29 сакавiка 2024, Пятніца, 15:46
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Эканамістка: Як можна несці такую лухту?

19
Эканамістка: Як можна несці такую лухту?
ФОТА З САЙТА: GAZETABY.COM

Эканамістка раскрытыкавала планы нелегітымнага ўраду Таракана і заклікала не трымаць беларусаў за дурняў.

Як стала вядома, Міністэрства эканомікі плануе да 2025 года рэалізаваць пяць «праектаў будучага» з інвестыцыямі амаль Br2 млрд. Экспэртка Аналітычнага цэнтра «Стратэгія» Вікторыя Васілевіч уважае, што гэтым планам не наканавана спраўдзіцца, паведамляе «Салідарнасць».

- Я не бачу наогул ніякай магчымасці ў рэалізацыі хаця б аднаго кірунку. Гэта чарговае ашуканства і тут наогул няма пра што казаць, - заявіла экспэртка ў інтэрв'ю на Примусе. - Думаю, цяпер усе сродкі добрыя, каб уціраць людзям, якое цудоўнае ўладкаванне нашай краіны. Паглядзіце, нават узрост спеласці лясоў Лукашэнка паставіў сабе ў заслугу. Гэта значыць, яны 70 гадоў таму былі пасаджаныя, цяпер дасягнулі ўзросту спеласці, і за гэта мы павінны дзякаваць Аляксандру Лукашэнку.

Вікторыя Васілевіч таксама не бачыць перспектыў у планах урада ў стварэнні першай у Беларусі дзяржаўнай карпарацыі ў сферы сельгасмашынабудавання, якая, на задуму, павінна аб'яднаць блізу 30 прадпрыемстваў з агульным аб'ёмам даходу больш як Br3 млрд.

- Жах у тым, што міністр эканомікі кажа пра даход, а не прыбытак , - адзначае экспэртка. - Праблемы з атрыманнем грошай у іх не ўзнікае. Проста таму што бюджэт для іх - тая самая тумбачка, у якую яны ўвесь час звяртаюцца і ўвесь час атрымліваюць. І ніхто не пытае, дзе вынікі за тыя грошы, якія вы бралі з тумбачкі? Тут ёсць яшчэ адзін аспект: якімі ж дурнымі, неразвітымі і неразумнымі лічаць міністры насельніцтва Беларусі, уціраючы ім падобную агітацыю і прапаганду. Як можна гвалтаваць вушы разумных беларусаў такім глупствам? «Мы будзем жыць пры камунізме!» - ужо пара пераходзіць да гэтага лозунгу.

Экспэртка шчыра пасмяялася з нагоды надзей Мінэканомікі на тое, што гэта дзяржкарпарацыя стане значным гульцом на сусветным рынку сельгастэхнікі.

- Мне цяжка падбіраць словы, - адзначае Вікторыя Васілевіч. - Вы збіраецеся заваліць сельгастэхнікай увесь свет? Узнікае велізарнае мноства пытанняў, і першае пытанне, нават не, што вы будзеце вырабляць, а куды вы ўсё гэта збіраецеся прадаваць? Таму што рынкі гэтыя занятыя. Мы бачым, што нашы трактары ў лепшым выпадку прадаюцца ў Афрыку, яны не прадаюцца ні ў якія вядучыя еўрапейскія дзяржавы.

Проста ўсё гэта фікцыя і бясконцае ашуканства. Зрэшты, як і ўся палітыка, якая праводзіцца ўладамі.

- Калі інтэрнэт марнее і памірае, калі электрычная энэргія, якая выпрацоўваецца з лiшкам, не можа быць выдаткаваная на патрэбы ацяплення, і нам рэкамендуюць ацяпляць дровамі - думаю, вектар руху відавочны, - адзначае Вікторыя Васілевіч.

Напісаць каментар 19

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках