19 красавiка 2024, Пятніца, 13:26
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Неўскі – наш!»

19
«Неўскі – наш!»
ФОТА: НОВАЯ ГАЗЕТА

Упершыню ў найноўшай гісторыі РФ пратэстоўцы ў Пецярбургу занялі галоўны праспект.

23 студзеня ў Пецярбургу прайшла акцыя ў падтрымку Аляксея Навальнага. Ад Сенацкай плошчы некалькі тысячаў чалавек прайшлі па галоўнай магістралі горада, практычна не сустрэўшы супраціву. Пры гэтым рэальную колькасць удзельнікаў ацаніць вельмі складана – у адзін момант пратэст распаўсюдзіўся па ўсім цэнтры горада, піша «Новая газета».

Да арганізатараў акцыі – штаба Навальнага ў Пецярбургу – першапачаткова былі пытанні з нагоды пункту збору пратэставага шэсця. У адрозненне ад Марсавага поля (традыцыйнага месца сустрэчы апазіцыі) усе падыходы да Сенацкай плошчы даволі лёгка заблакаваць, што ў выніку і адбылося – за дзень да прызначанай даты паліцыя абнесла агароджай увесь перыметр Сенацкай і прылеглага да яе Аляксандраўскага саду. Платы і калона аўтазакаў загадзя з'явіліся і на Гасціным Двары.

ФОТА: НОВАЯ ГАЗЕТА
ФОТА: НОВАЯ ГАЗЕТА

Было прыкметна, што супрацоўнікі правапарадку зрабілі асноўную стаўку на прэвентыўныя захады: напярэдадні акцыі паліцыя наносіла візіты апазіцыянерам (многія з якіх не начавалі дома), затрымлівала актывістаў ля метро і на вуліцах. За паўгадзіны да пачатку акцыі для пешаходаў былі перакрытыя Палацавы і Благавешчанскі масты, а таксама найбліжэйшыя да Сенацкай плошчы станцыі метро. Паліцыя адлоўлівала патэнцыйных апазіцыянераў на прылеглых вуліцах, не даючы збірацца ў групы. У гэты час на Сенацкай пачаліся кропкавыя затрымання тых, хто ўсё ж такі здолеў дабраўся да месца сустрэчы.

ФОТА: НОВАЯ ГАЗЕТА
ФОТА: НОВАЯ ГАЗЕТА

Да 14-й стала зразумела, што людзей будзе вельмі шмат:

рухаючыся вакольнымі шляхамі, вялікі натоўп сабраўся ў Аляксандраўскім садзе і вакол Ісакіеўскага сабора. Паліцыя папярэджвала пра парушэнне каранавірусных абмежаванняў і прадаўжала затрымліваць тых, хто трапіцца пад руку.

ФОТА: НОВАЯ ГАЗЕТА
ФОТА: НОВАЯ ГАЗЕТА

З размоваў у натоўпе:

– А вы ў курсе, што сёння яшчэ і дзень нараджэння Агюста Монферана – архітэктара Ісаака?

Тут жа, на фоне сабора, пачаліся першыя сур'ёзныя сутыкненні пратэстоўцаў з паліцыяй. «Касманаўты» то выстройваліся ў лінейку, то разбіваліся на групы. Увесь гэты час у іх ляцелі снежкі і заклікі перайсці на бок «народа». На вачах у карэспандэнта «Новай» пратэстоўцы здолелі перашкодзіць затрыманню аднаго з удзельнікаў акцыі.

ФОТА: НОВАЯ ГАЗЕТА

Раптам вартавыя парадку быццам страцілі цікавасць да таго, што адбываецца: АМАП разышоўся, пасля чаго натоўп літаральна знёс плот вакол Сенацкай плошчы і згрупаваўся вакол Меднага вершніка. Гучалі воплескі і ў адказ – сігналы з машынаў.

ФОТА: НОВАЯ ГАЗЕТА
ФОТА: НОВАЯ ГАЗЕТА

Праз дзесяць хвілінаў калона рушыла па Аляксандраўскім садзе ў бок Неўскага праспекта і зусім хутка цалкам заняла Малую Марскую і Ганчарную вуліцы. Паліцыя ніяк не перашкаджала. Момант трыумфу апазіцыі наступіў у раёне 15-й гадзіны, калі натоўп выйшаў на Неўскі праспект. Рух транспарту спыніўся. Кіроўцы заблакаваных машынаў здымалі тое, што адбываецца, на тэлефон, аднекуль загучаў Цой – «Пераменаў!» Настрой унутры калоны – прыўзняты, людзі фатаграфаваліся і тэлефанавалі сябрам.

Звычайна Неўскі становіцца пешаходным толькі па святах або падчас Крыжовага ходу.

ФОТА: НОВАЯ ГАЗЕТА
ФОТА: НОВАЯ ГАЗЕТА

Паміж Казанскім саборам і Домам кнігі ўдзельнікаў шэсця сустрэла ўмацаванне з снегаўборачных машынаў, аўтобусаў і жывога ланцуга АМАПу. «Вы перашкаджаеце праходу грамадзянаў!» – крычалі пратэстоўцы «касманаўтам» у твар. Паліцыя не рэагавала.

Так доўжылася 15–20 хвілінаў. Раптам АМАП выйшаў наперад і адціснуў апазіцыянераў паабапал Неўскага праспекта. Рух транспарту аднавіўся. Першая група пратэстоўцаў рушыла на плошчу Паўстання, другая – на Марсава поле, тут іх ужо чакала Расгвардыя. Затрыманні прадоўжыліся.

ФОТА: НОВАЯ ГАЗЕТА
ФОТА: НОВАЯ ГАЗЕТА

У 16.50 штаб Навальнага заклікаў удзельнікаў акцыі вяртацца на Гасціны Двор і заканчваць акцыю. У адсутнасць выразнай тактыкі або лідара натоўп зноў рассяродзіўся, а паліцыя на ўсялякі выпадак паўторна перакрыла Неўскі. У гэты час на вуліцы ўжо пачало цямнець.

Затрыманні на плошчы Паўстання і Гасціным Двары доўжыліся да позняга вечару. На 19-ю гадзіну 23 студзеня, паводле звестак ФБК і праваабарончай групы «Адкрытай Расеі», у аддзяленнях паліцыі Пецярбурга апынуліся 326 чалавек. У дачыненні да большасці затрыманых склалі пратаколы аб адміністрацыйным правапарушэнні паводле артыкула 8.6.1 КаАП Пецярбурга (парушэнне каранавіруснага заканадаўства).

Да 19-й падаспела навіна пра першую крымінальную справу паводле вынікаў суботніх пратэстаў: паводле паведамлення пецярбургскага СК, блізу 14:30 на Сенацкай плошчы невядомы напаў на двух інспектараў ДПС, якія ахоўвалі грамадскі парадак, і нанёс ім удары па твары і галаве.

Але самы вялікі рэзананс у сеціве выклікала відэа з Пецярбурга, апублікаванае выданнем Baza: на Неўскім праспекце жанчына пытаецца ў паліцыянтаў, за што быў затрыманы малады чалавек – і ў адказ атрымлівае ўдар каленам у жывот. У МУС паспяшаліся запэўніць, што ўжо «вывучаюць» гэты эпізод.

Сярод затрыманых у горадзе на Няве – вялікая колькасць журналістаў – усе яны мелі пры сабе пасведчанне і рэдакцыйнае заданне.

Так, у аўтазаках у гэты вечар апынуліся карэспандэнты Sota Vision, 47news, «Коммерсанта», «Медузы», TJ і іншых выданняў. А журналіста «Эхо Москвы» ў Пецярбургу Арсенія Весніна паліцыя «прыняла» проста падчас эфіру.

Напісаць каментар 19

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках