19 красавiка 2024, Пятніца, 16:59
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Як выехаць з Беларусі праз наземныя межы

6
Як выехаць з Беларусі праз наземныя межы

Ужо месяц, як межы застаюцца «на замку».

Аўтабізнэс разбіраўся, каму і як можна выехаць з Беларусі ва ўмовах дзейных абмежаванняў.

Нагадаем, што з 21 снежня пераважнай большасці беларусаў нельга выехаць з краіны праз наземныя пункты пропуску. Калі вы не ўваходзіце ў досыць вузкі спіс асоб, каго выпусцяць з Беларусі, для вас застаецца даступным толькі адзін спосаб пакінуць краіну – авіязлучэнне.

Расея

З рухам у Расею таксама ёсць пытанні. Выезд з Беларусі ва ўсходнім кірунку нічым не абмежаваны, аднак РФ закрыла мяжу са свайго боку яшчэ ў сакавіку мінулага года. Легальна з Беларусі ў Расею могуць выехаць толькі грамадзяне РФ, а таксама беларусы, якія маюць дазвол на жыхарства ў суседняй краіне.

Беларусаў пусцяць у Расею, калі на сумежнай тэрыторыі ў іх жывуць блізкія сваякі альбо хворыя сваякі, якія маюць патрэбу ў доглядзе. Акрамя таго, пускаюць на вучобу, лячэнне, пахаванне. Яшчэ на бесперашкоднае перасячэнне мяжы могуць разлічваць супрацоўнікі беларускіх кампаній, якія працуюць у РФ вахтавым метадам. На гэтым спіс не заканчваецца.

Многія, напэўна, у курсе, што пры вялікім жаданні і адносна невялікай суме грошай патрапіць у РФ можа кожны. Шматлікія аб'явы ў інтэрнэце аб рэгулярных «маршрутках» таму пацверджанне.

Аднак нас цікавіць праезд праз мяжу менавіта на сваім аўтамабілі. Без адмысловай працы знайсці людзей, гатовых дапамагчы ў развязанні нашай праблемы. Каштуе такая паслуга 8000 расейскіх рублёў (крыху больш за 100$). Суму нам агучылі за праезд траіх беларусаў на легкавым аўто з нашымі «нумарамі». За 1-2 дні да перасячэння мяжы трэба звязацца з «куратарам», пасля чаго будзе названае дакладнае месца праезду. Ніякай наступнай ізаляцыі пасля такога перасячэння мяжы не патрабуецца.

Адзіны мінус, з якім можна сутыкнуцца ўжо пасля перасячэння дзяржмяжы – сустрэча з мясцовымі аўтаінспектарамі. Са слоў суразмоўцы, супрацоўнікі ДІБДР выдатна разумеюць сітуацыю, таму не супраць падзарабіць на беларусах.

Нягледзячы на ўсю «шэрасць» такой паездкі, з пункту гледжання беларускага заканадаўства вы нічога не парушаеце, бо Беларусь не ўводзіла абмежаванняў на выезд у РФ. Самаізаляцыя па прыездзе з Расеі таксама не патрабуецца.

А што па іншых накірунках?

Выехаць у астатнія чатыры суседнія краіны складаней. У першую чаргу праз забароны, уведзеныя нашым бокам.

Не часцей за адзін раз на 6 месяцаў выпусцяць з краіны на вучобу або працу. Таксама выпусцяць беларусаў, у якіх ёсць сталы дазвол на жыхарства за мяжой. Больш падрабязна аб выездзе з Беларусі ў перыяд COVID-19 можна прачытаць у спецыяльным раздзеле на сайце Дзяржпагранкамітэта.

Мы ж з гэтага спісу выдзелім камандзіроўкі. У адрозненне ад іншых катэгорый, камандзіраваныя могуць зноў выязджаць з краіны, не чакаючы заканчэння паўгадавога тэрміну. Закон ніяк не абмяжоўвае колькасць паездак у замежную камандзіроўку. Адпраўляцца могуць не толькі супрацоўнікі якой-небудзь арганізацыі, але і індывідуальныя прадпрымальнікі.

Акрамя таго, па вяртанні з замежнай камандзіроўкі вам не спатрэбіцца праходзіць працэдуру 10-дзённай самаізаляцыі. Адсюль выходзіць, што выезд з РБ па прычыне камандзіроўкі з'яўляецца самым зручным.

Аднак адсутнасць карантыну па прыездзе яшчэ не азначае, што камандзіраванаму не давядзецца сядзець на карантыне ў краіне прыбыцця. Хоць у некаторых краінах пазбегнуць ізаляцыі не так ужо складана.

Украіна

Прасцей за ўсё пазбегнуць карантыну пры паездцы ва Украіну. Каб не самаізалявацца на 14 дзён, у вас павінен быць адмоўны вынік ПЦР-тэсту, праведзенага не больш чым за 48 гадзін да перасячэння мяжы. Калі вынікаў тэсту няма, вас чакае самаізаляцыя на 14 дзён альбо да атрымання вынікаў тэсту.

Адзначым, што да 11 студзеня з Беларусі ва Украіну можна было трапіць без адмоўнага ПЦР-тэсту і самаізаляцыі. Украіна штотыдзень абнаўляе спіс краін, дзе дзеліць іх на зялёную і чырвоную зоны. У чырвоную зону трапляюць тыя краіны, дзе сітуацыя з распаўсюджваннем COVID-19 горшая, чым ва Украіне.

Літва

Карантын у Літве доўжыцца 10 дзён. Аднак самаізаляцыі таксама можна пазбегнуць. Для гэтага неабходна мець адмоўны вынік тэсту на COVID-19, зробленага не раней, чым за 48 гадзін да прыбыцця ў Літву. Таксама дазваляецца прайсці тэставанне на COVID-19 цягам 24 гадзін з моманту прыбыцця. Акрамя таго, для ўезду ў Літву неабходна запоўніць анкету.

На першы погляд можа здацца, што Літва адкрытая практычна для ўсіх беларусаў з «шэнгенам», аднак гэта не так. Зыходзячы з інфармацыі на сайце Міністэрства замежных спраў Літоўскай Рэспублікі, без асаблівых падстаў уехаць у краіну могуць толькі ўладальнікі нацыянальнай літоўскай візы.

Польшча

У адрозненне ад Літвы ў Польшчу беларусы могуць прыехаць з усякай дзейнай шэнгенскай візай. Але пазбегнуць абавязковай 10-дзённай самаізаляцыі, паказаўшы адмоўны вынік ПЦР-тэсту на COVID-19, не атрымаецца.

Латвія

Мабыць, найгоршыя ўмовы пры перасячэнні мяжы прапануе Латвія. Акрамя таго што для ўезду ў краіну вам спатрэбіцца падаць адмоўныя вынікі тэсту на COVID-19, вас усё адно будзе чакаць 10-дзённы карантын. Такія правілы дзейнічаюць з 15 студзеня 2021 года, працягнуцца яны мінімум да 25 студзеня.

З пункту гледжання беларускага заканадаўства прасцей за ўсё выехаць у Расею. Хоць для гэтага вам давядзецца «па-чорнаму» перасекчы расейскую частку мяжы.

Самай гасціннай краінай-суседкай сталася Украіна. Абмежаванняў на ўезд няма, самаізаляцыі лёгка пазбегнуць. Літва таксама прапануе нядрэнныя ўмовы, пры якіх можна пазбегнуць карантыну, але пусціць да сябе далёка не ўсіх. Польшча не абмяжоўвае ўезд у краіну для беларусаў, але 10-дзённы карантын непазбежны.

Найгоршыя ўмовы ў Латвіі: для перасячэння мяжы патрэбен адмоўны тэст на COVID-19 і абавязковая ізаляцыя на 10 дзён.

З Беларусі найбольш проста і зручна выязджаць у камандзіроўку. Абмежаванняў па частаце выездаў няма, карантыну па прыбыцці таксама.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках