25 красавiка 2024, Чацвер, 19:26
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Матэматыку вядзе настаўнік ангельскай, а хімію – фізрук»

18
«Матэматыку вядзе настаўнік ангельскай, а хімію – фізрук»
ІЛЮСТРАЦЫЙНАЕ ФОТА

Бацькі расказалі пра сітуацыю ў менскіх школах.

З аднаго боку, другая хваля каранавірусу практычна не кранула школаў: «дыстанцыйнага навучання» ў нас няма, большасць дзяцей ходзіць на заняткі. Але адукацыйны працэс усё роўна пакутуе, піша rebenok.by.

Настаўнікі бесперапынна хварэюць і замяняюць адзін аднаго, расказваюць бацькі.

«Урокаў беларускай мовы няма ўвесь год!»

Ірына, маці вучня пятага класа ў адной з менскіх школаў (Ленінскі раён), скардзіцца на няспынныя замены праз хваробу настаўнікаў, але асабліва яе турбуюць урокі беларускай мовы і літаратуры.

З словаў мамы, настаўніца гэтых прадметаў двойчы сыходзіла на доўгія бальнічныя ў першай чвэрці, чаму прапала вельмі шмат заняткаў. У другой чвэрці дзеці ўвогуле практычна не бачылі настаўніка.

– Яна захварэла на каранавірус. Больш за месяц правяла ў рэанімацыі, цяпер яе перавялі ў аддзяленне пульманалогіі, і ёй яшчэ патрэбная будзе доўгая рэабілітацыя. Убачым мы настаўніцу відавочна не хутка. Але ўся праблема ў тым, што ў школе няма каму яе замяняць. У нашых дзяцей, можна сказаць, сёлета ўвогуле не было ўрокаў беларускай мовы і літаратуры. Кожны раз прыходзіць нейкі настаўнік (незалежна ад таго, які прадмет ён вядзе ў школе), не тлумачачы тэму, дае заданне на ўрок або самастойную працу.

Бывае, што настаўнік увогуле не прыходзіць і дзяцей просяць пасядзець ціхенька. Адпаведна яны гуляюць увесь урок у тэлефонах. Падобная сітуацыя бывае і на іншых прадметах, кажа Ірына.

Матэматыку замяняе настаўнік ангельскай, гісторыю – настаўнік хіміі або біялогіі і гэтак далей.

– Але гэта хутчэй адзінкавыя выпадкі. Самая вялікая праблема ў нас – урокі беларускай мовы. Іх рэальна няма ў дзяцей увесь год!

«Настаўнік на замене не тлумачыць новы матэрыял»

Марына кажа, што ў дзіцяці-пяцікласніка ў гімназіі (таксама Ленінскі раён г. Менска) захварэў настаўнік матэматыкі. У выніку школьнікі вельмі моцна адсталі ў праграме, нягледзячы на замены.

– Новы настаўнік увогуле перастаў тлумачыць матэрыял. І, адпаведна, у новых тэмах дзеці зусім не ведаюць, як рашаць задачы. У нашых падручніках матэматыкі правілы выкладзеныя не вельмі зразумела, таму дзецям бывае цяжка самім разабрацца з матэрыялам. Пры гэтым настаўнік на замене рэгулярна дае кантрольныя, самастойныя і выклікае да дошкі. На пытанні дзяцей, як рашаць тую ці іншую задачу, педагог кажа, каб рашалі, як хочуць, як ім падабаецца і г.д. Каля дошкі была аналагічная сітуацыя: пастаяў, на цябе пракрычалі і паставілі адзінку. Да канца трэцяга тыдня такога навучання ў дзяцей у журнале было мінімум тры ацэнкі ніжэйшыя за тройку.

«То аднаго педагога няма, то іншага»

У адным з менскіх ліцэяў таксама вельмі шмат настаўнікаў хварэе на каранавірус, расказвае Святлана. Часта замяніць педагога на бальнічным няма каму, і вучняў проста адпускаюць з заняткаў.

– Перыядычна месяц адсутнічаюць настаўнікі: то аднаго педагога няма, то іншага, то некалькіх адразу. Навучанне барахліць, а ў адзінаццацікласнікаў сёлета будуць экзамены і ЦT. Урокі замяняюць дрэнна: часам настаўнікі іншых прадметаў падыходзяць да дзяцей, кажуць, якую адкрыць тэму і прачытаць, а потым праводзяць тэст. Але гэта ж не ўзровень ліцэя. Першапачаткова мы паступалі ў ліцэй, каб не браць рэпетытара перад паступленнем у ВНУ, але цяпер займаемся дадаткова матэматыкай і фізікай, бо я мяркую, што таго ўзроўню ведаў, які ёсць цяпер, недастаткова.

«Тры з пяці месяцаў настаўніца правяла на бальнічным»

Дзіця Наталлі пайшло ў першы клас у адну са школаў Фрунзенскага раёна г. Менска. З першай настаўніцай бацькам не пашанцавала: яна ўвесь час знаходзіцца на бальнічным, а на замену кожны раз прыходзяць новыя настаўнікі. Праз гэта пакутуе і дысцыпліна ў класе, і паспяховасць, кажа маці.

– Настаўніца то сама хварэе, то ў яе хварэе дзіця. У выніку з пяці месяцаў яна, напэўна, толькі два месяцы была на працы. Яна нават адкрыта гаварыла, што яе дзіця важнейшае, і яна будзе сыходзіць на бальнічны тады, калі ёй трэба. Бацькі звярнуліся да дырэктара і папрасілі, каб нашаму класу знайшлі прынамсі сталага педагога на замену, таму што кожны раз прыходзіць новы настаўнік, і дзеці адстаюць у праграме. У першым класе яны павінны вывучыць лік ад 10 да 20, а некаторыя яшчэ нават да 10 не ўмеюць лічыць. Калі пытанне не вызначыцца, мы збіраемся пісаць ліст у адміністрацыю.

«На замене настаўнік проста прыглядае за дзецьмі»

Паводле словаў Вольгі, у вядомай менскай гімназіі (Першамайскі раён) настаўнікі хварэюць чаргой, і калі ўрок усё ж праводзіцца, то робіцца гэта фармальна.

– Праз няспынныя замены настаўнік расейскай мовы можа замяняць біялогію, а хімію – фізрук або матэматык. У мінулай чвэрці хварэла настаўніца беларускай мовы і ўрокаў не было зусім. У пачатковай школе знайсці замену яшчэ складаней, і на ўрокі прыходзяць выхавальнікі, але яны проста адбываюць час. Гэта звычайная прадоўжанка: яны фактычна даглядаюць дзяцей і ўсё.

Дачка Марыі вучыцца ў той самай гімназіі, але ў іншым класе. Паводле словаў мамы, настаўнікі паступова вяртаюцца на працу: пік захворвання прыпаў на лістапад – снежань.

– Настаўнік матэматыкі прахварэў усю другую чвэрць, але на вакацыях былі арганізаваныя штодзённыя дадатковыя заняткі, і дачка на іх хадзіла. Знікла беларуская мова, але асабіста нам яна не надта патрэбная. У цэлым у нас моцны клас, недзе і бацькі маглі растлумачыць дзецям новую тэму. Але я ўзяла ў свае рукі пытанне паспяховасці дачкі, таму маё дзіця не адстала. Гімназія ці школа цяпер не можа даць добрай адукацыі ў прынцыпе. І гэта не праблема каранавірусу. Няма педагогаў-прафесіяналаў, прафесія настаўніка не прэстыжная, а навучальная праграма абсалютна бяздарная. Я мяркую, што выратаванне тапельцаў – справа рук саміх тапельцаў.

Напісаць каментар 18

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках