25 красавiка 2024, Чацвер, 14:39
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Financial Times: На пратэстах у Расеі чуваць рэха Беларусі

5
Financial Times: На пратэстах у Расеі чуваць рэха Беларусі

Крэмль недаацаніў узровень падтрымкі Навальнага.

Выпадковы назіральнік на Пушкінскай плошчы ў Маскве ў суботу мог папросту зблытаць выгляд падзей з тымі, якія апошнія пяць месяцаў не сціхаюць у суседняй Беларусі. Адзін з удзельнікаў пратэстаў узняў бел-чырвона-белы сцяг.

Іншыя скандавалі: «Жыве Беларусь!». Аўтамабілісты сігналілі і ўключалі на ўсю песню «Перамен» гурта «Кіно». Паліцыя ў балаклавах, з дубінкамі і ў поўнай ахове біла людзей. Гэтыя збіцці трапілі на відэа, якія шырока распаўсюджваліся ў Twitter і Telegram, - піша Financial Times (пераклад - unian.net).

Выданне піша, што на пратэсты ў Расеі выйшлі блізу 40 тысяч чалавек у Маскве і тысячы ў 110 іншых гарадах па ўсёй краіне. У іх не проста адчуваўся прысмак Менска. Раптоўная ўспышка антыўрадавых настрояў усяго толькі за некалькі хвілін хады ад Крамля паставіла Расею ў цяжкае становішча, у якім апынуўся і Лукашэнка. Калі дэманстрацыі ў Беларусі абвастрыліся, беларускі аўтакрат папрасіў Расею адправіць сваю паліцыю на дапамогу. Ён сцвярджаў, што «калі Беларусь упадзе, Расея будзе наступнай». Баючыся настроіць беларусаў супраць Масквы, Уладзімір Пуцін адхіліў гэтую просьбу.

Але пасля таго, як арышт апазіцыйнага актывіста Аляксея Навальнага справакаваў суботнія пратэсты - самыя маштабныя антыпуцінскія мітынгі за шмат гадоў – праз свае ўласныя жорсткія паводзіны Крэмль рызыкуе няправільна ацаніць настроі людзей. Ён можа тым самым легітымізаваць агульнанацыянальны рух супраць сябе, гэтак жа як гэта зрабіў Лукашэнка.

Паліцыя затрымала 3345 чалавек у суботу, пра што сведчаць падлікі OVD-Info. У незалежнай арганізацыі кажуць, што арышты былі рэкорднымі. На суботніх пратэстах расейцы ўпершыню за ўвесь час кіравання Пуціна спрабавалі прарвацца праз барыкады, вызваліць затрыманых ці ж кідалі снежкі, каб прымусіць паліцыю адступіць. Дзяржаўныя СМІ паведамляюць, што прыкладна 40 паліцыянтаў былі параненыя.

«Раней ніхто і не думаў, што такое можа адбыцца, сапраўды як у Беларусі. Але ўздым пратэстнай актыўнасці сведчыць пра тое, што вялікая колькасць людзей не задаволеныя ўрадам. Людзі выйшлі не падтрымаць Навальнага, а таму што стаміліся ад карупцыі і дрэннага кіравання», - сказаў старшы навуковы супрацоўнік маскоўскага Цэнтра Карнэгі Андрэй Калеснікаў.

44-гадовы антыкарупцыйны актывіст Аляксей Навальны быў арыштаваны на мінулым тыдні пасля вяртання з Нямеччыны, дзе ён лячыўся пасля атручвання хімічнай зброяй «Навічок». Выданне піша, што замах на яго быў учынены на загад Крамля. Цяпер Навальнаму пагражае да 13,5 гадоў зняволення паводле двух асобных абвінавачванняў. Ён сцвярджае, што гэта пакаранне за ягоную дзейнасць.

Нягледзячы на пагрозы рэпрэсіямі з боку службаў бяспекі, прыхільнікі Навальнага заклікаюць людзей выйсці на новыя пратэсты ў наступныя выходныя.

«Мы ведаем, што нам трэба зрабіць, ведаем, чаго хочам і ўпэўненыя, што зможам выцягнуць яго. Відавочна, вяртанне Аляксея паставіла Пуціна перад непрыемным выбарам. Альбо ён яго арыштуе, альбо не. І абодва варыянты дрэнныя для яго», - сказаў Леанід Волкаў, які кіруе рэгіянальнай сеткай Навальнага з Вільні.

Але інфармацыя з суботніх пратэстаў указвае на пэўныя змены. Аляксей Захараў узначальвае групу валанцёраў маніторынгавай групы, якая правяла 359 інтэрв'ю ў Маскве. Звесткі паказалі, што 42% тых, хто быў на вуліцах, ніколі раней не ўдзельнічалі ў пратэстах. І амаль палова з іх былі жанчынамі.

«Адзін з аспектаў, агульных з Беларуссю, - гэта, як бачыце, выхад на вуліцы моладзі, што дае прыліў энэргіі і запалу. З'явіліся маладзёны, якім ужо ўсё адно і якія паступова адыходзяць ад калектыўнай нацыянальнай прыхільнасці да статус-кво, настальгіі і стабільнасці», - сказаў дырэктар фірмы GPW Філіп Уормен.

Паплечнікі Навальнага спадзяюцца, што дэманстрацыя падтрымкі пераканае Крэмль адпусціць яго. У 2013 годзе Навальнага прысудзілі да 5,5 гадоў зняволення паводле абвінавачанняў у махлярстве. Але акцыя пратэсту ля сцен Крамля, на якую выйшлі 7 тысяч чалавек, прымусіла суд адкласці прысуд на наступны ж дзень. У 2019 годзе пратэсты ў Маскве дамагліся вызвалення журналіста Івана Гадунова, арыштаванага паводле абвінавачванняў у гандлі наркотыкамі. У паліцыі пазней прызналі, што гэтыя абвінавачванні былі сфальсіфікаваныя.

Але на гэты раз Крэмль, здаецца, больш рашуча настроены прыбраць Навальнага з палітычнага поля. Дзяржаўная тэлевізія ўвесь час кажа пра тое, што ўдзельнікі пратэстаў учынілі «зверствы» супраць паліцыі, а таксама нібыта выкарыстоўваюць «тэхналогіі Майдана», распрацаваныя выведкай ЗША. Гэта паўтарае патрабаванне Лукашэнкі, які абвінавачваў замежныя сілы ў выкарыстанні пратэстаў у Беларусі як «гарматнае мяса» супраць ягонага рэжыму.

У сваю чаргу, Калеснікаў мяркуе, што памылкай Крамля была «недаацэнка ўзроўню падтрымкі Навальнага».

«Калі людзі ўбачылі ў жывым эфіры, што адбываецца з Навальным, а затым фільм пра палац Пуціна, гэта справакавала моцны эмацыйны імпульс, які прымусіў іх выйсці на вуліцы», - сказаў экспэрт Маскоўскага Цэнтра Карнэгі.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках