25 красавiка 2024, Чацвер, 7:47
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

МЗС Эстоніі стала на абарону беларускіх журналістаў

1
МЗС Эстоніі стала на абарону беларускіх журналістаў

Сітуацыю са СМІ ў Беларусі абмяркоўваюць на пасяджэнні высокага ўзроўню ў Радзе бяспекі ААН.

Гвалт і рэпрэсіі супраць журналістаў у Беларусі павінны быць неадкладна спыненыя. Пра гэта заявіў міністр замежных спраў Эстоніі Урмас Рэйнсалу напярэдадні неафіцыйнага пасяджэння высокага ўзроўню ў Радзе бяспекі ААН падчас абмеркавання сітуацыі са свабодай СМІ ў Беларусі, паведамляе naviny.by са спасылкай на прэс-службу эстонскага МЗС.

Мерапрыемства пройдзе 22 студзеня ў онлайн-фармаце. Яно арганізаванае з ініцыятывы Эстоніі супольна з чальцамі Рады бяспекі Францыі, Ірландыі, Нарвэгіі, Вялікабрытаніі і Злучаных Штатаў, а таксама дзяржавамі-чальцамі ААН Бэльгіяй, Канадай, Даніяй, Фінляндыяй, Нямеччынай, Ісландыяй, Латвіяй, Літвой, Польшчай і Украінай.

Асноўным спікерам будзе спецдакладчык ААН у пытанні аб заахвочванні і абароне права на свабоду меркаванняў і іх свабоднае выказванне Ірэн Хан. З уступным словам выступіць экс-кандыдатка ў прэзідэнты Беларусі Святлана Ціханоўская, чалец прэзідыума Каардынацыйнай рады Павел Латушка, журналіст міжнароднік Гарэт Браўн, прадстаўнік беларускай медыясупольнасці. Старшынстваваць на сустрэчы будзе кіраўнік МЗС Эстоніі.

«Мы павінны змагацца з беспакаранасцю, - цытуе Рэйнсалу прэс-служба МЗС. - Усе асобы, зняволеныя ў турме з палітычных матываў, уключаючы журналістаў, супрацоўнікаў СМІ і блогераў, павінны быць вызваленыя безумоўна. Адказныя за напады на прадстаўнікоў незалежных СМІ павінны быць прыцягнутыя да адказнасці».

Раней Эстонія ўжо ініцыявала абмеркаванне Беларусі ў Радзе Бяспекі ААН. Нефармальная сустрэча, якая была прысвечаная сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі, адбылася 4 верасня.

Абмеркаванні Беларусі ў Радзе бяспекі ААН праводзяцца паводле так званай формулы Арыі. «Формула Арыі» - гэта нефармальныя сустрэчы, якія арганізуюцца з мэтай абмену думкамі з выкарыстаннем гнуткіх працэдурных рамак і з удзелам асоб, якіх было б карысна заслухаць. Такі фармат пасяджэнняў названы ў гонар венесуэльскага дыпламата Дыега Арыі, які пачаў выкарыстоўваць гэтую практыку ў 1992 годзе ў якасці прадстаўніка Венесуэлы ў РБ ААН.

20 студзеня Беларуская асацыяцыя журналістаў і міжнародная праваабарончая арганізацыя «Рэпарцёры без межаў» звярнуліся да спецдакладчыка ААН у пытаннях заахвочвання і абароны права на свабоду меркаванняў і іх выказвання ў сувязі са шматлікімі фактамі пераследу СМІ і журналістаў у Беларусі.

«Існуе сістэмны крымінальны пераслед журналістаў і работнікаў СМІ ў сувязі з іх прафесійнай дзейнасцю ва ўмовах палітычных пратэстаў у Беларусі пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года, - гаварылася ў лісце. - Шэраг работнікаў сродкаў масавай інфармацыі былі адвольна затрыманыя, абвінавачаныя і зняволеныя ў турму ў сувязі з ажыццяўленнем правы на свабоду выказвання меркаванняў».

У лісце падаюцца факты пераследу журналістаў, у тым ліку згаданыя крымінальныя справы ў дачыненні да рэдактара сайта «Наша Ніва» Ягора Марціновіча, журналістак тэлеканала «Белсат» Кацярыны Андрэевай і Дар'і Чульцовай, партала tut.by Кацярыны Барысевіч, заснавальніцы і супрацоўнікаў «Прэс-клуба Беларусь» Юліі Слуцкай, Алы Шарко, Пятра Слуцкага, Сяргея Альшэўскага, Ксеніі Луцкінай і Сяргея Якупава, а таксама медыямэнэджара Андрэя Аляксандрава і ягонай дзяўчыны Ірыны Злобінай.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках