24 красавiка 2024, Серада, 11:11
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Балтыйская хакейная салідарнасць супраць Лукашэнкі

7
Балтыйская хакейная салідарнасць супраць Лукашэнкі
ІЛЮСТРАЦЫЙНАЕ ФОТА

Новы выклік для ўзурпатара.

"Страсць. Без межаў". Такім павінен быў быць дэвіз фіналу чэмпіянату свету ў хакеі 2021 года. Яго збіраліся праводзіць у Менску і Рызе. Сэнс лозунга – у тым, што мяжа паміж Еўрапейскім Звязам і Беларуссю на два тыдні – з 21 траўня да 6 чэрвеня – перастане існаваць.

Аднак 18 студзеня Міжнародная федэрацыя хакею на лёдзе (IIHF) пазбавіла Беларусь права праводзіць гэтае першынство. Прычынамі былі названыя эпідэмія COVID-19 і "праблемы бяспекі" – бюракратычны эўфемізм для масавых пратэстаў супраць рэжыму Лукашэнкі, паведамляе dw.com.

"ЧС у хакеі будзе адным з самых вялікіх выклікаў"

Цяпер уся нагрузка ў правядзенні чэмпіянату легла на Рыгу. Але дапамогу Латвіі прапанавала Літва: міністр адукацыі, навукі і спорту Юргіта Шугждзіненэ заявіла, што яе краіна гатовая аказаць суседзям садзейнічанне і ўзяць на сябе правядзенне часткі гульняў першынства. Міністарка паведаміла, што ўжо звязалася з калегай у Рызе Ілгай Шуплінскай і абмеркавала літоўскую прапанову. "Літва даказала, што здольная арганізаваць спартовыя спаборніцтвы самага высокага ўзроўню. Так, гэта будзе адным з самых вялікіх выклікаў у гісторыі спорту ў нашай краіне", – дадала Шугждзіненэ.

У Літвы сапраўды ёсць такі досвед. Напрыклад, у 2011 годзе ў Каўнасе паспяхова прайшоў чэмпіянат Еўропы ў баскетболе. Баскетбол – галоўны спорт у Літве, такая ж нацыянальная страсць, як футбол у Бразіліі або лыжныя гонкі ў Нарвегіі. Аднак хакей тут не такі папулярны, у адрозненне ад Латвіі, дзе ён карыстаецца значна большай любоўю. Зрэшты, федэрацыі хакею з шайбай былі створаныя ў абедзвюх краінах яшчэ ў 1930-х гадах.

Спартовыя арэны гатовыя да матчаў?

Цяпер пытанне заключаецца ў тым, ці атрымаецца за такі кароткі час займець дазвол Міжнароднай федэрацыі хакею на лёдзе і падрыхтаваць арэны для правядзення матчаў. Некаторыя мяркуюць, што гэта будзе цяжка, іншыя, наадварот, адчуваюць аптымізм. Напрыклад, літоўская кампанія абслугоўвання і рамонту авіяцыйнай тэхнікі Aviasolutions нядаўна набыла ва ўласнасць найбуйнейшую спартовную арэну ў Вільні, у свой час пабудаваную на сродкі нямецкай фірмы Siemens. "Мы гатовыя падрыхтаваць аб'ект для паказу прадстаўнікам федэрацыі цягам тыдня – дзесяці дзён", – паведаміў DW старэйшы віцэ-прэзідэнт Aviasolutions Вігаўдас Ушацкас.

У Літве ёсць таксама спартовыя арэны Žalgiris у Каўнасе, за гадзіну язды ад Вільні, і Švyturys у Клайпедзе. Гэта збудаванні высокага тэхналагічнага ўзроўню, спадчына сур'ёзнай мадэрнізацыі спартовай інфраструктуры Літвы пры падрыхтоўцы еўрапейскага баскетбольнага першынства дзесяцігадовай даўнасці.

Калі Літва атрымае права праводзіць гульні чэмпіянату свету, то ў гэтым будзе і палітычны сэнс. У Вільні займаюць жорсткую пазіцыю ў дачыненні да беларускага рэжыму. Літоўскі палітычны клас бачыць сябе еўрапейскім лідарам у справе абароны правоў чалавека і палітычных свабодаў на постсавецкай прасторы, у тым ліку і ў Беларусі. У дадатак, стасункі Менска і Вільні не першы год ускладненыя будаўніцтвам і ўвядзеннем у працу ў 2020 годзе атамнай электрастанцыі ў беларускім Астраўцы, за трыццаць з лішкам кіламетраў ад Вільні. Літоўцы мяркуюць АЭС, пабудаваную кампаніяй "Расатам", небяспечнай. Яны вядуць актыўную кампанію ў надзеі пераканаць суседнія краіны не набываць электрычнасць, вырабленую ў Астраўцы.

"Вялікі спорт і палітыка даўно непарыўна звязаныя"

Латвія, у адрозненне ад Літвы, раней займала больш мяккую пазіцыю ў дачыненні да рэжыму ў Менску і настойвала на дыялогу з ім.

Аднак прэзідэнцкія выбары ў Беларусі 9 жніўня і масавыя пратэсты пасля іх усё змянілі. Прафесар Латвійскага ўніверсітэта і палітык Новай кансерватыўнай партыі Андрыс Кудорс у тэлефонным інтэрв'ю DW адзначыў: "Жорсткі ўціск пратэстаў рэжымам Лукашэнкі зрабіў немагчымым прадаўжэнне ранейшай лініі на дыялог з ім. Першыя заклікі латвійскіх палітыкаў адмовіцца ад правядзення супольна з Менскам хакейнага чэмпіянату прагучалі яшчэ ў жніўні. Былі і тыя, у тым ліку спартоўцы, хто заклікаў не змешваць хакей і палітыку. Але гэтая заезджаная кружэлка нікуды не падыходзіць – вялікі спорт і палітыка ўжо даўно непарыўна звязаныя".

На думку Кудорса, у Рызе прапанову Вільні ўспрымуць станоўча: "Па-першае, каб правесці ўвесь чэмпіянат у Латвіі, патрабуюцца дадатковыя сродкі. Значыць, давядзецца прасіць іх у Міжнароднай федэрацыі хакею на лёдзе. Па-другое, для гэтага патрэбныя дадатковыя арэны, а іх сёння не хапае".

Міжнародная федэрацыя павінна даць адказ на ініцыятыву Літвы цягам найбліжэйшых тыдняў. Інакш часу на падрыхтоўку можа не хапіць.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках