25 красавiка 2024, Чацвер, 2:58
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Вялікія пратэсты вернуцца

3
Вялікія пратэсты вернуцца
ФОТА: НАША НІВА

Рэжым цалкам страціў легітымнасць і давер нават у эшалоне чыноўнікаў.

Пратэстны патэнцыял у Беларусі застаецца вельмі высокім. Пра гэта ў інтэрв'ю «Радыё Свабода» заявіў дырэктар інстытута «Палітычная сфера», доктар палітычных навук Андрэй Казакевіч:

- Застаецца праблема легітымнасці і даверу да ўлады, імідж праваахоўных органаў на мінімуме за ўсю гісторыю незалежнай Беларусі. Мы не можам нават сказаць, што і ўнутры сістэмы ўсе задаволеныя - няма падвышэння заробкаў для бюджэтнікаў. Няма відавочных выгод для тых, хто змагаўся з пратэстамі, я маю на ўвазе другі эшалон, грамадзянскіх чыноўнікаў. Праца іх няўдзячная, людзі да іх пачалі ставіцца горш.

Я трымаюся думкі, што перамены прыйдуць, можа, пачакаць іх трэба будзе трохі даўжэй.

- Паўночная Карэя трымаецца амаль у татальнай блакадзе. На Кубе заробкі былі па пяць даляраў на месяц, а рэжым трымаўся 50 гадоў. За што зачапіцца аптымісту? Чаму Беларусь не Куба і не Карэя?

- Усё ж на Кубе і ў Паўночнай Карэі большасць падтрымлівае рэжымы. Цяжка знайсці прыклады, калі меншасць утрымліваецца пры ўладзе з дапамогай вайсковай сілы. Хіба што рэжымы, якія існавалі 50 гадоў таму. Можа, апошні відавочны прыклад Бірма, ці некаторыя рэжымы ў Афрыцы.

Вы правільна заўважылі, што Беларусь - не Куба і не Паўночная Карэя. Наша краіна значна больш адкрытая і значна больш вымушаная звяртаць увагу на тое, што пра яе гавораць і на Захадзе, і ў Расеі.

Што тычыцца аптымізму... Я кажу, што сістэма так ці інакш будзе мяняцца.

Калі ты не маеш легітымнасці, гэта патрабуе вялікіх фінансавых укладанняў, гэта зніжае эфектыўнасць працы і магчымасці зарабляць. Гэта зніжае матывацыю людзей працаваць на дзяржаўнай службе, на дзяржаўных прадпрыемствах. Зніжаецца матывацыя бізнэсу інвеставаць у краіну, і замежнага бізнэсу - прыходзіць у яе. Гэта і сталае памяншэнне магчымасцяў атрымліваць вонкавае фінансаванне. Мала хто хоча фінансаваць краіны з нестабільнай палітычнай сістэмай.

Дарэчы, гэта ўпершыню з 2008 года (калі Беларусь пачала адкрывацца), што Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця перастае рэалізоўваць праекты ў Беларусі.

Таксама і на Усходзе ўсё неадназначна. Грошай, якія дала Расея, відавочна недастаткова, і няма адчування, што іх плынь адтуль павялічыцца.

Развязанне ўсіх гэтых праблем без ліквідацыі палітычнага крызісу, на маю думку, немагчымае.

- Ці вернуцца вялікія пратэсты?

- Я думаю, што актывізацыя пратэстнай актыўнасці будзе, уключаючы рэгіянальны ўзровень. Будуць вялікія маршы.

Я думаю так, разважаючы па аналогіі. Мы памятаем 1996 год, калі адбылася мабілізацыя, якая прадаўжалася да 1999 года.

Таму я думаю, што нешта ўсё ж будзе адбывацца. Тым больш што эканамічная і палітычная сітуацыя ніяк не развязваецца.

Але прадказваць гэта складана. Як ніхто не мог прадказаць, што здарыцца гэта маштабная, эпахальная падзея ў беларускай гісторыі - пратэсты 2020 года, якія трывалі тры месяцы ў вельмі шырокім маштабе.

Тут мае месца і яшчэ адзін феномен: з'яўленне новых медыяў і падзенне рэйтынгу дзяржаўнай тэлевізіі.

- Наколькі важным будзе вонкавы націск? Ці можна спадзявацца, што Захад пасля калядных канікул, разгортвання вакцынацыі і выхаду з локдаўна актывізуе эканамічны і палітычны ціск на Беларусь у 2021 годзе?

- Санкцыі 2020 года даволі адчувальныя. Улады Беларусі разлічвалі на праекты Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця і Еўрапейскага інвестыцыйнага банка. Відавочна, будзе спыненае супрацоўніцтва і з Сусветным банкам.

Дадайце сюды і спад турызму ў выніку пандэміі ды палітычнага крызісу. Людзей будзе прыязджаць значна менш. А турызм у 2019 годзе даваў амаль 250 мільёнаў даляраў.

Гэты эканамічны ціск можа быць нават больш адчувальным, чым ціск дыпламатычны.

Разам з тым тыя санкцыі, якія былі ўведзеныя летась, павінны даць вынік сёлета.

Адпаведна, ва ўлады можа ўзнікнуць патрэба ўнутрыпалітычнай дээскалацыі і нацыянальнага дыялогу, без якіх цяжка будзе знайсці вонкавыя рэсурсы нават ад Расеі, не кажучы ўжо пра Захад. Усё гэта немагчыма без стабілізацыі ўнутрыпалітычнай сітуацыі.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках