25 лютага 2021, Чацвер, 4:57
Сім сім, Хартыя 97!
Рубрыкі

Дзве траціны расейскай нафты прызналі нерэнтабельнымі

4
Дзве траціны расейскай нафты прызналі нерэнтабельнымі

Ёсць дзве галоўныя праблемы.

Толькі 36% з 30 млрд тон запасаў нафты ў Расеі з'яўляюцца рэнтабельнымі, што звязанае з пагаршэннем умоў асваення і падзеннем якасці запасаў, піша намеснік міністра энэргетыкі РФ Павел Сарокін у артыкуле для часопіса «Энергетическая политика», паведамляе ТАСС.

«Паводле звестак інвентарызацыі эканомікі распрацоўкі радовішчаў, праведзенай на даручэнне ўрада Расеі, з 30 млрд тон здабытых запасаў нафты Расеі толькі 36% з'яўляюцца рэнтабельнымі ў існых макраэканамічных варунках. Гэта звязанае з пагаршэннем магчымасцяў асваення: ростам абваднення, неабходнасцю будаўніцтва дарагіх свідравін складанай канструкцыі, нізкай пранікальнасцю і расчляненне калектараў, здабычай у краявых зонах і пластах з невялікай таўшчынёй і гэтак далей», - растлумачыў Сарокін.

«Усё гэта не толькі павялічвае сабекошт здабычы, але і павышае рызыкі немагчымасці пацвярджэння планаваных паказчыкаў распрацоўкі праз складанасці мадэлявання працэсаў і памылак пры свідраванні, напрыклад, выхадам з прадуктыўнага пласта пры гарызантальным свідраванні. У выніку, паводле некаторых актываў фактычная рэнтабельнасць свідравання можа значна адрознівацца ад планаў, а запасы не пацвярджацца», - падкрэсліў намеснік міністра.

З ягоных слоў, якасць узнаўлення рэсурснай базы таксама пагаршаецца. Сярэдні памер адкрыццяў новых радовішчаў у 2015-2019 гадах склаў 9-14 млн тон (без уліку некалькіх буйных на шэльфе і Паяхскага радовішча). Прырост запасаў у апошнія гады забяспечваецца дадатковай выведкай у дзейных рэгіёнах здабычы, а таксама пераацэнкай запасаў. У асноўным, у традыцыйных рэгіёнах прырост адбываецца за кошт пошуку прапушчаных пакладаў або свідравання на глыбокія гарызонты. Пры гэтым тэхналагічная складанасць геолагавыведкі значна павышаецца.

«Важна разумець, што пропуск перспектыўных пластоў пры выкарыстанні традыцыйных метадаў інтэрпрэтацыі звестак звязаны з іх невялікім памерам і складанасцю пабудовы. Таму неабходна ўжываць зусім новыя тэхналогіі выведкі і мадэлявання актываў», - адзначыў Сарокін.

Такім чынам, пытанне будучыні расейскай нафтаздабыўной галіны звязанае з апераджальным тэхналагічным развіццём і павышэннем эфектыўнасці. «Толькі гэта дазволіць захаваць становішча аднаго з самых нізкіх у сабекошце вытворцаў на сусветнай крывой прапановы нафты», - рэзюмуе намеснік міністра.

Спампоўвайце і ўсталёўвайце мэсэнджар Telegram на свой смартфон або кампутар, падпісвайцеся (кнопка «Далучыцца») на канал «Хартыя-97».