Беларусы запусцілі праект, каб пазбавіць рэжым фінансавання
6- 21.01.2021, 14:10
- 22,068
Актывісты «Эканамічнага ціску» знаходзяць болевыя кропкі ў сістэме.
Беларусы замежжа запусцілі праект, мэта якога – пазбавіць рэжым Лукашэнкі фінансавання, паведамляе тэлеграм-канал «Баста!».
Каб дасягнуць мэты, актывісты «Эканамічнага ціску» просяць замежных партнёраў «адыёзных» беларускіх прадпрыемстваў спыніць супрацоўніцтва з апошнімі і падтрымаць працаўнікоў, якія страйкуюць.
Бізнэсмэнам і чыноўнікам нагадваюць пра персанальную адказнасць і санкцыі, а працоўным, якія страйкуюць, забяспечваюць падтрымку замежных прафзвязаў, асацыяцый і СМІ.
Важны вынік – праверка, з якой нарвежская кампанія Yara прыехала ў Беларусь; пасля праверкі гаворка зайшла пра прыпыненне супрацоўніцтва. Гэта плён супольнай працы дыяспараў, страйкамаў, прафзвязаў і самы паспяховы прыклад эканамічнага ціску, такога ж мы хочам ад усіх буйных партнёраў.
Галоўныя кірункі праекта: сабраць базу звестак на прадпрыемствах, праца з прафзвязамі, праца з банкамі і санкцыі.
Стваральнікі «Эканамічнага ціску» паведамляюць, што ўжо ідзе праца над асобным праектам датычна Беларускай атамнай электрастанцыі. Ягоная мэта – дамагчыся, каб Еўразвяз адмовіўся ад энэргіі, што вырабляецца БелАЭС.