«Быў у «Зубры», меў рыцарскі псеўданім Лютувер»: новыя факты пра мужчыну, які ўчыніў акт самаспалення на плошчы Незалежнасці
7- 22.01.2021, 16:10
- 39,610
Распавядаюць сябры Паўла Банькоўскага.
35-гадовы мянчук Павел Банькоўскі падпаліў сябе на плошчы Незалежнасці 22 студзеня. Што магло стаць прычынай, пакуль дакладна невядома.
Былая жонка кажа аб праблемах з алкаголем, праўладныя тэлеграм-каналы адкрыта здзекуюцца, указваюць на судзімасці Банькоўскага і называюць яго нэанацыстам.
У спробе зразумець, што за чалавек Павел Банькоўскі «Наша Ніва» паразмаўляла з ягонымі сябрамі і знаёмымі.
«Мы з ім з 1999 года былі ў адным рыцарскім клубе «Снежны барс» - гэта клуб рэканструктараў эпохі ВКЛ.
У клубе Павел узяў сабе рыцарскі псеўданім Лютувер у гонар аднаго з напалову міфічных літоўскіх князёў 13 стагоддзя — успамінае Вячаслаў, знаёмы Паўла. – Паша - неадназначны чалавек: добры сябар, але ў некаторых момантах вельмі гарачы чалавек, вельмі імпульсіўны. Мог усё ўспрымаць вельмі блізка да сэрца.
З алкаголем былі праблемы. Калісьці ён нават кадзіраваўся. Што ў яго цяпер было са спіртным, я дакладна не скажу. Апошнія гады два мы не вельмі падтрымлівалі стасункі. Але Паша працаваў кіроўцам тралейбуса - на такой працы асабліва ж не пап'еш.
Калі Паша піў, у яго пачыналіся праблемы з галавой. Гэта адбывалася перыядычна: мог доўга не піць, а калі выпіваў, пачыналіся праблемы, і ў сям'і ў тым ліку.
У яго была судзімасць, так - за марыхуану. Але ён пару тыдняў да суда быў пад вартай, пасля адпусцілі. Прысуд не памятаю, але ў калонію, здаецца, яго не адпраўлялі.
Павел быў актыўны, быў чальцом руху «Зубр», заўсёды быў прабеларускім чалавекам. Дакладна браў удзел у вулічных акцыях у пачатку 2000-х, аб апошніх часах – не ведаю»
Алена, блізкая сяброўка сям'і Паўла падрабязна расказала пра яго.
«Павел – мянчук, родам са звычайнай добрай сям'і. Бацькі рабочыя. Сам Паша вельмі начытаны, мае высокі ўзровень гістарычных ведаў, вялікую бібліятэку, ён захапляўся рыцарствам і гісторыяй ВКЛ.
Паша вучыўся ў Інстытуце правазнаўства, але пасля крымінальнага артыкула займацца юрыдычнай дзейнасцю не мог — распавядае Алена. – Працаваў то тут, то там, апошнім часам у тралейбусным парку. Але ён не лайдак. У яго сям'я, якую Павел стараўся забяспечваць. Калі не было лепшай працы, ён і грузчыкам ішоў працаваць.
Яны набылі аўто. Штогод ездзілі на мора, то ў Крым, то Адэсу, але рэгулярна і з двума дзецьмі.
Павел не маргінал, ён любіць сваю сям'ю і сваіх дзяцей. Пазаўчора ў малодшай дачкі быў дзень нараджэння. Праз месяц ягонаму старэйшаму сыну 18 гадоў. Сынам Паша вельмі ганарыцца. Хлопец займаецца гандболам, мае добрыя перспектывы»
У 25 гадоў Павел сапраўды быў асуджаны за захоўванне марыхуаны.
«Яго затрымалі з наркотыкамі. Я так разумею, прадавец проста здаў яго як кліента.
Быў суд, Павел прызнаў віну, атрымаў ці то ўмоўны тэрмін, ці то адтэрміноўку. У калоніі ён не сядзеў. Пасля Паша добра сябе паводзіў, не меў праблем.
Паша вельмі рана стаў бацькам - у 17 гадоў. І ў яго часам былі адчуванні ад жыцця, што ў яго скралі маладосць. Можа, яму хацелася пакрасавацца, а трэба было гадаваць дзіця. І ён шукаў такія магчымасці неяк расслабіцца...гэта было проста па маладосці і па дурасці. І наколькі я ведаю, больш ён да гэтых пытанняў не вяртаўся – гэта быў ягоны апошні досвед з наркотыкамі».
Але і Алена прызнае - з алкаголем у Паўла праблемы былі.
«Ён не быў прапойцам: не здымаў жанчын, не піў так, каб блукаць па вуліцах ці стаяць пад крамай і выпрошваць грошы.
Але піў, гэта праўда. Гэта была хвароба – і гэта сам Павел усведамляў. Ён змагаўся з гэтым, разумеў, што мае праблему»
У тым ліку і алкаголь паўплываў на тое, што Банькоўскі развёўся з жонкай.
«Развяліся, бо вельмі рана пажаніліся і з часам зразумелі, што цяжка ім разам жыць. І жонцы было цяжка, што ён п'е.
Апошні раз я з Паўлам вельмі добра паразмаўляла летам. Ён быў у мяне ў гасцях.
Я спытала: «Якія ў цябе мэты ў жыцці». Ён адказвае: «Я не ведаю».
Але мэтаў у жыцці ў яго не было - уздыхае Алена.
Павел ад таго, што рана ажаніўся, крыху згубіўся ў жыцці. Ён вельмі любіць і жонку, і дзяцей, нягледзячы на развод. І ўсё гэта ён цяжка перажываў: і ўнутраную сваю разгубленасць, і праблемы з алкаголем. Ён казаў мне так: я разумею, што гэта праблема, але не ведаю, як сябе спыніць.
Летась Павел з жонкай на маршы не хадзілі, але ўсёй душою перажывалі.
Я сама, маральна ўстойлівы чалавек, часам перажываю і проста не магу прымаць інфармацыю аб тым, што сёння адбываецца ў Беларусі. А што казаць пра чалавека, які мае да ўсяго і іншыя праблемы…
Таму, я думаю, што ўсе гэтыя навіны і падзеі ў краіне напластаваліся на ўсе ўнутраныя праблемы Паўла. І вось вынік.
Учынак Паўла, вядома, быў для мяне шокам. Але ведаючы чалавека, я разумею, што апошнім часам у яго ўнутры была эмацыйная пустата»