказаць, што ідзе назапашванне крытычнай масы, усё, і гэты факт у тым ліку, працуе ў перспектыве на эрозію вертыкалі, на тое, што паступова маналітнасць рэжыму руйнуецца.

І людзі з атачэння, хай і шэптам, але абмяркоўваюць гэта фіяска. Яны разумеюць, што сістэма, створаная аўтарытарным архітэктарам, не вечная, і трэба думаць, як бы яе катастрофа не прыціснула цябе абломкамі. Я думаю, гэтыя думкі цяпер круцяцца ў галовах вертыкальшчыкаў», - разважае Класкоўскі.

Ён нагадвае, што наперадзе яшчэ адзін выклік для Лукашэнкі, які стане чарговым сведчаннем краху ягонай эры.

«Думаю, што гэтым выклікам стануць будучыя выбары кіраўніцтва НАК. Лукашэнка стаў таксічнай фігурай, і гэта праяўляецца ва ўсім. Фазэль, пагутарыўшы з ім, безнадзейна сапсаваў сабе рэпутацыю на зыходзе кар'еры і цяпер да канца жыцця на ім будзе таўро «таго самага, які абдымаўся з Лукашэнкам».

Каб не ствараць праблемы для нацыянальнага алімпійскага руху, яму лепш сысці з пасады кіраўніка. Але тады гэта зноў стане ўдарам па ягоных амбіцыях, яшчэ адным сведчаннем ягонай таксічнасці і таксама будзе разбэшчваць вертыкаль. Гэта значыць, яны будуць бачыць, што Лукашэнка саступае пазіцыі адну за адной, што сведчыць пра тое, што фінал ягонай палітычнай кар'еры і адстаўка непазбежныя», - мяркуе палітычны аглядальнік.

Напісаць каментар 14

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках