19 красавiка 2024, Пятніца, 8:49
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Таццяна Севярынец: Паша не здасца ні пры якіх абставінах

4
Таццяна Севярынец: Паша не здасца ні пры якіх абставінах
ТАЦЦЯНА СЕВЯРЫНЕЦ
ФОТА: «Радыё Рацыя»

Палітвязень падтрымлівае ўсіх, хто змагаецца на волі.

Маці палітвязня Паўла Севярынца Таццяна Севярынец расказала «Народнай Волі» пра тое, што адбываецца з яе сынам.

Нагадаем, што Павал Севярынец быў затрыманы 7 чэрвеня летась. Яго змясцілі ў ізалятар на Акрэсціна, потым адбылося некалькі судоў, якія дадавалі палітыку ўсё новыя суткі адміністрацыйнага арышту. Севярынец павінен быў выйсці на волю 21 жніўня, але напярэдадні стала вядома, што на яго завялі крымінальную справу.

Палітык абвінавачваецца паводле артыкула «Арганізацыя масавых беспарадкаў». 24 снежня стала вядома, што Паўлу Севярынцу прадоўжылі тэрмін утрымання пад вартай да 20 лютага 2021 года.

Тым часам пад рэпрэсіі трапілі і блізкія Паўла...

– Пачынаючы з зімы мінулага года, калі праходзілі пратэсты супраць інтэграцыі з Расеяй, мне неаднаразова выпісвалі штрафы – кажа Таццяна Севярынец, маці палітвязня. – Дакладна не падлічвала, але недзе блізу 3000 рублёў прысудзілі заплаціць.

Пасля выбараў таксама, здаецца, тры разы штрафавалі. Даходзіла да абсурду. 30 жніўня я і мой муж разам з блогеркай Аленай Янушкоўскай з лоджыі сваёй кватэры віталі бел-чырвона-белым сцягам калону ўдзельнікаў акцыі салідарнасці. У выніку мяне аштрафавалі на 675 рублёў за «пікет на лоджыі».

А не так даўно спрабавалі судзіць яшчэ паводле адной абсурднай справы. 13 студзеня ў Віцебску мы пайшлі з сяброўкамі ў лес на шпацыр, дзе нас міліцыя і затрымала. Праўда, суд не знайшоў у маіх дзеянняў складу злачынства.

– Вы абскардзілі судовыя пастановы?

– Калі давалі штраф, то абскардзіла абсалютна кожную пастанову. Абскардзіла нават затрыманне ў лесе, бо трымаць у міліцыі восем гадзінаў жанчынаў сталага веку без ежы – гэта проста здзек.

А цяпер напісала ў міліцыю заяву, у якой прашу дазволіць дзесяці пенсіянеркам шпацыр у лесе 7 лютага. Удакладніла, што шпацыраваць будзем са скандынаўскімі палкамі ў руках цягам дзвюх гадзінаў. Адказ яшчэ не атрымала.

– Вы столькі гадоў адпрацавалі педагогам... Па школе не сумуеце?

– Шчыра кажучы, я ўжо забылася, што гэта такое, хоць у сённяшняй школе наўрад ці змагла б працаваць. І так мяне цярпелі, таму што газеты пад прымусам я не выпісвала, абараняла дзяцей, калі бачыла, што на іх ідзе незаслужаны ціск.

Я ніколі ні на каго не азіралася. І мяне ўсё роўна выкінулі б са школы, таму што я не гэтай сістэмы чалавек. Ганну ж, сястру Паўла, таксама вымусілі звольніцца са школы. Маўляў, настаўнік не мае права крытыкаваць уладу.

– Піша вам Павал?

– Піша, хоць ведаю, што мае лісты не ўсе даходзяць да яго. Я не стрымліваю сябе ў эмоцыях і не азіраюся на цэнзараў, а таму, мабыць, рызыкую, што сынок не атрымае нейкі ліст. Хоць ён, безумоўна, разумее, што я яму ўвесь час пішу. І ён нам піша, таму што ведае, што мы чакаем вестак ад яго.

Паведаміў, што шмат чытае, шмат нам задае пытанняў і нават дае некаторыя заданні, што трэба зрабіць. Паша заўсёды быў чалавекам справы, і ён не здасца ні пры якіх абставінах. І, зразумела, падтрымлівае нас.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках