19 красавiка 2024, Пятніца, 7:27
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«У расейскай улады няма добрых варыянтаў выхаду з сітуацыі»

23
«У расейскай улады няма добрых варыянтаў выхаду з сітуацыі»
Фото: Reuters

Крэмль напалоханы маштабам народных пратэстаў у Расеі.

У акцыях у падтрымку апазіцыйнага палітыкa Аляксея Навальнага, якія ўчора прайшлі па ўсёй Расеі, удзельнічала як мінімум 110 тысячаў чалавек.

Палітолаг Мікалай Пятроў у эфіры "Настоящего времени" разважае пра тое, чаму так шмат людзей выйшла на пратэсты, і ў рэгіёнах у тым ліку, і якую ролю ў пратэставым руху могуць згуляць школьнікі і студэнты.

Зрухі ў настроях грамадзянаў вельмі моцна абмяжоўваюць час і магчымасць для ўлады дзейнічаць так жорстка, як яна хацела б, мяркуе Мікалай Пятроў.

– Гледзячы на кадры з Масквы і іншых расейскіх рэгіёнаў, вы можаце ацаніць увогуле маштаб? Ці даўно вы бачылі тое, што адбывалася, асабліва ў расейскіх рэгіёнах – так шмат людзей выйшла?

– Мне здаецца, што гэта супастаўна, хоць і менш пакуль з зразумелых прычынаў у маштабе, з масавымі акцыямі 2017 года пасля фільма пра Дзімона. І зразумела чаму. Улада вельмі жорстка сёння цісне на людзей. Прынятыя шматлікія законы, якія дазваляюць вельмі жорстка караць. Ужытыя ўсе захады, не кажучы ўжо пра тое, што ідзе эпідэмія. І тое, што мы бачым такую вялікую, а галоўнае, у самых розных рэгіёнах колькасць людзей, якія выйшлі, гэта, вядома, паказнік таго, як змяняецца стаўленне грамадзянаў да ўлады, і да прэзідэнта асобна.

– А ўлада сама напалоханая, як вам здаецца?

– Я думаю, яна вельмі напалоханая, і праблема ў тым, што ў яе няма добрых варыянтаў выхаду з сітуацыі. Мы можам [казаць] пра поўнамаштабны палітычны крызіс, а вось як з яго выйсці?.. Адна справа – прыняць закон аб імунітэце прэзідэнта і былога прэзідэнта, які дазваляе фактычна пазбавіць яго ад любых пакаранняў за любыя злачынствы, учыненыя да, падчас і пасля таго, як ён сыходзіць з офіса.

Зусім іншая справа – правесці палітычную трансфармацыю, якую ўлада сёння праводзіць, сутыкаючыся з рэзкім падзеннем даверу да лідара.

– Цяпер улада робіць усё, каб не дапусціць на гэтыя акцыі школьнікаў і студэнтаў. Вы разумееце, чаму менавіта гэтая катэгорыя грамадзянаў Расеі цяпер пад такім пільным кантролем?

– Мне здаецца, якраз з 2017 года ўлада вельмі ўважліва сочыць за гэтай групай, і ў тым ліку таму, што, з аднаго боку, яна найменш кіраваная, а з другога боку, ужываць супраць яе жорсткую сілу – гэта небяспечна для самой улады. І тое, што мы бачым сёння, гэта той баланс выдаткаў і выгодаў для сябе, які ўлада ў сённяшняй сітуацыі можа знайсці. Зразумела, што жорсткія захады з боку спрыяюць таму, каб мінімізаваць колькасць пратэстоўцаў. З іншага боку, яны могуць згуляць ролю дэтанатара, што мы бачылі зусім нядаўна, скажам, у Беларусі.

– Увогуле наколькі сур'ёзную ролю ў гэтым усім пратэсце гуляюць школьнікі? Ці трэба надаваць такое палітычнае значэнне самім нават відэа з TikTok?

– Я думаю, яны згуляюць значную ролю, таму што ў школьнікаў ёсць бацькі, бабулі і дзядулі і ў дачыненні да іх не дзейнічаюць звычайныя метады. З аднаго боку, яны не глядзяць тэлевізар, таму ім нельга "прамываць мазгі", як гэта можна рабіць з дарослымі.

З іншага боку, жорстка душыць іх выхад на вуліцу ўлада таксама баіцца, таму што гэта будзе імгненнай рэакцыяй ужо з боку бацькоў і дарослых. Гэта мы бачылі, скажам, у Кіеве, калі жорсткі ўціск выступу студэнтаў паслужыў каталізатарам і рэзка ўзмацніў пратэставы рух на Майдане ў свой час.

– Ці не падаецца вам, што цяпер гэтыя распачатыя справы аб ублытванні падлеткаў у пратэст – нават яшчэ не ў дачыненні да канкрэтных асобаў, а проста сам факт, што іх распачынаюць, – потым пад гэтыя ўжо распачатыя справы будуць, калі так можна сказаць, прэсаваць усіх прыхільнікаў Навальнага?

– Так, напэўна, такі план ёсць. І больш за тое, мы бачым, як ён рэалізуецца. Пытанне ў тым, колькі ва ўлады часу для таго, каб ужываць так, як яна гэта хоча, тыя рэпрэсіўныя законы, якія былі прынятыя ў тым ліку і зусім нядаўна. І тыя зрухі ў настроях грамадзянаў, якія відавочныя хоць бы з каласальнай колькасці праглядаў фільма Навальнага, вельмі моцна абмяжоўваюць час і магчымасць для ўлады дзейнічаць так жорстка, як яна хацела б.

Напісаць каментар 23

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках