3 сакавiка 2021, Серада, 7:38
Сім сім, Хартыя 97!
Рубрыкі

«Уначы незнаёмыя людзі прывезлі абагравальнікі»

12
«Уначы незнаёмыя людзі прывезлі абагравальнікі»

Як суседзі ратуюць менскую Малінаўку, дзе няма ацяплення і гарачай вады.

Праз аварыю на цепласетках у Маскоўскім раёне сталіцы ўчора на многіх адрасах знікла гарачая вада і ацяпленне. Скасавалі заняткі ў дзясятцы школаў, амаль 30 дзіцячых садкоў пакінулі толькі дзяжурныя групы. Раніцай 22 студзеня tut.by прайшоўся па менскай Малінаўцы і паглядзеў, што там адбываецца падчас чарговага буйнога камунальнага надзвычайнага здарэння.

Тата дзетсадаўцаў: «нясем дзецям абагравальнік»

Дзіцячы сад № 556 на Рафіева, 87, – адзін з тых, што засталіся без ацяплення. Раніцай пятніцы тут нешматлюдна: учора ўвечары бацькоў папрасілі пры магчымасці не прыводзіць дзяцей.

Ідуць толькі тыя, каму няма дзе пакінуць малога ў будні дзень. У руках у аднаго таты – абагравальнік.

– На ўсялякі выпадак захапілі. Перажываем, што сёння дзецям можа быць халодна, – тлумачыць мужчына, але просіць сябе не фатаграфаваць.

Адна з мамаў расказвае, што ў групе, куды ходзіць яе дачка, сёння толькі два дзіцяці, хоць звычайна прыходзіць 13–15 чалавек.

Яшчэ двое з бацькоў, якіх мы сустрэлі ля дзіцячага садка, нічога пра аварыю не ведаюць. Яны прыйшлі з дома на Ясеніна, у якім ацяпленне і гарачая вада ёсць. Дзівяцца пытанням, заходзяць у будынак і выходзяць з яго хвілінаў праз 10 – пастанавілі вярнуцца дадому, раз такая сітуацыя.

У школе: «Ідзіце дадому! Сёння няма ўрокаў!»

У школу № 209, што на Рафіева, 91, таксама ідуць рэдкія людзі. Урокі скасавалі, хутчэй за ўсё, замест пятніцы навучальным днём будзе субота. Сёння працуюць толькі дзяжурныя групы.

З будынка выходзіць мужчына, які са здзіўленнем глядзіць на тых, хто ўсё ж такі цягнецца да школы, і лагодна абвяшчае:

– Ідзіце дадому! Сёння няма ўрокаў!

Праз школьны двор ідзе сям'я. Жанчына расказвае, што ні ў дзіцячы сад, ні ў школу сваіх дзяцей не павяла.

– Дома пакуль цярпіма, не вельмі халодна. Паглядзім, вядома, што будзе ўвечары.

Паліклініка № 25, якая знаходзіцца непадалёк, працуе ў звычайным рэжыме. На ўваходзе нам кажуць:

– Халаднавата, але апрануліся сёння цяплей.

Ля аварыйнай трубы: «Вада пачала прабівацца з-пад зямлі!»

Ніна і Віктар жывуць на Ясеніна, 87. Віктар – будаўнік, прыйшоў учора з працы, але мыцца давялося ў халоднай вадзе.

– Але ў нашай кватэры пакуль камфортная тэмпература – дом уцеплены, пашанцавала.

Сям'я дадае, што жыве на дзясятым паверсе. Адтуль, проста з вокнаў, відаць, як рамантуюць цепласеткі.

Аварыя адбылася ў раёне скрыжавання вуліцаў Ясеніна і Рафіева, з боку гандлёвага цэнтра «Максімус» і рынку.

Раніцай пятніцы там актыўна працуюць прадстаўнікі «Менскіх цеплавых сетак». Адзін з працаўнікоў на месцы двума словамі тлумачыць:

– Бачыце вунь той чырвоны кавалак трубы? Гэта сільфонны кампенсатар, яго замянілі.

Пазней у «Менскіх цепласетках» афіцыйна паведамяць, што прычынай аварыі стала трэшчына ў кампенсоўнай прыладзе.

Добра бачылі, як пачалося надзвычайнае здарэнне, прадпрымальнікі з рынку. Дзвюм палаткам нават давялося пераехаць на іншае месца на час рамонту трубы, – і пераезд быў экстрэмальным.

– Пачала прабівацца вада проста з зямлі, паміж плітак! Пліткі – прагінацца. Потым гэта ўсё ператварылася ў фантан, – расказвае Святлана, якая раскладвае тавар у адной з пераехалых палатак. – Мы паспелі ўсё вынесці. Відэа здымаць не было калі – тут маёмасць выратаваць бы. Добра, што гэта не здарылася ноччу, калі нікога няма, а тавар тут – шкода была б вялікай.

Прадпрымальніца і так перажывае. Калі пераносілі сваю палатку на новае месца, яна зламалася.

– Выкінулі ўжо сваю, блізу 500 даляраў каштуе замена... Пакуль нам часовую палатку далі, вось, абжываемся.

Суразмоўца кажа, што блізу года таму трубу, на якой цяпер адбылася аварыя, ужо рамантавалі.

– А прыкладна за месяц да Новага года ў гэтым месцы трохі праваліўся асфальт. Прыязджалі, латалі дзірку. І вось учора адтуль усё і пачалося.

Жыхарка: «У 115 не датэлефанавацца, ноччу незнаёмыя людзі прывезлі абагравальнікі»

Калі ўчора ўвечары стала вядома, што ў Маскоўскім раёне Менска – надзвычайнае здарэнне і ацяплення ды гарачай вады ў многіх людзей не будзе блізу сутак, менчукі завалілі адзін аднаго паведамленнямі пра дапамогу. «Прывязу абагравальнік», «Пушчу пераначаваць» – чаты ў тэлеграме разрываліся ад прапановаў.

Святлана жыве на Рафіева, 78. Яна – адна з тых, каму гэтай ноччу дапамаглі. Маладая мама расказвае: дзіця хварэе, а кватэра пачала хутка астываць.

– Калі сын заснуў, зразумела, што паветра ўжо вельмі халоднае. Зайшла ў чат, папрасіла абагравальнік. Адгукнуліся многія, прывезлі два абагравальнікі – адзін аддам суседзям, – расказвае мянчанка.

Без ацяплення і абагравання ў яе кватэры тэмпература даходзіць да 15 градусаў.

Адзін з абагравальнікаў прывезлі жыхары Новай Баравой, якія летась і самі траплялі ў камунальныя калатнечы.

Жыхарка дома на Рафіева адзначае, што ўчора ўвечары доўга не магла датэлефанавацца ў 115. Атрымалася ўжо зусім позна, тады ў кантакт-цэнтры патлумачылі: у раёне аварыя, гарачай вады не будзе прыкладна дзень.

– Я спытала, чым камунальныя службы могуць нам дапамагчы. Мне адказалі прыкладна так: «Ну, вы ж дарослы чалавек, самі развяжыце ўсе пытанні», – смяецца жанчына. – Я пажартавала: «Мне на сваёй квітанцыі напісаць тое самае?»

Але Святлана ў захапленні ад спагадлівасці звычайных менчукоў. Яна яе заўважыла яшчэ ў чэрвені – калі адразу ў некалькіх раёнах сталіцы былі праблемы з вадой.

– За апошнія паўгода я выразна зразумела: што б ні здарылася, людзі табе дапамогуць.

Вярнуць цяпло ў дамы плануюць да 16-й 22 студзеня.

 

Спампоўвайце і ўсталёўвайце мэсэнджар Telegram на свой смартфон або кампутар, падпісвайцеся (кнопка «Далучыцца») на канал «Хартыя-97».