20 красавiка 2024, Субота, 2:03
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Праз каранавірус беларусы пераселі з метро на асабістыя аўто

11
Праз каранавірус беларусы пераселі з метро на асабістыя аўто
ФОТА: BYMEDIA

Знізілася плынь пасажыраў у грамадскім транспарце.

Праз пандэмію каранавіруса ў Беларусі знізіліся аб'ёмы пасажырскіх перавозак. Мабільнасць насельніцтва мяняецца, піша сайт naviny.by.

Пандэмія COVID-19 істотна паўплывала на мабільнасць беларусаў. Паводле інфармацыі сэрвісаў Google, беларусы сталі нашмат радзей наведваць публічныя месцы ў красавіку і траўні - на піку першай хвалі каранавіруса, а таксама ў кастрычніку і лістападзе, калі пачала набіраць сілу другая хваля.

Пасля апытанняў кампаніі Satio, у сакавіку 27% беларускіх гараджан заявіла, што спынілі ці радзей карыстаюцца грамадскім транспартам, у красавіку - 47%. У чэрвені 52,3% рэспандэнтаў паведамілі, што не карыстаюцца грамадскім транспартам або карыстаюцца ім нашмат радзей, чым да каранавіруса, у верасні - 37,7%.

За мінулы год зніжэнне аб'ёмаў перавозак пасажыраў зафіксаванае на ўсіх тыпах транспарту - на 18,6% (да 1 млрд 603,1 млн чалавек). Як сведчаць звесткі Белстата, перавозкі пасажыраў аўтобусамі знізіліся на 16,3% (да 992,7 млн чалавек), электрычным гарадскім транспартам і метрапалітэнам - на 21,5% (да 548,6 млн чалавек), цягнікамі - на 24,7% (да 60 млн чалавек).

Незагружаныя метро

Найбольш папулярны тып транспарту сярод менчукоў - метро, але праз каранавірус ім сталі радзей карыстацца. За мінулы год пасажыраплынь знізілася на чвэрць.

Аб'ём перавозак пасажыраў за 2020 год склаў амаль 219 млн чалавек супраць 294 мільёнаў чалавек у 2019 годзе. Калі ў пазамінулым годзе за дзень менскім метро карысталіся блізу 800 тысяч пасажыраў, у мінулым годзе гэты паказчык знізіўся да 600 тысяч чалавек.

«Мы так мяркуем, што людзі сталі ездзіць менш, бо асцерагаюцца захварэць», - сказаў прэс-сакратар Менскага метрапалітэна Андрэй Дроб.

На прадпрыемстве не бяруцца прагназаваць аб'ёмы пасажыраплыні на гэты год. Усё будзе залежаць ад развіцця сітуацыі з пандэміяй каранавіруса.

«Цяпер на наведвальнасць уплываюць вонкавыя фактары. Са свайго боку мы стараемся ствараць усе ўмовы для камфортнага і бяспечнага перамяшчэння. Мы заўсёды рады бачыць усіх пасажыраў у сваім метро», - адзначыў прадстаўнік Менскага метрапалітэна.

Удзельная вага метрапалітэна ў перавозках камунальным пасажырскім транспартам застаецца па-ранейшаму самай значнай сярод іншых тыпаў гарадскога транспарту і складае 36,4%.

Пераменлівая мабільнасць

Старшыня праўлення Беларускай асацыяцыі экспэртаў і сюрвеераў на транспарце (БАЭС) Юрый Важнік назваў зніжэнне аб'ёмаў пасажырскіх перавозак у грамадскім транспарце Беларусі невялікім у параўнанні з іншымі краінамі.

Да прыкладу, праз пандэмію каранавіруса выкарыстанне грамадскага транспарту ў Алматы знізілася ўдвая. Пры гэтым у былой сталіцы Казахстана менш захворванняў і меншая смяротнасць ад COVID-19.

«У нас зніжэнне склала 15-20%. Гэта няшмат. Гэта значыць, што ў нас сур'ёзнага карантыну не было. У нас людзі добраахвотна адмаўляліся ад паездак на грамадскім транспарце», - сказаў Юрый Важнік.

Згодна з замерамі БАЭС, праз каранавірус у Менску знізілася агульная рухомасць насельніцтва. У той жа час людзі сталі часцей карыстацца асабістымі аўтамабілямі замест грамадскага транспарту.

«Агулам людзі сталі менш перамяшчацца. Калі няма патрэбы, то яны пазбягаюць паездак. Але выкарыстанне асабістых аўтамабіляў вырасла. Раней суадносіны легкавога і грамадскага транспарту ў перавозках пасажыраў былі прыкладна 55 на 45. Цяпер амаль дзве траціны паездак здзяйсняюцца на легкавым транспарце», - адзначыў экспэрт у транспартнай сферы.

З ягоных прагнозаў, з часам аб'ёмы пасажырскіх перавозак часткова адновяцца, але так, як раней, ужо не будзе. Мабільнасць насельніцтва зменіцца.

Многія паслугі ўжо перавялі ў онлайн-фармат, а адукацыя становіцца дыстанцыйнай, таму няма патрэбы наведваць тыя ж дзяржаўныя ўстановы.

«Цяпер грамадскі транспарт саступае легкавому не толькі ў камфорце, але і ў бяспецы. Гэта зменіць расклад», - сказаў Юрый Важнік.

Напісаць каментар 11

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках