24 красавiка 2024, Серада, 2:11
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Падліковая палата заявіла пра пагрозу дэфіцыту прадуктаў у Расеі

18
Падліковая палата заявіла пра пагрозу дэфіцыту прадуктаў у Расеі
Фота: CORBIS

Спроба затармазіць інфляцыю паводле рэцэптаў СССР можа прывесці эканоміку да класічнай савецкай хваробы.

Спроба затармазіць інфляцыю паводле рэцэптаў Савецкага саюза - шляхам жорсткага дзяржрэгулявання коштаў - можа прывесці эканоміку да класічнай савецкай хваробы - дэфіцыту.

З такім папярэджаннем у панядзелак выступіла Падліковая палата РФ у штотыднёвым «Эканамічным маніторынгу», піша finanz.ru.

«Замарожванні» аптовых і раздробных коштаў, якія ўжо закранулі цукар і сланечнікавы алей, а ў найбліжэйшай будучыні могуць распаўсюдзіцца на макароны, яйкі і бульбу, накіраванае «на падтрыманне нізкадаходных груп насельніцтва, у якіх высокая доля выдаткаў на харчаванне», канстатуюць экспэрты ПП.

«У той жа час такі крок нясе ў сабе сістэмныя рызыкі. Па-першае, гэта імавернасць узнікнення дэфіцыту тавараў, якія трапілі пад цэнавыя абмежаванні», - папярэджвае ўстанова.

Механізмаў, якія прыводзяць да пустых паліц у крамах, можа быць некалькі. Па-першае, вытворцам можа быць не выгадна прадаваць сваю прадукцыю ўстаноўленымі коштамі, а прапанаванай кампенсацыі будзе недастаткова, каб кампенсаваць страчаны прыбытак. У сувязі з гэтым бізнэс будзе перанакіроўваць таварныя плыні на экспарт ці на склад, у чаканні скасавання замарожвання коштаў.

«Акрамя таго, існуе імавернасць узнікнення ажыятажнага попыту на тавары зніжанымі коштамі, што справакуе дэфіцыт і будзе падахвочваць гандлёвыя сеткі і вытворцаў падымаць кошты, насуперак узятым на сябе абавязкам. Па-другое, пасля скасавання абмежаванняў ёсць рызыка таго, што кошты вернуцца да росту паскоранымі тэмпамі», - пералічваюць у Падліковай палаце.

У сярэдзіне снежня, нагадаем, улады ўвялі гранічныя аптовыя і раздробныя кошты цукру і сланечнікавага алею: 36 і 46 рублёў за кг і 95 і 110 рублёў за літр адпаведна.

У студзені Мінсельгаспадаркі РФ даручыла рэгіёнам правесці нефармальныя перамовы з вытворцам што да макаронаў, яек і бульбы. Намесніца кіраўніка ўстановы Аксана Лут запатрабавала, каб кошты не павышаліся хоць бы цягам першага квартала.

У адваротным выпадку ўрад пойдзе на такія ж захады, як было з цукрам і збажыной - установіць гранічныя раздробныя кошты.

За мінулы год кошты цукру ўзляцелі на 70%, алею - на 24%. Бульба падаражэла на 33%, макароны - на 12%, яйкі - на 15%.

Агульная харчовая інфляцыя паскорылася да 6,7% і стала рэкорднай за 4 гады.

З дапамогай устанаўлення максімальных коштаў сацыяльна значных тавараў дзяржава спрабуе змагацца з збядненнем насельніцтва, кажа галоўная эканамістка «Альфа-банка» Наталля Арлова: «Пастановы аб абмежаванні росту коштаў проста кажуць пра тое, што ва ўрада няма дастаткова эфектыўных інструментаў, каб надаць адрасную дапамогу насельніцтву з нізкімі даходамі, і даводзіцца задзейнічаць кантроль за коштамі, каб прадухіліць значнае падзенне ўзроўню жыцця гэтых хатніх гаспадарак».

Напісаць каментар 18

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках