25 красавiка 2024, Чацвер, 6:30
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Расейскі палітолаг: Выглядае Лукашэнка даволі бледна

16
Расейскі палітолаг: Выглядае Лукашэнка даволі бледна
Фота: ТАСС

Прыклад беларусаў вельмі моцна натхняе людзей у РФ.

Беларускі сцэнарый масавага тэрору - небяспечны шлях для Расеі і наўрад ці расейскія ўлады на яго пагодзяцца, мяркуе расейскі палітолаг і грамадскі дзеяч Фёдар Крашэніннікаў.

- Тое, што для Пуціна гэты год не будзе простым, тое, што пратэст паказаў, наколькі моцны раскол у грамадстве, наколькі маладыя грамадзяне Расеі адрозніваюцца ў сваіх поглядах на Пуціна ад паджылых, - гэта, вядома, ужо не схаваць назад. З гэтым давядзецца жыць і з гэтым улада будзе змагацца, - заявіў палітолаг у эфіры «Маланка Медыя».

Ён упэўнены, што для здушэння пратэстаў расейскія сілавікі толькі часткова запазычыць «беларускія метады».

- Беспакаранасць і пэўная «адмарожанасць» беларускіх сілавікоў звязана акурат з тым, што за спінай Лукашэнкі стаіць Пуцін і Расея. Таму яны так сябе паводзяць. За спінай Расеі ніхто не стаіць, і давесці сітуацыю ў нас да беларускага сцэнару Пуцін, вядома, не хоча. Яму страшна, бо на дапамогу Лукашэнку прыйдзе Пуцін, а хто прыйдзе на дапамогу Пуціну?

Яны шукаюць варыянты і адзін з іх - гэта арыштаваць арганізатараў пратэсту. Гэта значыць, яны думаюць, што людзі выходзяць на пратэст, бо хтосьці канкрэтна ходзіць і сілком або ўпрошваннем, ці за грошы выганяе іх.

Адпаведна, калі яго нейтралізаваць, то ніякага пратэсту не будзе. У іх ёсць такая тэорыя. Яны яе правяралі ў гэтыя выхадныя, нейтралізавалі паплечнікаў Навальнага і думалі, ніхто не выйдзе. Але, як мы бачым, гэта не моцна дапамагло.

Беларускі сцэнар жа прадугледжвае не толькі рэпрэсіі супраць арганізатараў, але і масавы хапун людзей на вуліцах са збіццём у міліцэйскіх установах.

Пакуль у Расеі такога няма, каб людзей масава хапалі і везлі ў нейкія «Акрэсціна» і там іх катавалі. На такое яны пакуль яшчэ не гатовыя, не наважваюцца, бо гэта небяспечны шлях, і яны гэта разумеюць.

Тым больш, што занурыць сітуацыю ў чыста суцэльны гвалт, як мы бачым у Беларусі, не дапамагае. Там людзі зноў і зноў выходзяць пратэставаць, і выглядае Лукашэнка даволі бледна.

Трэба яшчэ разумець, што Лукашэнка свае выбары скончыў, а ў Пуціна ў гэтым годзе выбары ў Дзярждуму, і яму трэба іх неяк праводзіць. Калі да восені сітуацыя пагоршыцца, то якія ўжо тут выбары.

Я думаю, што Пуцін вельмі моцна хоча скончыць усю гэтую гісторыю як мага хутчэй, каб да выбараў усё было спакайней. І яны будуць спрабаваць шукаць для гэтага ўсе варыянты, у тым ліку і пугай, і пернікам. Але па сілавым беларускім сцэнары не пойдуць, бо яны гэтага самі баяцца і не вельмі да гэтага гатовыя.

Беларусь не вельмі вялікая краіна, у параўнанні з Расеяй. Паспрабуйце адначасова зладзіць масавы тэрор у 122 населеных пунктах! Для гэтага трэба мець зусім іншыя карныя органы, якіх, на шчасце, у Пуціна няма і не будзе, - адзначыў Крашэніннікаў.

Нягледзячы на розныя лініі паводзін уладаў, на ягоную думку, пратэсты ў дзвюх краінах, калі яны працягнуцца сінхронна, яшчэ больш зблізяць нашы народы.

- Мы бачылі, што людзі ў Хабараўску натхняліся беларусамі, а беларусы слалі прывітанне Хабараўску. Суботняя акцыя ў Расеі была сустрэтая з вялікім разуменне народам Беларусі.

Беларусы вельмі добра разумеюць нас. Я заўсёды кажу, што ў Еўропе ёсць два народы, якія цяпер блізкія адзін да аднаго як ніколі - гэта расейцы і беларусы. Таму што гэта два народы, якія жывуць ва ўмовах цалкам агідных дыктатур, якія не ідуць ні ў якое параўнанне паводле сваёй падступнасці нават з тым, што спрабаваў ва Украіне зрабіць Януковіч.

Пратэст супраць такіх рэжымаў - гэта зусім не тое, што пратэст супраць Януковіча, калі былі апазіцыйныя каналы, апазіцыйныя дэпутаты Рады, апазіцыйныя абласныя адміністрацыі, апазіцыйныя алігархі. Ні ў Расеі, ні ў Беларусі нічога гэтага няма, і сітуацыя з пратэстам значна больш цяжкая і небяспечная, чым гэта было ва Украіне і ў іншых краінах.

Людзі моцна рызыкуюць. Прыклад беларусаў вельмі моцна натхняе людзей у Расеі, таму што яны бачаць, што можна супраціўляцца нават у такой цяжкай сітуацыі пасля амаль 30 гадоў жудаснага лукашэнкаўскага вар'яцтва. Ну, а беларусы натхняюцца, калі бачаць, што ў Расеі, пад гэтым свінцовым пуцінскім небам, людзі спрабуюць нешта рабіць, спрабуюць супраціўляцца.

Я спадзяюся, што два нашыя народы, два нашыя пратэсты, яны будуць ісці побач, і ў гэтым сэнсе мы адзін аднаму значна бліжэйшыя. Таму што народы збліжаюць не цырымоніі з нагоды Дня Перамогі, а паразуменне на больш глыбокім узроўні - тое, што мы зараз назіраем, - кажа публіцыст.

Менавіта сінхроннасць пратэстаў, мяркуе ён, можа стаць фатальнай для кіраўнікоў дзвюх краін.

- З аднаго боку, Пуцін зараз на сабе адчувае тое, што адчувае Лукашэнка, яму ўсё гэта не падабаецца, і тэарэтычна ён можа сказаць «калі так - будзем дапамагаць Лукашэнку мацней і дамо яму яшчэ больш грошай».

З іншага боку, калі сітуацыя ў Расеі будзе пагаршацца і станавіцца яшчэ цяжэйшай для Пуціна, то цалкам можа быць, што ён плюне на Лукашэнку, і скажа «сваіх праблем шмат, толькі цябе не стае».

Усё залежыць ад таго, як будзе развівацца сітуацыя і ў Расеі, і ў Беларусі. Калі рэжым Лукашэнкі пачне раскідвацца, а ў гэты час у Расеі будуць свае ўласныя пратэсты, то Пуціну, вядома, будзе не да Лукашэнкі, ён будзе ратаваць сябе, - упэўнены Крашэніннікаў.

Напісаць каментар 16

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках